Шчасце жыць пад мірным небам

Общество

IMG_1078

Уладзімір Уладзіміравіч і Еўдакія Пятроўна Тараскевіч з вёскі Груздава Юнькаўскага сельсавета ўспамінаць вайну не любяць. Але і забыць перажытае нават праз дзесяцігоддзі немагчыма.

Дусі было восем гадоў, калі гітлераўцы напалі на Савецкі Саюз. Сям’я жыла на Смаленшчыне. У 1941 годзе памерла маці, у 1943-ім не стала бацькі. Выхаваннем сіраты занялася старэйшая сястра. Цяжка ўявіць, што давялося ім перажыць у ваеннае ліхалецце. Да гэтага часу помніцца пачуццё голаду. Дзяўчынка марыла пра вучобу, але на радзіме атрымаць адукацыю было няпроста. Зайздросціла сяброўцы, якая жыла ў інтэрнаце для сірот у Беларусі і мела магчымасць вучыцца. Аднаго разу, не сказаўшы нічога сястры, Дуся падалася ў суседнюю краіну.

Да месца назначэння дабіралася без капейкі ў кішэні: ехала спадарожным транспартам, ішла пешшу. Трапіла ў Слонім­скі дзіцячы дом. І ніколі не пашкадавала пра гэта. Закончыла школу, Магілёўскае медыцынскае вучылішча, атрымала прафесію фармацэўта і прыехала па размеркаванні на Пастаўшчыну. Некаторы час працавала ў Груздаве, дзе і прыглянулася Уладзіміру. Затым яе перавялі ў Савічы. Але адлегласць не стала перашкодай для спатканняў, якія ўрэшце завяршыліся вяселлем. З таго часу мінула больш за 50 гадоў. Гэта дружная сям’я — прыклад для іншых.

— Я нарадзіўся ў Франкфурце-на-Майне зімой 1943 года, — расказваў У. У. Тараскевіч. — Маму вывезлі ў Германію цяжарнай. Пра той час ведаю з яе ўспамінаў. Цудам выжыў, бо ў раддом трапіла авіябомба, якая, на шчасце, не ўзарвалася. Мама, спавіўшы мяне тонкай прасцінкай, траскучым марозам несла праз увесь горад да гаспадароў, у якіх працавала. Як ні дзіўна, не прастудзіўся і не захварэў.

Восенню 1945-га  Тараскевічы вярнуліся на радзіму бацькі, у вёску Ралаўцы, што недалёка ад Груздава. На месцы хаты — папялішча. Але, дзякуючы старанням і працавітасці, хутка пабудавалі новы дом і сталі абжывацца. Нара­дзілася яшчэ чацвёра дзяцей. Бацькі імкнуліся, каб яны добра вучыліся, дапамаглі ім атрымаць адукацыю. Уладзімір выбраў для сябе заатэхнію. Спачатку закончыў Бігосаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, пазней — Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Давялося папрацаваць на розных пасадах: загадчыкам фермы, брыгадзірам. Усюды вызначаўся адказнасцю, стараннем. Сэнс жыцця бачыў у стваральнай працы на карысць сваёй сям’і і дзяржавы.

Даўно на заслужаным адпачынку. Але хапае спраў каля дома (ля яго заўсёды парадак і чысціня, летам панадворак радуе прахожых кветкамі). Выхавалі дзвюх дачок, адна з іх жыве ў Мінску,  другая ў Баранавічах. Ганарацца ўнукамі і кожны раз з нецярпеннем чакаюць іх прыезду. Часам расказваюць маладому пакаленню пра перажытае, каб ведалі і помнілі, бераглі  Беларусь, цанілі мір і спакой у ёй. А самая запаветная мара — каб людзі ніколі не зведалі жахаў вайны. Жыць і працаваць пад мірным небам — гэта найвялікшае шчасце.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.