Шчыры, сумленны, гаспадарлівы


Аляксандр Кухальскі (справа) атрымлівае ўзнагароду.
Аляксандр Кухальскі (справа) атрымлівае ўзнагароду.

Сельская моладзь ірвецца ў гарады, а вось Аляксандр Кухальскі, які нарадзіўся і вырас у Паставах, наадварот, знайшоў сваё шчасце ў вёсцы.

Зрэшты, для гэтага былі пе-радумовы. Школьнікам ён усе канікулы праводзіў у бабулі з дзядулем у вёсцы Круткі. Яны трымалі вялікую гаспадарку і прывучылі Сашу і іншых унукаў да сялянскай працы. Таму і сельскае прафтэхвучылішча закончыў, а адслужыўшы ў арміі, уладкаваўся на працу ў саўгас “Старадворскі”. З таго часу мінулі амаль два дзесяцігоддзі.

— Я тут знайшоў не толькі сваё прызванне, але і каханне, — светла ўсміхаецца, успамінаючы юнацтва. — Оля са Старога Двара. Пазнаёміліся на навагоднім свяце.

Сямейнае жыццё маладажоны пачыналі ў доме Оліных бацькоў. Яе тата працаваў механізатарам, мама — аграномам.

— Я, напэўна, па цесцю пайшоў, — жартуе Аляксандр. — Вельмі любіць тэхніку, мае 33 гады механізатарскага стажу. У нас з ім шмат агульных інтарэсаў.

Тым не менш маладым хацелася самастойнасці, і неўзабаве яны атрымалі аднапакаёвую кватэру, пазней гаспадарка прадаставіла дом. “У майго Сашкі такі прынцып: усяго ў жыцці дабівацца самім, — не без гонару гаварыла жонка. — І я з ім цалкам згодная. Ён не толькі працавіты, гаспадарлівы, але і вельмі добры”. Яшчэ адна характарыстыка — ад начальніка сяргеевіцкага аддзялення СП “Дунілавічы-агра” Алены Кісялёвай: “Вельмі адказны. Яму можна даверыць любую тэхніку і не трэба кантраляваць — сам ведае, што і як рабіць. Паболей бы такіх людзей!”

Тут варта патлумачыць, што пасля аб’­яднання дзвюх гаспадарак (а гэта было ў 2009 годзе) шэсць механізатараў са Старога Двара, у тым ліку і А. Л. Кухальскі, пастаянна працуюць на ду­нілавіцкіх землях. Зараз выязджаюць з дому, калі яшчэ няма і сямі гадзін раніцы, а вяртаюцца а палове дзявятай вечара. Канешне, стамляюцца, і зарплата не такая высокая, як хацелася б. Але яны сумленна робяць сваю справу.

Асноўны клопат Аляксандра — ворыва і падрыхтоўка глебы да сяўбы, а падчас корманарыхтоўкі ў папярэднія гады адвозіў зялёную масу. Сёлета прызначылі на касілку. І хоць такой работай займаецца першы сезон, усё атрымліваецца. Пры дзённай норме 7 гектараў скошвае да 14-ці.

З Аляксандрам Лявонавічам сустрэліся на сенажаці каля вёскі Лугі. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Мікалаевіч Герасіменка, да якога я напрасілася ў спадарожнікі, прывёз перадавому механізатару дыплом і грашовую прэмію за першае месца ў раённым спаборніцтве па падрыхтоўцы глебы да сяўбы яравых. Такая падзея не магла не ўзрадаваць хлебароба. Але і заклапочанасць не адступіла. “Столькі траў накошана, а кожны дзень праходзіць дождж. Як іх спарадкаваць?” — перажываў сапраўдны гаспадар зямлі.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.