Скрозь прызму шклянкі

Общество

IMG_0419

Усе людзі розныя. Факт бясспрэчны. Аднак асабіста я доўгі час не магла да канца яго ўсвядоміць. Дапамог сумесны рэйд з прадстаўнікамі розных суб’ектаў прафілактыкі раёна. Дзякуючы яму перада мной паўстала цэлая галерэя чалавечых характараў і іх жыццёвых каштоўнасцей, зусім адрозных ад маіх уласных арыенціраў.

Рэйд праходзіў у рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку — разам”. Яе асноўная мэта  — папярэ­джанне пажараў і гібелі людзей у жыллёвым фондзе. У першую чаргу абследаванню падлягалі дамы адзінокіх і пажылых грамадзян, інвалідаў, сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці. За месяц, што доўжылася акцыя, праверкамі былі ахоплены каля сотні домаўладанняў з 21 населенага пункта Пастаўшчыны.

У той дзень, калі аўтар гэтых радкоў далучылася да рэйдавай групы, адпрацоўвалася курапольская зона. Былі правераны ўмовы жыцця 16 сем’яў з вёсак Целякі, Русакі, Кураполле і Курты. У склад групы ўвайшлі 6 чалавек: намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Аляксандр Мухля, сацыяльны педагог Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ірына Сарычава, памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ Іна Дангель, старшы майстар РГЗ ВУ “Глыбокаегаз” Часлаў Раманоўскі і старшыня Курапольскага сельскага Савета Мікалай Яльчык.

Спецыялісты, кожны па сваім кірунку, звярталі ўвагу на тое, каб умовы пражывання кожнай канкрэтнай сям’і былі бяспечнымі. Правяралі спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, стан пячнога ацяплення, электрычнай праводкі і газавых пліт. У адпаведнасці з заканадаўствам, адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў прыватных дамах і кватэрах ускладзена на іх уласнікаў, аднак далёка не ўсе гэта ўсведамляюць. Таксама як і той факт, што ў пакоях неабходна прыбіраць, што есці лепш з чыстага, а не з пакрытага цвіллю посуду, што адзенне перыядычна трэба мыць і захоў­ваць у шафе, а не на ганку хаты. Зразумела, у такой сістэме каардынат існуюць толькі тыя людзі, якія прывыклі глядзець на жыццё скрозь прызму шклянкі. Насуперак усякай развазе яны грэбуюць элементарнымі правіламі бяспекі. Становіцца жахліва, калі ў хаце, дзе ёсць маленькія дзеці, у самых даступных месцах ляжаць лекі і сродкі бытавой хіміі, калі прыдамавыя тэрыторыі ператвараюцца ў сметнікі, а перапоўненыя каналізацыйныя калодзежы стаяць непрыкрытымі. Самае страшнае, што яны сапраўды ў гэтым нічога дрэннага не бачаць. 

Акрамя праверкі жыллёва-бытавых умоў, члены рэйдавай групы звярталі ўвагу на тое, як падкантрольныя сем’і праводзяць свой час, чым займаюцца іх дзеці, ці наведваюць школу. Былі выпадкі, калі без уважлівых прычын яны прапускалі заняткі. Апраўданні стандартныя — дзіця прыхварэла або праспала. У сваёй большасці бацькі пры гэтым знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Як правіла, членаў рэйдавай групы ў дамы ўпускалі бесперашкодна, бо ўжо прывыклі да таго, што такія праверкі праводзяцца рэгулярна. Былі і асабліва гасцінныя гаспадары, якія запрашалі да сябе за стол скласці кампанію, некаторым візіт нечаканых “гасцей” патрывожыў сон.   

Асноўная праблема такіх людзей заключаецца ў тым, што яны прывыклі жыць за кошт сацыяльнай дапамогі, карыстацца дзяржаўнымі льготамі і пры гэтым не жадаюць працаваць, ужываюць алкаголь і чакаюць, што хтосьці іншы будзе вырашаць іх праблемы. Але кожны сам адказны за той жыццёвы шлях, які выбірае. Хіба не так?  

Тэкст і фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.