Святы Губерт пасяліўся ў Камаях

Духовность

Асвячэнне капліцы і фігуры Святога Губерта.
Асвячэнне капліцы і фігуры Святога Губерта.

Не так даўно ў камайскім касцёле Святога Яна Хрысціцеля адбыліся значныя падзеі: візітацыя біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, асвячэнне капліцы, фігуры Святога Губерта і спартыўнага стадыёна ля Камайскай школы.

Хто ж такі Святы Губерт? Гэта каталіцкі біскуп, святы, які нарадзіўся ў 655 годзе ў Брусельска-Бельгійскай епархіі ў сям’і герцага. Ён вёў свецкае, вясёлае, бесклапотнае жыццё, любіў паляванне. Аднойчы, будучы на паляванні ў вялікіх лясах Ардэнскіх гор, заблудзіўся і ледзь не загінуў. Але ў гэты час пачуў голас: “Губерт, калі не навернешся, цябе чакае пекла. Ідзі да біскупа Ламберта, ён скажа табе, што рабіць”. Губерт убачыў перад сабой аленя з залатым распяццем паміж рагамі, які то адбягаў, то чакаў Губерта. Губерт паехаў за ім і такім чынам быў выратаваны. Было гэта ў Вялікую пятніцу 695 года.

З таго часу яго жыццё карэнным чынам змянілася: ён стаў вучнем біскупа Ламберта, а затым і яго пераемнікам. Будаваў цэрквы і асвячаў іх, шмат зрабіў для хрысціянізацыі горных раёнаў Ардэна, клапаціўся пра духоўнае навяртанне сваёй паствы, за што яго празвалі апосталам Ардэна.  Анёл прадказаў яму смерць. Памёр 30 мая 727 года, у хуткім часе быў кананізаваны. Святы Губерт лічыцца апекуном паляўнічых і леснікоў, рыбаловаў, ліцейшчыкаў, оптыкаў, матэматыкаў, спартсменаў. Яму моляцца аб вылечванні эпілептыкі, лунатыкі, аб ахове ад укусаў шалёных сабак, змей і гадзюк, аб шчаслівай смерці.

Дырэктар школы Г. А. Рамбальскі і вучань Канстанцін Дуброўскі разразаюць чырвоную стужку перад уваходам на стадыён.
Дырэктар школы Г. А. Рамбальскі і вучань Канстанцін Дуброўскі разразаюць чырвоную стужку перад уваходам на стадыён.

Вось такога цудоўнага апекуна набылі мы сабе ў вобразе Святога Губерта пры дапамозе ксяндза Яцэка. І гэта невыпадкова. Побач з касцёлам знаходзіцца дом, пабудаваны ў 1929 годзе, які калісьці належаў касцёлу. Але са зменай улады змянілася і яго прызначэнне. Ён быў клубам, спартыўнай залай, камбінатам бытавога абслугоўвання. У 2000 годзе ў ім размясцілася адміністрацыя Камайскага лясніцтва. Суседства аказалася плённым і ўзаемавыгадным. Работнікі лясніцтва не раз дапамагалі касцёлу ў выкананні розных цяжкіх работ: у добраўпарадкаванні мо­гілак на тэрыторыі парафіі, нарыхтоўвалі і ўстанаўлівалі рыштаванні для рамонту касцёла, дастаўлялі навагоднія ёлкі, прывозілі саджанцы туі ў парк перад касцёлам. Па ініцыятыве ксяндза Яцэка ў парку насупраць лясніцтва створаны міні-дэндрапарк, які кожны год папаўняецца новымі экспанатамі. І, канешне ж, з іх удзелам выраблена і ўстаноўлена каплічка для фігуры Святога Губерта, якая заняла належнае месца паміж касцёлам і ляс­ніцтвам і была асвечана біскупам Алегам.

Да гэтай даты прыўрочылі і адкрыццё школьнага стадыёна. Сродкі на яго добраўпарадкаванне выдзеліў прадпрымальнік з вёскі Лапуны Андрэй Лашук, вырабляў слупы майстар-“залатыя рукі” каваль А. Р. Трафанчук, дапамагалі абуладкоўваць стадыён работнікі ААТ “Камайскі-агра”, вучні старэйшых класаў, шмат працаваў і сам ксёндз Яцэк.

І вось усё гатова. Першы ўдар па мячы даручаецца зрабіць біскупу Алегу.

Затым выступіў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. Ён выказаў словы падзякі ксяндзу Яцэку, арганізатарам і ўдзельнікам гэтай добрай справы, уручыў грашовыя прэміі і падарункі. Біскуп Алег павіншаваў ксяндза Яцэка з юбілейным днём нараджэння, падзякаваў за працу, паблагаславіў на далейшае служэнне ў камайскім касцёле.

Генавефа ДУБІЛОВІЧ.

Фота Васілія КРУКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.