Уразіла ўсё

Общество

IMG_3641

У адзін з чэрвеньскіх дзён актывісты БРСМ пяр­вічнай арганізацыі Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа разам з педагогам-псіхолагам Дар’яй Пятроўнай Касцень, другім сакратаром райкама БРСМ Веранікай Казлоўскай і аўтарам гэтых радкоў пабывалі на экскурсіі ў 1-ым ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Пасля праверкі дакументаў і выпіскі пропускаў на прахадной нас сустракае экскурсавод — культарганізатар клуба шпіталя Юлія Запольная. Навучэнцы каледжа на рэжымным аб’екце ўпершыню і цікавяцца ўсім. Мінаючы лячэбны корпус і штаб упраўлення, пра дзейнасць, прызначэнне, структуру і рэжым работы якіх нам паралельна расказвае Юлія, падыходзім да агарода, дзе ўвабралася ў сілу цыбуля, побач — акуратна праполатыя градкі клубніц. Вырошчваюць тут і іншую агародніну, якую выкарыстоўваюць для харчавання хворых. Ёсць у шпіталі і вуллі з пчоламі, а значыць, і свой мёд, штогод дае шчодры ўраджай яблыневы сад. Тэрыторыя шпіталя вялікая, але куды ні паглядзі — усюды ўзорны парадак. Прывабна выглядае зона адпачынку з альтанкамі, драўлянымі скульптурамі, фантанам.

З прыкметным ажыўленнем хлопцы падыходзяць да варот аўтамабільнага аддзялення. І не дзіўна, бо імі кіруе прафесійны інтарэс: будучая спецыяльнасць юнакоў — “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. Якой тэхнікі тут толькі няма! Апроч іншых, на ўзбраенні ваенных медыкаў дзесяць спецыялізаваных машын. Сярод іх — перасоўныя флюараграфічны і стаматалагічны кабінеты, хіміка-бактэрыялагічная лабараторыя, рэанімабіль і нават шпіталь на колах. Сучасную перасоўную рэанімацыю пашчасціла пабачыць не толькі звонку, але і ўнутры: жадаючыя маглі пасядзець у кабіне вадзіцеля, “параздаваць указанні” па рацыі, уключыць пробліскавыя маячкі. Як магнітам хлопцаў цягнула і да яе папярэдніцы — ужо выведзенага з эксплуатацыі рэанімабіля амерыканскай вытворчасці маркі Chevrolet. Зацікавіў усіх і палівазапраўшчык для перавозкі двух відаў паліва, дарэчы, запраўляць машыну ён можа нават падчас руху.

Крочым да спецыяльнага збудавання, дзе практыкуецца лячэнне біяполем пчол, і выпадкова сустракаемся з начальнікам шпіталя Сяргеем Дзмітрыевічам Півенем. Пасля знаёмства ён асабіста робіць для нас экскурсію ў пчалінае “царства”, расказваючы пра карысць апітэрапіі. А нядаўна ў медустанове ўвялі і гірудатэрапію (лячэнне п’яўкамі).

Падымаемся па лесвіцы ў клуб, дзе нас чакае прагляд некалькіх невялікіх, але надзвычай цікавых кінафільмаў пра будні пагранічнікаў, а таксама расказ Вікторыі Дубовік пра дзейнасць пярвічкі БРСМ шпіталя, якую яна ўзначальвае.

Экскурсія завершана. Яна ўразіла ўсіх. Нехта ўпадабаў гаварыць па рацыі, кагосьці здзівілі агарод, дагледжаная тэрыторыя, іншых захапіла спецыялізаваная тэхніка. Галоўнае — цікава было ўсім.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.