Усе ў лагеры!

Образование

8753

Захаванне здароўя дзяцей — важны аспект адукацыйна-выхаваўчай работы ў школах. Вялікая ўвага яму надаецца на працягу ўсяго навучальнага года, а асабліва — падчас летніх канікулаў, каб школьнікі маглі добра адпачыць і набрацца сіл для працягу вучобы.

Сёлета, як і кожны год, з 1 чэрвеня пры ўсіх сярэдніх і базавых школах раёна, а таксама пры Пастаўскай гімназіі пачалі работу дзённыя аздараўленчыя лагеры. 5 чэрвеня яны адкрыліся пры Варапаеўскай СШ і раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. Акрамя таго, на базе СШ №3 побач са звычайным працуе лагер духоўна-маральнай накіраванасці “Крыніца”, у якім аздараўліваюцца навучэнцы праваслаўнага веравызнання з розных школ горада. А ва ўсіх гарадскіх школьных лагерах дзейнічаюць спартыўна-патрыятычныя атрады для так званых цяжкіх падлеткаў, што стаяць на ўліку ў сваіх навучальных установах і РАУС. Працягласць змены ў гэтых лагерах складае 18 дзён.

12 чэрвеня на базе першай гарадской школы для старшакласнікаў адкрыецца аздараўленчы лагер працы і адпачынку. У ім юнакі і дзяўчаты, якім споўнілася 16 гадоў, зоймуцца бягучым рамонтам у навучальнай установе і на прышкольнай тэрыторыі. З 17 ліпеня па 3 жніўня і з 7 па 24 жніўня на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Савецкай у райцэнтры будуць функцыянаваць два дзённыя спартыўныя лагеры. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. С. Каспяровіч, ва ўсіх дзённых лагерах плануецца аздаравіць 850 дзяцей і падлеткаў.

Акрамя лагераў з дзённым знахо­джаннем, на працягу ўсяго лета будуць працаваць кругласутачныя аздараўленчыя лагеры на базе пастаўскага касцёла і АДРАЦ “Ветразь”. У першым за пяць 9-дзённых змен змогуць адпачыць і ўмацаваць здароўе 175 хлопчыкаў і дзяўчынак. У другім за чатыры 18-дзённыя змены аздаровяцца 160 юных пастаўчан. Бацькоўская даплата ў лагер пры касцёле складае ад 20 да 30 рублёў, у “Ветразь” — 235 рублёў. Што важна, сёлета пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь унесены змяненні ў парадак арганізацыі аздараўлення дзяцей у лагерах. У адпаведнасці з імі, усе бацькі, якія працуюць, уключаючы ваенных, змогуць атрымаць дзяржаўную датацыю. А дзеці-сіроты рашэннем райвыканкама на працягу лета будуць аздараўлівацца ў лагерах двойчы. 

Што датычыць планаў работы лагераў, то яны ўключаюць шмат самых розных мерапрыемстваў, большасць якіх праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць”. Школьнікі будуць ­удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах, хадзіць у паходы  і на экскурсіі, займацца даследчай і іншымі відамі дзейнасці. Таксама вялікая ўвага будзе ўдзелена прафарыентацыі і сацыялізацыі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Добра адпачыць пастаўскія школьнікі змогуць не толькі на тэрыторыі свайго раёна, але і ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня”. Ён прапануе адпачынак у палатачных лагерах. Пры гэтым харчавацца дзеці будуць у цэнтры і карыстацца ўсім, што ў ім ёсць, нароўні з тымі, хто пражывае ў корпусах. Кошт пуцёўкі на 9 дзён складае крыху больш за 30 рублёў. Калі вас зацікавіла дадзеная інфармацыя, тэлефануйце ў “Зубраня” на нумар +375-29-3029046.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.