Ушанавалі памяць, падвялі вынікі

Образование

img_6612

Вось ужо 40 гадоў запар 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У нашым школьным музеі баявой і працоўнай славы мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло 20 мая. На ім прысутні­чалі вучні 8 “А” класа (класны кіраўнік — А. А. Дзісько), экскурсаводы, актыўныя збіральнікі экспанатаў. Разам з намі адзначылі свята ветэраны працы Ніна Афанасьеўна Гушчына, Галіна Васільеўна Артамонава і родныя ветэрана вайны, сябра музея М. Я. Зубовіча — дачка Іна Мікалаеўна Парангоўская з сынам Аляксандрам. Гасцям экскурсаводы ўручылі сціплыя сувеніры.

Першы раз свята адбылося без Мікалая Яўстаф’евіча. У памяць пра яго, усіх ветэранаў, якія пайшлі з жыцця, тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, была аб’яўлена мінута маўчання.

Традыцыйна я ахарактарызавала работу музея. У нас больш за 6 тысяч экспанатаў, за год іх паступіла 343. Праведзена шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да свят і памятных дат. На іх прысутнічалі вучні нашай школы, якія наведвалі музей па графіку, а таксама ў розны час вучні СШ №3 і №5, Дунілавіцкай ЯССШ. Аглядавую экскурсію праслухалі сям’я Чубрэвіч з Даўгаўпілса і Г. Г. Кавальская з вёскі Савічы, якія раней падарылі музею многа экспанатаў. Азнаёміла прысутных і з узнагародамі, якія з дапамогай маіх актывістаў атрымала як кіраўнік музея.

Галоўная задача нашай работы — патрыятычнае выхаванне. Наперадзе 73-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе музея, 100-годдзе Вялікага Кастрычніка. Значную работу праводзяць экскурсаводы. На мерапрыемстве дзякавалі выпускніцам Ганне Багушэвіч і Анастасіі Сцяпурка. На працягу некалькіх гадоў яны, не лічачыся з часам, праводзілі экскурсіі. Шмат іх на рахунку найактыўнейшых экскурсаводаў — вучаніц 8 “А” класа Аляксандры Лысенка, Дар’і Рамановіч, Ганны Трублоўскай і Анастасіі Хаўлюк. З гэтага навучальнага года ў іх сям’ю ўліліся аднакласніцы Карына Трыфанава і Анжаліка Дзісько. Актывістамі музея з’яўляюцца экскурсавод з 9 “А” Леакадзія Цвірко і ўдзельнік гуртка “Музеязнаўства” Яна Татарчук (8 “А”).

Адзначылі актыўных збіраль­нікаў экспанатаў, сярод якіх Кірыл Шлапо (3 “Б”), Андрэй Плюта (4 “Б”), Павел Едземскі (5 “Б”), Сямён Літвіновіч і Яна Чыпко (6 “А”), Андрэй Павініч (8 “Б”). Усе атрымалі невялікае ўзнагароджанне: наборы ручак, салодкія прысмакі, а выпускніцы — і кнігі “Памяць. Пастаўскі раён”, за якія шчыра ўдзячна раённаму краязнаўчаму музею і яго дырэктару Т. Г. Гарошка. На развітанне выпускніцы Г. Багушэвіч, А. Сцяпурка і экскурсавод 8 “А” класа А. Хаўлюк правялі экскурсію “Аперацыя “Баграціён”. Перамога”.

Ад імя гасцей першым выступіў Аляксандр Парангоўскі. Ён выказаў думку, што моладзь трэба выхоўваць на дакладных фактах і забыць пра міфы. І. М. Парангоўская падрабязна ахарактарызавала баявы і працоўны шлях свайго бацькі М. Я. Зубовіча, па­дзякавала за запрашэнне на свята, падарыла для сканіравання матэрыялы, звязаныя з баявым шляхам іх бацькі і дзядулі. Н. А. Гушчына прыгадала ваенныя падзеі, у якіх удзельнічалі яе родныя, разам з Г. В. Артамонавай падзякавала за праводзімую вялікую патрыятычную работу. І. М. Парангоўская ў музейным альбоме зрабіла запіс-прапанову надаць школьнаму музею статус раённага і прыводзіць сюды гасцей горада. Гэта высокая адзнака нашай дзейнасці.

Шчыра ўдзячна гасцям, экскурсаводам, вучням, настаўнікам, асабіста Г. А. Дзевятоўскай, тэхработніцы Н. А. Вярбіцкай за тое, што свята атрымалася запамінальным.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ,

кіраўнік музея баявой

і працоўнай славы СШ №2.      

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.