Увекавечылі памяць

Общество

IMG_4507

Мемарыяльную дошку ў гонар акцёраў-землякоў Станіслава Ясюкевіча і Зыгмунта Кенстовіча ўсталявалі на будынку кінатэатра ў Паставах. Яе адкрыццё адбылося ў рамках Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі райвыканкама, ганаровыя госці з Беларусі і Польшчы, краязнаўцы, жыхары горада.

— Мы ганарымся, што многія выхадцы з Пастаў ярка рэалізавалі сябе за мяжой, — гаварыў падчас урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. — Сярод такіх зоркі тэатра і кіно Станіслаў Ясюкевіч і Зыгмунт Кенстовіч. Дзякуючы крапатлівай рабоце края­знаўцаў, у тым ліку пастаўчаніна Міхася Гіля, які сабраў багатую інфармацыю і нядаўна выдаў кніжку пра гэтых вядомых акцёраў, а таксама дапамог фінансава ў вырабе дошкі, сёння мы аддаём даніну памяці і павагі нашым землякам.

Затым слова было прадастаўлена ўраджэнцу Варапаева Іосіфу Пятровічу Зямчонку. Ён — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. “Удзячны за запрашэнне на такую неардынарную падзею, — сказаў госць. — Ганаруся, што прадстаўнікі пастаўскай зямлі займаюць адно з пачэсных месцаў у еўрапейскай культуры. Мне пашчасціла сустракацца з сябрам Кенстовіча — Збігневам Сямашкам. Ён шмат расказваў пра свайго аднадумца. Дзякуй нераўнадушным людзям, якія так шмат зрабілі па ўвекавечанні памяці землякоў”.

Станіслаў Ясюкевіч нарадзіўся ў Паставах у 1921 годзе. Тут вучыўся ў школе і гімназіі. У Польшчу пераехаў у 1946-ым. Паступіў ва Універсітэт імя Мікалая Каперніка на аддзяленне выяўленчага мастацтва. Вучыўся на акцёрскім аддзяленні Дзяржаўнай Вышэйшай тэатральнай школы ў Лодзі.  Зняўся ў 23 мастацкіх фільмах, сярод якіх «Крыжакі», «Чатыры танкісты і сабака», «Стаўка большая, чым жыццё», сыграў больш за 60 тэлевізійных роляў і столькі ж  у спектаклях. Сцэнічная маладосць Ясюкевіча звязана з Вроцлавам, а сцэ­нічная сталасць — з Варшавай. Станіслава Ясюкевіча вызначалі таварыскасць, адкрытасць, сур’ёзныя адносіны да прафесіі, абаянне.

Зыгмунд Кенстовіч — польскі акцёр кіно, тэатра, тэлебачання. Ён —аднагодак Ясюкевіча, нарадзіўся ў мястэчку Шакі (Літва). Калі яму быў адзін год, сям’я пераехала ў Паставы. Яго бацька валодаў аптэкай, будынак якой захаваўся да сённяшняга дня. Зыгмунт у нашым гора­дзе закончыў школу. Бацькі хацелі, каб ён стаў адвакатам, таму хлопец паступіў у Віленскую езуіцкую гімназію, а затым на юрыдычны факультэт Універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Планы перакрэсліла вайна. Дэбют акцёра адбыўся на тэатральнай сцэне Вільні ў 1940 годзе. У Беласток выехаў у 1945-ым. Там экстэрнам здаў экзамены і атрымаў акцёрскую адукацыю.  Зняўся ў 24 кінафільмах і 13 серыялах, у тым ліку «Патоп», «Корчак», «База мёртвых людзей». Вёў радыёперадачы для дзяцей. Абодва акцёры адзначаны многімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Пасля таго, як Юрый Кісялёў, Іосіф Зямчонак і Міхась Гіль адкрылі мемарыяльную дошку, усе прысутныя перайшлі ў глядзельную залу кінатэатра, дзе быў паказаны фільм пра Станіслава Ясюкевіча і Зыгмунта Кенстовіча, які стварылі журналіст “Паставы-ТБ” Юлія Лазікевіч і аператар Сяргей Плешакоў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.