Вандроўка, насычаная краявідамі і натхненнем

Культура

53

Былі толькі першыя дзянькі лета, а прага вандровак усё нарастала. Едучы на цэлы тыдзень з імклівага Мінска дамоў, у Паставы, марыла пра якое-небудзь хоць невялічкае падарожжа па родных мясцінах. Не паспела раскласці сумкі, як раздаўся тэлефонны званок: мяне клічуць у вандровачку па Мядзельшчыне. Вядома ж, адразу згадзілася і пайшла падсілкоўваць акумулятар фотаапарата.

І вось мы сабраліся з сябрамі Таварыства беларускай мовы, абмяркоўваем маршрут. У дарозе да нас далучыліся такія ж аматары падарожжаў па Беларусі з Нарачы, Мя­дзела і нават Мінска. Першы прыпынак — чароўнае невялічкае возера з жывой назвай Барсук. Яшчэ з машыны займае дух ад люстэрка, што ззяе на сонцы дзесьці ў нізіне. Далей шлях ляжыць да дзотаў Першай сусветнай вайны. Іх аказалася ў тых мясцінах нямала — і сярод лесу, і на пагорках ды палях.

Надвор’е палепшылася, сіл яшчэ багата. Пад’язджаем да Кальварыі — дакладнай копіі іерусалімскага Крыжовага шляху. Месца выбітнае, але да нядаўняга часу турысты не ведалі пра яго, пакуль да 250-годдзя Кальварыі шлях не аднавілі. Зараз кожны можа прайсціся па лесе па вызначаным маршруце, паразважаць.

Cтаміўшыся, шукаем прыгожае месца для адпачынку ды пікніка і трапляем у чароўны куток ля возера Рудакова з чысцюткай, празрыстай вадой. Неверагодную асалоду атрымліваеш проста седзячы ля вады і натхняючыся прыгажосцю прыроды, цішынёй, у якой чуваць шолах травы.

На завяршэнне вандроўкі — пакінуты Аптэкарскі сад. Ён зусім яшчэ малады і з-за халоднай вясны не поў­насцю распусціўся. Знаходзіцца між трох азёраў:  Нарач, Мястра і Белае. Асабліва аматарам збіраць лекавыя травы ці проста нарыхтоўваць кветкі на гарбату будзе цікава паслухаць экскурсію і пабыць у ціхім куточку прыроды.

І вось ужо напрыканцы, узяўшы курс на Паставы, заязджаем да возера Белае. Менавіта тое месца мяне ўразіла найбольш. Магчыма, таму што яно насамрэч “белае” — чыстае, павольнае, з маруднымі хвалямі, якім няма куды спяшацца, а мо і таму, што ў дзяцінстве мы часта прыяз­джалі сюды сям’ёй і настальгія ўзмацніла ўражанні. Тады ж і ўзгадала, што тата калісьці жыў там, сярод лесу, сярод водару кветачак і траў, вудзіў рыбу і шторанку бегаў вакол возера.

Вось такая атрымалася вандровачка, насычаная краявідамі і натхненнем. Ужо плануем наступную.

Ганна ПРАКАПОВІЧ,

 студэнтка 4 курса БНТУ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.