Вяртаюць сілу гектарам

Общество

IMG_3161
Дзмітрый Высоцкі і Мікалай Канаш.

 На полі за Целякамі каторы месяц працуе тэхніка — на 265 гектарах вядзецца рэканструкцыя старой ме­ліярацыйнай сістэмы. На значнай плошчы ландшафт не пазнаць: зніклі хмызнякі ды балота. У гэтым месяцы частка палепшаных сельскагаспадарчых угоддзяў будзе перададзена ААТ “Хацілы-агра”.

— Меліярацыя накіравана  на карэннае паляпшэнне ўрадлівасці зямлі, стварэнне аптымальнага паветранага, воднага, цеплавога і сілкавальнага рэжымаў глебы для сельскагаспадарчых работ, — гаварыў начальнік участка, ён жа прараб аб’екта, Юрый Міхайлавіч Вайцяшонак. — Нас нярэдка называюць людзьмі на балоце, бо мы гектар за гектарам вяртаем у севазварот дрыгвяную пустку. На гэтым аб’екце “высадзіліся” восенню мінулага года, першыя 100 гектараў хутка здадзім у эксплуатацыю.

Калі тут першы раз прайшла меліярацыя, ніхто не памятае. За гэты час вырас не толькі хмызняк, але нават і дрэвы. Спачатку, згодна з праектам, заняліся выкарчоўкай. Цяпер капаюцца канавы, разраўноўваецца зямля, пракладваюцца каналы, укладваюцца дрэнажныя трубы. Работа няпростая, патрабуе дакладнасці. Таму машыністы экскаватараў і іх памочнікі, перш чым капаць траншэі, замяраюць узровень нахілу. Якраз за гэтай справай і застала машыніста экскаватара Дзмітрыя Высоцкага і яго памочніка Мікалая Канаша. 

— На Пастаўскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм працую пяць гадоў, — расказваў Дзмітрый. — Тры гады таму даверылі новы экскаватар. Сваю работу люблю за тое, што адразу бачны яе вынік.

Дзмітрый родам з Полава. Некаторы час быў вадзіцелем лесавоза на Шаркаўшчынскім прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Потым перабраўся ў Паставы. Мае трох сыноў. Мнагадзетная сям’я пабудавала кватэру.

Мікалай Міроненка.
Мікалай Міроненка.

— Поспех у любой рабоце — заслуга людзей, — гаварыў Ю. М. Вайцяшонак. — У складаных умовах надвор’я, нягледзячы на гарачыню і іншыя нязручнасці, стараюцца ўсе. Вялікі аб’ём работ выконваецца тэхнікай, хапае і ручной працы. Рознарабочыя Павел Федаронак, Антон Пяткевіч, Андрэй Плюта займаюцца абуладкаваннем труб і латкоў, укладкай дрэнажу, пасевам травы, добраўпарадкаваннем каналаў. Вельмі працавіты, адказны машыніст экскаватара Мікалай Іванавіч Міроненка. У меліярацыі ён з 1982 года. Пачынаў у Кармянскім раёне. У 1990-ым наступствы чарнобыльскай трагедыі прымусілі пераехаць у Паставы, уладкаваўся на наша прадпрыемства. Экскаватар «паслухмяны» ў яго руках. Працуе хутка, работу выконвае якасна. З сур’ёзнасцю пераймаюць вопыт прафесіянала і тыя, хто нядаўна ўладкаваўся ў арганізацыю.

Па некалькі разоў на дзень на аб’­ект прыязджае заказчык — дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Хацілы-агра” Вячаслаў Іосіфавіч Крыштафовіч — самы строгі кантралёр. Ён пільна сочыць за ходам работ. Дырэктар разлічвае, што восенню адроджанае поле будзе засеяна нейкай сельскагаспадарчай культурай, якая ў будучым парадуе багатым ураджаем або высокім травастоем.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.