З абсалютнай дакладнасцю


56

На днях Насця Рубцова заканчвае Саратаўскі медунівер­сітэт і атрымлівае дыплом правізара. І гэта вялікая радасць для яе бабулі Надзеі Васільеўны, бо яна і сарыентавала дзяўчыну на выбар прафесіі, у якой сама вось ужо 46 гадоў.

Надзея Васільеўна Рубцова — расіянка, але і Беларусь стала для яе роднай. У 1977 годзе пераехалі ў Ліду, на месца службы мужа-вайскоўца, а ў 1988-ым — у Паставы. З таго часу і працуе ў цэнтральнай аптэцы №87.

— Адказная, вопытная, кампетэнтная, выконвае вялікі аб’ём работы. Акрамя таго, вельмі добразычлівая, спагадная, памяркоўная, — характарызавала работніцу загадчык аптэкі Жанна Анатольеўна Лагвіненка. — Мы прадставілі яе да ўзнагароджання Падзякай Віцебскага ўнітарнага прадпрыемства “Фармацыя”.

Шмат гадоў Н. В. Рубцова працавала за першым сталом (прымала рэцэпты і адпускала па іх лякарствы), і, несумненна, яе памятаюць сотні наведвальнікаў аптэкі. Зараз пасада іншая — фармацэўт-асістэнт. Займаецца прыгатаваннем мікстур, адвараў, настояў, раствораў, парашкоў, збораў. Кампаненты для іх дастаўляюцца з віцебскага аптэчнага склада.

— Работа адказная і патрабуе поўнай канцэнтрацыі ўвагі, бо ўсё павінна быць прыгатавана ў строгай адпаведнасці з указанымі ў рэцэптуры патрабаваннямі, — гаварыла Надзея Васільеўна. — Нават самая малая памылка ў прыгатаванні лякарства можа нанесці шкоду здароўю чалавека. Таму ўсё раблю з абсалютнай дакладнасцю і стэрыльнасцю. І мне гэта падабаецца, рабочы дзень пралятае непрыкметна.

Падлічыце, колькі іх, рабочых дзён, было за 46 гадоў стажу? І не стамілі, а даюць новыя сілы.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.