З натхненнем


DSC01693-1024x768

Багатая і прыгожая наша Пастаўшчына. Не толькі лясы, рэкі і азёры ўпрыгожваюць яе, але і таленавітыя людзі.

У Варапаева па запрашэнні клуба паэзіі “Брыганціна”, які дзейнічае пры бібліятэцы, прыехала з Навасёлак настаўніца Сафія Скабёлкіна. Прысутным было цікава і хораша слухаць вершы, якія напісала  Сафія Станіславаўна. Яна нарадзілася ў вёсцы Кейзікі, скончыла Варапаеўскую сярэднюю школу. Пісаць  пачала яшчэ ў школьныя гады. З цеплынёй успамі­нала  настаўніцу рускай мовы і літаратуры Марыю Сямёнаўну Гатоўчык, якая падтрымлівала сваю вучаніцу. Яе вершы прызнаваліся пераможцамі ў розных конкурсах і на сустрэчы былі прачытаны аўтарам у першую чаргу.

Адначасова радасць і смутак адчуваліся ў радках, напісаных пра бацьку, маці, гонар — пра сваю вёску Кейзікі, замілаванне гучала ў вершах, прысвечаных сынам і ўнучачцы. Палітра твораў разнастайная. Пяшчотная і мяккая — пра Радзіму, прыроду, сяброў, вясёлая і забаўная — пра гумарыстычныя здарэнні ў жыцці. Многія чыталі яе вершы ў “Пастаўскім краі”, а колькі іх яшчэ будзе напісана! Сціплая, прыгожая, ветлівая, энергічная жанчына аддала часцінку сваёй душы і нам, слухачам.

Міру, здароўя, дабрабыту жадаем вам і вашым блізкім, шаноўная Сафія Станіславаўна! Дзякуючы работнікам бібліятэкі А. І. Міхалевіч, Л. С. Жук, А. А. Пашковай сустрэча запомніцца надоўга. На ёй свае новыя вершы прачыталі таксама С. А. Аліхвер-Іванова, М. С. Януковіч, А. А. Яршоў. Музычнае афармленне вечара было прадстаўлена пранікнёнымі песнямі ў выкананні Анастасіі Пашковай.

Непрыкметна праляцелі тры гадзіны. Усе прысутныя разыходзіліся з надзеяй на новую сустрэчу.                                  

Іна КУЗНЯЦОВА, г.п. Варапаева.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.