З Шанхая і Парыжа


IMG_1627

З Шанхая і Парыжа былі ўдзельнікі Міжнароднага чэмпіянату па касьбе, які ў шосты раз прайшоў у вёсцы Жылінскія Навасёлкаўскага сельсавета.

Трапіць на яго марыла даўно. Бо вельмі хацелася акунуцца ў атмасферу таго часу, калі жылі бацькі, трымалі вялікую гаспадарку, у тым ліку трох кароў. Каб назапасіць сена, прыходзілася нямала папрацаваць. На касьбу нярэдка збіралі талаку — запрашалі радню, сяброў. Брала ў рукі касу і я. А гэтаму майстэрству, як ні дзіўна, цярпліва вучыла мама: прама трымаць спіну, рабіць шырокі размах і пры гэтым мацней націскаць на “пяту” касы, каб не заставалася “барада” — рэшткі травы — і роўным быў пракос.

Даўно няма ні бацькоў, ні гаспадаркі. Але жывуць успаміны. Абудзіліся яны і ў тую росную суботнюю раніцу, калі з фатографам Антонам Чалеем адправілася ў Жылінскія. Ведала многіх мясцовых жыхароў, якіх, на жаль, амаль не засталося, таму цікава было пабачыць, чым жыве вёска цяпер.

Алена Міхалевіч з кітайскай камандай.
Алена Міхалевіч з кітайскай камандай.

На большасці панадворкаў бачна гаспадарская рука. У хату Яна Мурзіча з Пастаў наведваецца малодшы сын Андрэй. У Півуса Мацура прыжыліся прыезджыя. У доме Аркадзія Тананы гаспадарыць дачнік, Уладзіслава Рагіні — дзеці і ўнукі, садзяць тут агародніну, кветкі, адпачываюць. З карэнных засталася толькі Людміла Несцяронак. Трымае козачак, даглядае квет­нік. Некаторыя хаты разабраны, і на іх месцы пасвяцца козы. Не дае загінуць роднай вёсачцы Пётр Кароль, які жыве ў Полацку. Ён выкупіў некаторыя пустуючыя дамы, падтрымлівае каля іх парадак, развёў авечак і коз, кароў, гусей, у штучных вадаёмах — рыбу. На пару тыдняў з Вілейкі падыхаць родным паветрам прыязджае яго маці Леака­дзія Баляславаўна.

Менавіта па ініцыятыве Пятра Паўлавіча шосты год запар у пачатку чэрвеня вёску напаўняе звон кос. Колькасць удзельнікаў чэмпіянату павялічваецца. У мінулыя гады было нямала гасцей здалёк — з Польшчы,  Якуціі. Сёлета геаграфія абмежавалася суседнімі раёнамі — Полацкім, Докшыцкім, Браслаўскім, Шаркаўшчынскім — ды даўнімі сябрамі з Брэсцкай вобласці. Не прамінулі жылінскі чэмпіянат  фаварыты “Спораўскіх сенакосаў” — “Какорацкія асілкі” з Драгічынскага раёна браты Аляксандр і Андрэй Шыкулы і Вік­тар Дашкевіч. Пастаянны ўдзельнік і неаднаразовы пераможца Мікалай Мікалаевіч Яльчык  (старшыня Курапольскага сельскага Савета) сёлета ўзяў тайм-аўт і выконваў ролю трэнера для маладых касцоў. Ён жа прывёз каманду кітайцаў, якія будуюць каля Кураполля электрастанцыю.

1

Не здрадзілі традыцыі ўдзелу ў жылінскіх сенакосах пастаўчанка  Ванда Купран, яе пляменніца Алена Хмылко з Казнадзеюшак Лынтупскага сельсавета, а з ёй і адзінаццацігадовы сын Ігнат. Жанчыны ў чэмпіянаце не навічкі, у мінулыя гады былі нават у перадавіках. Святлана Сачыўка разам з мужам завітала з Браслава ўпершыню, Валянціна Градзюшка з Лужкоў летась была назіральніцай, а сёлета і сама рашылася паўдзельнічаць. Соф’я Фердынандаўна Балошка не без гонару заявіла, што прыехала з… Парыжа (Казлоўшчынскі сельсавет).  Узрост удзельнікаў — ад 12 да 67 гадоў.

Касьба пачалася пасля жа­раб’­ёўкі ў 6 раніцы. Яе ўдзельнікі павінны былі за 5 гадзін скасіць як мага большую плошчу. За ходам спаборніцтваў сачылі суддзі ў складзе Пятра Караля, работнікаў ААТ “Вікінг” у складзе  А. М. Здзітаўца, С. Н. Партака, В. І. Барбашова, А. А. Грабнёва, выкладчыка Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Ю. Б. Трафімава і навучэнцаў гэтай установы. Яны ўлічвалі як колькасць скошаных гектараў, так і якасць работы.

Ігнат Хмылко — самы юны ўдзельнік.
Ігнат Хмылко — самы юны ўдзельнік.

Сярод мужчын лідзіраваў Аляксандр Андзілеўка з Шаркаўшчынскага раёна. Ён скасіў 45 сотак. На другім месцы пастаўчанін Аляксандр Рубан (37,7 соткі), трэцяе дасталася касцу з Драгічынскага раёна Аляксандру Шыкулу (37 сотак). Валянціна Градзюшка асіліла 20 сотак, і гэта найлепшы вынік сярод жанчын, 15 — на рахунку Ванды Купран, 11 — Алены Хмылко.

У спрынтараў дыстанцыя раўнялася 200 метрам. Пастаўчанін Іосіф Галяк на такім участку склаў травы ў роўныя пракосы за 18 хвілін 40 секунд.

— Летась у чэмпіянаце ўдзельнічаў першы раз і перамог, — дзяліўся ўражаннямі. — Сёлета па стане здароўя на традыцыйную касьбу не пайшоў. Але і застацца ў баку ад гэтай падзеі не змог. Каса не падвяла і на гэты раз.

Пастаўчанін Іосіф Галяк з заданнем справіўся за 18 хвілін 40 секунд.
Пастаўчанін Іосіф Галяк з заданнем справіўся за 18 хвілін 40 секунд.

Парадавалася за  навучэнцаў каледжа Андрэй Цярэнцьеў і Дзяніс Колтан, якія аказаліся мацнейшымі за новапалачан-спартсменаў.

Гасцям з Кітая мерацца сіламі з беларусамі было складаней.

— У нашай краіне такіх кос няма, — гаварыў Тан Чжы. — Але яшчэ колькі разоў пакосім у Беларусі і авалодаем гэтым інструментам больш дасканала.

Кітаянка Дзін Фань прызналася, што касіць ёй спадабалася: такая размінка карысная для цела.

Валянціна Градзюшка асіліла 20 сотак.
Валянціна Градзюшка асіліла 20 сотак.

— Сёлетні чэмпіянат адрозніваецца ад папярэдніх тым, што ў ім удзельнічаюць маладыя людзі, — расказваў Пётр Паўлавіч Кароль. — Дэбютанты — выхаванцы Наваполацкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Яўген Хаткевіч і Дзяніс Майсіёнак, а таксама інструктар і трэнер гэтай школы Мікіта Бацека і Аляксандр Шавель, навучэнцы Пастаўскага каледжа Дзяніс Колтан і Андрэй Цярэнцьеў. Людзі старэйшага пакалення паціху сыхо­дзяць з дыстанцыі. Радуе, што маладыя прывучаюцца да своеасаблівага віду спорту. Касьба — гэта трэніроўка для мышцаў, яна развівае вынослівасць.

— Вялікае дзякуй арганізатарам, — гаварыў Мікалай Мікалаевіч Яльчык. — Нягледзячы на ўсе складанасці, чэмпіянат жыве. Ён дае магчымасць сустрэцца з тымі, з кім пазнаёміўся на першым жылінскім пракосе. Сёлета я дзялюся сакрэтамі свайго майстэрства з маладымі, а на наступны год планую зноў стаць сапернікам для іншых.

Навучэнцы каледжа, адказныя за прыгатаванне абеда.
Навучэнцы каледжа, адказныя за прыгатаванне абеда.

Пяць гадзін традыцыйнай касьбы завяршыліся. Удзельнікаў чакалі лазня з лёгкай парай, наварысты боршч і духмяная бульба, прыгатаваная ў вясковай печы. Пра смачны абед паклапаціліся навучэнцы каледжа Іван Казак, Надзя Ждановіч, Ніна Пісарык, Анжаліка Пупкевіч, Алёна Фаміна і Вера Шудра разам з майстрамі вытворчага навучання Г. Б. Маслоўскай і Ж. Ю. Рудзінскай. Арганізатары фестывалю бязмежна ўдзячны ім, а таксама кіраўніцтву малочнага завода і мэблевага цэнтра за супрацоўніцтва, спонсарскую дапамогу. Забаўляльную праграму падрыхтавалі культработнік Алена Міхалевіч і ўдзельнікі вакальна-інструментальнага ансамбля “Скіфы” пад кіраўніцтвам Віктара Верацельнікава. Пераможцы і прызёры чэмпіянату атрымалі прэміі.

Пакідаючы Жылінскія, усе развітваліся да наступнага года.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара, Антона Чалея

 і Андрэя МАЦУРА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.