Загартаваныя працай

Сельское хозяйство

Антон Іосіфавіч Гарбуноў.
Антон Іосіфавіч Гарбуноў.

Антон Іосіфавіч Гарбуноў выйшаў з кабіны “Амкадора”, сцёр з твару пот: “Дарэмна вы мной цікавіцеся. Я ўжо чатыры гады на пенсіі, а зараз выйшаў часова — папрасілі дапамагчы ў нарыхтоўцы кармоў”.

Ён мог  і адмовіць, бо папрацаваў дастаткова — 20 гадоў на трактары, а да гэтага вадзіцелем. Да таго ж жыве ў Старым Двары, а дапамога спатрэбілася ажно ў Сяргеевічах, за 30 кіламетраў. Але не адмовіў, бо разумее, што рабочых рук у гарачую пару не хапае. Трамбуе зялёную масу на тым жа “Амкадоры”, на якім працаваў да пенсіі. “Шкада, пайшоў трактар па руках і ўжо не такі, як быў”, — перажывае.

— У нас і яшчэ адзін пенсіянер са Старога Двара заняты на корманарыхтоўцы, — расказвала начальнік сяргеевіцкага аддзялення Алена Бярнардаўна Кісялёва. — І два Будзько з Дунілавіч: Васілій Аляксандравіч і Уладзімір Іванавіч. Каб усе  стараліся так, як яны, праблем не было б.

Аднаго з іх, Васілія Аляксандравіча, сустрэлі па дарозе ў Дунілавічы — вёз сянажную масу.

Васілій Аляксандравіч Будзько.
Васілій Аляксандравіч Будзько.

— І што гэта вы прыдумалі мяне фатаграфаваць? Я ж самы благі ў гаспадарцы. Усім начальнікам, ад меншага да большага, раблю заўвагі, — заяўляе ўпаўне сур’ёзна, а ў вачах свецяцца вясёлыя іскрынкі.

Зрэшты, так і ёсць — раўнадушна сузіраць безгаспадарчасць ён не будзе. “Ну такі чалавек Аляксандравіч! — чула я ад Алены Кісялёвай. — Акуратны, адказны, гаспадарлівы. Заўсёды прашу ў яго парады. Ды што я! Бывала, прыязджаў старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў і звяртаўся да Будзько: “Падкажы, Аляксандравіч, як лепш зрабіць?..”

Ужо не адзін год, як В. А. Будзько на пенсіі, але па-ранейшаму шчыруе на тэхніцы. Дабіваецца высокай выпрацоўкі, яго ставяць у прыклад іншым.

Такіх, загартаваных працай, шчырых і адказных вяскоўцаў, якія ўжо маюць права на адпачынак, але працягваюць працаваць, нямала. Напрыклад, у ААТ “Навасёлкі-Лучай” зараз на нарыхтоўцы кармоў занята ажно 14 пенсіянераў. Гэта трактарысты-машыністы С. Ф. Каралёнак, М. А. Шынкевіч, М. А. Кісель, С. М. Марціновіч, М. А. Рубель, З. В. Ромаш, І. А. Варабей, В. А. Сымановіч, вадзіцелі Л. І. Бугай, В. Р. Мацур, А. М. Альхімёнак, М. У. Стоцік, каваль Г. Ч. Юндзель, токар А. В. Драгун.

Ды і ў кожнай іншай гаспадарцы ёсць падобныя прыклады. Бясспрэчна, што паважаны ўзрост дае пра сябе ведаць кожнаму чалавеку. Але калі ёсць жаданне працягваць актыўны лад жыцця — знаходзяцца і сілы.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.