“Заранка” — носьбіт аўтэнтычнага фальклору


4829

Ансамбль народнай музыкі і песні “Заранка” ў складзе выкладчыкаў Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам яе дырэктара Валянціна Пятровіча Жагулы налета адзначыць 20-годдзе заснавання. 16 гадоў ён носіць званне “народны”.

— А стварыць ансамбль падштурхнуў менавіта фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”, — расказваў В. П. Жагула. — У Паставы прыязджалі розныя калектывы, якія прапагандавалі культуру і традыцыі свайго рэгіёна. Наша Варапаеўшчына таксама мае шмат скарбаў мясцовага фальклору, багатая талентамі, аўтэнтычнай музыкай і песнямі. У першых фестывалях актыўны ўдзел прымалі нашы землякі — вядомыя музыкі бацька і сын Рабі­зы, Франц Януковіч. Іх выкананне захавалася ў запісе да сённяшняга дня. Мне захацелася пераняць іх музычную спадчыну, захаваць яе самабытнасць і чысціню.

І “Заранка” з гэтым справілася. Валянцін Пятровіч знайшоў разуменне і падтрымку сярод калег. Яны перавучваліся ігры на гармоніку, цымбалах, дудзе, жалейцы, іншых інструментах, па крупінках збіралі рэдкія песні і музыку, складалі рэпертуар. Вершаванае суправаджэнне забяспечваў унікальны і надзвычай таленавіты чалавек — Зінаіда Уладзіміраўна Васілеўская. Цяпер гэтым займаецца найвопытнейшы педагог Валянціна Мікалаеўна Тамазанава.

— Яна ж кіруе вакалістамі, — гаварыў В. П. Жагула. — Спевы — самае цудоўнае з музычных мастацтваў. Але і самае складанае. З дапамогай інтанацыі, эмоцый трэба паказаць і перадаць гледачам тое, пра што гаворыцца ў  творы. Салістам ансамбля Валянціне Тамазанавай, Ірыне Козел, Алене Ліманоўскай, Іосіфу Гінько (ён жа грае на ўдарных інструментах) гэта ўдаецца. Усе яны шчыра любяць беларускі фальклор, цудоўна валодаюць навыкамі народнага выканальніцтва.

Чалавекам-універсалам, віртуозам называе В. П. Жагула маладога педагога Ігара Гваздзеўскага, які валодае некалькімі музычнымі інструментамі, прыгожа спявае, кіруе дзіцячым ансамблем “Званочкі” (пераемнік “Заранкі”), забяспечвае гукавое суправаджэнне. У руках Вольгі Танана па-асабліваму гучыць бас-гітара, чароўныя гукі на дудачцы выдае Святлана Шыкавец, мілагучна заліваюцца цымбалы Ірыны Юрковай. Па-заліхвацку грае на баяне і гармоніку сам Валянцін Пятровіч. Ён, кіраўнік ансамбля, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, займаецца аранжыроўкай твораў, вырабляе многія музычныя інструменты. Сёлета В. П. Жагула стаў лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Пастаўшчыны”. А колькі каларыту выступленням дадаюць гумарныя вядучыя праграм Гардзей Кейзік і Мікалай Атрахімовіч!

“Заранка” знаёміць слухачоў таксама з малавядомымі жамчужынамі музычнай спадчыны і з іншых куточкаў Віцебшчыны, надаючы ім арыгінальнасць і непаўторны характар гучання.

Усе ўдзельнікі ансамбля — прафесіяналы сваёй справы. Іх шматгранны талент, вакальныя здольнасці, сцэнічная культура надаюць выступленням дына­мічнасць і феерыю, зачароўваюць гледачоў, абуджаюць у іх сэрцах любоў да народнай музыкі, падымаюць настрой.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.