Жыццё ўсяму навучыла

Личности

5,3

7 чэрвеня жыхарка Гуты Ганна Васільеўна Кухальская сустракала гасцей. Нагода? Яе 90-годдзе.

Юбілярка жыве ў сваім доме, але ўпраўляцца з хатнімі справамі самастойна ўжо не можа — баляць ногі. Дапамагаюць сын з нявесткай, якія наведваюцца раніцай і ўвечары, прыносяць свежую ежу, цікавяцца самаадчуваннем, выконваюць любую яе просьбу. Пры магчымасці з Варапаева прыязджае дачка. А днём прыходзіць сацыяльны работнік Валянціна Сяткоўская. Яе Ганна Васільеўна таксама лічыць сваёй дачкой, бо тая вельмі клапо­ціцца пра падапечную.

Ініцыятарам шумнага дня нараджэння стала загадчыца Гуцкага цэнтра культуры Тамара Валянцінаўна Маслоўская. Разам з культарганізатарам Ганнай Васільеўнай Вырвіч і сямейным ансамблем Пачкоўскіх яна завітала ў дом імянінніцы. А як рада была юбілярка прыезду старшыні Варапаеўскага сельскага Савета Наталлі Мікалаеўны Седзюкевіч!

Музычны падарунак ад сямейнага ансамбля Пачкоўскіх, Т. В. Маслоўскай і  Г. В. Вырвіч.
Музычны падарунак ад сямейнага ансамбля Пачкоўскіх, Т. В. Маслоўскай і Г. В. Вырвіч.

— Чым жа я заслужыла такую ўрачыстасць, што столькі паважаных лю­дзей прыйшло да мяне? — усплёсквала рукамі. — Нават старшыня сельсавета час знайшла! Ды яшчэ і карэспандэнт прысутнічае. Увесь раён будзе ведаць пра мой юбілей. Напішыце, што кожнаму ўдзячна за ўвагу.

— А як мы маглі прамінуць гэту падзею? — гаварыла Т. В. Маслоўская. — Узрост паважаны. А  ў маладосці Ганна Васільеўна была адной з лепшых удзельніц мастацкай самадзейнасці. Сваю актыўную жыццёвую пазіцыю перадала не толькі дзецям, але і ўнукам, без якіх не абыходзіцца ні адно гуцкае свята.

Ганна Васільеўна і цяпер, нягле­дзячы на праблемы са слыхам, любіць спяваць. Толькі расцягнуў мяхі музыкант Аляксандр Пачкоўскі, а госці завялі “У церкви стояла карета”, як і сама юбілярка далучыла свой яшчэ моцны і прыгожы голас.

— Нястомная працаўніца, аптымістка, — гаварыла пра Г. В. Кухальскую загадчыца Гуцкай бібліятэкі Зоя Казіміраўна Нефядовіч. — Аматарка мастацкай літаратуры. І цяпер сацыяльны работнік бярэ ў бібліятэцы кнігі, а Ганна Васільеўна іх хутка прачытвае. Без акуляраў! І кручок у рукі бярэ. Вунь колькі розных сурвэтак  навязана!

Да нядаўняга часу ў хаце стаялі кросны. Пакрывалы, дарожкі, вышыўкі, зробленыя рукамі Г. В. Кухальскай, занесены ў картатэку майстроў народнай творчасці вёскі Гута. Работы неаднаразова экспанаваліся на розных выставах у раёне. Жыццё прымусіла ўсяму навучыцца. На долю таго пакалення выпалі цяжкія выпрабаванні. Родную вёску Ганны Васільеўны Аліхверы ў вайну немцы спалілі дашчэнту. Доўгі час прыйшлося жыць у лесе, у зямлянцы. Пасля вызвалення маладая дзяўчына дапамагала будавацца бацьку, выйшла замуж — мужу. І за плугам хадзіла, і з касой па-майстэрску ўпраўлялася.

— А якім цудоўным было дзяцінства! — уключылася ў размову стрыечная сястра Ганны Васільеўны Ангеліна Іосіфаўна. — Уявіце, тры родныя браты з сем’ямі дружна жылі ў адной хаце. Вайной цяжкасцей хапіла. Мужчыны былі ў партызанах, дапамагалі ім і жонкі. Аніна маці аднаго разу засцерагла ад смерці самога Машэрава. Ведала пра засаду немцаў і змагла аб гэтым папярэдзіць Пятра Міронавіча. Вельмі няпроста было, калі ўсё згарэла. Зямлянка, голад… Але і песні гучалі. Мы не адчайваліся, бо ўсе былі рупнымі, час дарэмна не марнавалі, таму і абжыліся хутка.

Пасля вайны Г. В. Кухальская некаторы час працавала на пошце ў Куніцкіх. А калі пераехалі ў Гуту — на мясцовым шклозаводзе. З мужам пражылі 51 год, ужо 16, як удава. І шчаслівых момантаў было, і выпрабаванні не абміналі. Але ні на што не наракае.

— Нявестцы і сыну ўдзячна за добры догляд, — казала Ганна Васільеўна, — унукам — за ласку, чужым людзям — за дабрыню, з якой да мяне адносяцца, а Богу — і за радасць, і за смутак, і за сілы, якія даваў, каб усё вытрываць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.