Змагаліся да канца


94765

Завяршылася першынство вобласці па футболе сярод каманд юнакоў 2002-2003 гадоў нараджэння. Першы круг спаборніцтваў прайшоў восенню мінулага года, другі — у красавіку-маі бягучага. Пастаўшчыну прадстаўляла каманда “ФСК-ПМЦ”. Спачатку па тэрытарыяльным прынцыпе сапернікі выявілі мацнейшых. У сваёй групе “А” пастаўчане атрымалі 10 перамог, 2 сустрэчы звялі ўнічыю, набралі 32 ачкі і занялі першае месца, апярэдзіўшы “Нафтан”, ДЮСШ Гарадка, Міёр, Полацка, Ушач, Верхнядзвінска. Лепшым бамбардзірам першынства прызнаны Герман Чалей, на рахунку якога 16 галоў.

У адпаведнасці з рэгламентам, за выніковыя прызавыя месцы былі праведзены стыкавыя матчы. У рашаючых гульнях за 1-2 месцы пастаўчане памераліся сіламі з СДЮШАР “Камсамолец” г. Віцебска. 29 мая на сваім полі яны ўступілі гасцям — 0:3. Лік не зусім па гульні: залішняе хваляванне не дазволіла пазбегнуць памылак у абароне і рэалізаваць галявыя моманты. Госці выглядалі больш упэўнена і перамаглі.У матчы ў адказ 31 мая на штучным полі цэнтральнага стадыёна абласнога цэнтра юныя пастаўчане дабіліся перамогі з лікам 1:0. У выніку па суме дзвюх сустрэч чэмпіёнам вобласці стаў “Камсамолец”, на другім месцы — ФСК-ПМЦ”, на трэцім — ФК “Нафтан”, які ў стыкавых гульнях атрымаў перамогу над СДЮШАР ФК “Віцебск”. Прызёры ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.

Каманда выказвае ўдзячнасць за падтрымку і прадастаўленую магчымасць паўдзельнічаць у абласных спаборніцтвах аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзяржаўнай установе “Пастаўскі ФСК”, Пастаўскаму мэблеваму цэнтру, прыватнаму прадпрымальніку А. В. Чалею, бацькам юных футбалістаў, а таксама работнікам футбольных стадыёнаў ФАКа і ПМЦ.

Пасля непрацяглага адпачынку юнакі “ФСК-ПМЦ” 2003-2004 гадоў нараджэння працягваюць падрыхтоўку да абласных спаборніцтваў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба “Скураны мяч-2017”. Занальныя гульні па трох узроставых групах пройдуць у Паставах 20 ліпеня, фінальныя — 28 ліпеня ў Оршы. Для выхаду ў рэспубліканскі фінал турніру пастаўчанам трэба перамагчы ўсіх сапернікаў у вобласці.

В. ГРАНТОЎСКІ, трэнер каманды.

Фота Антона Чалея.   

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.