Адметныя танцы, вясковы экстрым, эксклюзіўныя вырабы


Аляксандр Пачкоўскі і дзіцячы фальклорны калектыў Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра з кіраўніком Тамарай Валянцінаўнай Маслоўскай.
Аляксандр Пачкоўскі і дзіцячы фальклорны калектыў Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра з кіраўніком Тамарай Валянцінаўнай Маслоўскай.

Усё гэта і многае іншае прадэманстравалі таленавітыя і майстравыя пастаўчане ў абласным цэнтры падчас “Славянскага базару”.

Прыгожа, з густам аформленае “Пастаўскае падвор’е” прыцягвала да сябе віцябчан і гасцей горада. Удзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” частавалі не толькі прысмакамі, але і песнямі. Нястомна граў на гармоніку гутчанін Аляксандр Пачкоўскі, і многія спыняліся, каб паслухаць віртуоза. Малады культработнік з Дунілавіч Дзмітрый Мельнікаў сабраў вакол сябе нямала аматараў шашак. На шахматнай дошцы ўнушальных размераў хады рабілі… яблыкамі (натуральнымі, зялёнымі і чырвонымі). І гэта надавала гульні асаблівы каларыт.

А як было не зацікавіцца выставай-продажам вырабаў народных майстроў Таццяны Петух, Алесі Зайцавай, Вольгі Гукавай, Анжалікі Рэгута, Алены Крывенькай? Што яны толькі ні прадстаўлялі — касцюмы, кераміку, мяккія цацкі, валенне, ручнікі і многае-многае іншае. Ці не паў­дзельнічаць у атракцыёне народных абрадаў “Вясёлы калаўрот”?

Удзельнікі вакальнай эстраднай студыі «Славія».
Удзельнікі вакальнай эстраднай студыі «Славія».

У конкурсе тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці асабліва вызначыліся дзіцячая вакальная эстрадная студыя “Славія” пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай, камайскі тэатр песні “Вясковы экстрым” (кіраўнік — Галіна Бразюль) і Аляксандр Пачкоўскі. У поўны голас заявілі пра сябе прадстаўнікі нашага раёна і яшчэ ў трох конкурсных праграмах. Гульнёвы калектыў Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры заняў другое месца ў конкурсе “Пачынай з зарадкі кожны дзень”, ансамбль барабаншчыц Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў — трэцяе месца ў конкурсе сярод мажарэтак і барабаншчыц. Юныя танцоры з Гуты Паліна Куштэль, Арцём Кухальскі, Дар’я Кукштэль, Аляксандр Зуеў, Кацярына Галяш і Лізавета Тарасенка вызначыліся ў абласным турніры народных танцаў і адзначаны спецыяльным дыпломам у намінацыі “Адметны танец”. А тэатр авангарднай моды “Наш стыль” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі цудоўна выглядаў на арт-парадзе тэатраў мод “Модны дывертысмент”.

— Усе нашы калектывы і асобныя выканаўцы шмат папрацавалі, старанна рыхтаваліся да “Славянскага базару” і годна прадставілі раён у вобласці, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская. — Гэта ў чарговы раз пацвердзіла, што Пастаўшчына багатая на таленты і яны паспяхова развіваюцца.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.