“Дарога да святыняў” праляжа праз Варапаева

Духовность

IMG_0477

Навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” праходзіць у Беларусі 24 гады. Яна нарадзілася адначасова з Днём пісьменства. У ёй бярэ ўдзел творчая і навуковая інтэлігенцыя краіны: пісьменнікі, мастакі, музыканты, навукоўцы. Традыцыйна экспедыцыя пачынаецца ў Мінску, у Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе захоўваецца Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга, а далейшы маршрут вызначаецца ў залежнасці ад сталіцы Дня пісьменства. Сёлета побач з іншымі населенымі пунктамі Гродзенскай і Віцебскай абласцей ён праляжа і праз Варапаева. А канчатковы пункт назначэння — Полацк.

church2098_d182

На мінулым тыдні падчас сустрэчы прадстаўнікоў экспедыцыі з кіраўніцтвам нашага раёна, якая адбылася ў памяшканні Варапаеўскага сельвыканкама, быў зацверджаны маршрут экспедыцыі па Пастаўскім раёне і вырашаны неабходныя арганізацыйныя пытанні. Адзін з кіраўнікоў царкоўна-свецкага праекта “Дарога да святыняў”, Аляксандр Лапата-Загорскі, расказваў:

— Сёлета экспедыцыя будзе праходзіць пад духоўным кіраўніцтвам епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна з 30 жніўня па 3 верасня. Агульная працягласць маршруту — 1110 кіламетраў. Плануем наведаць 11 населеных пунктаў, сярод якіх Астравец, Бягомль, Докшыцы, Лепель, Ушачы і іншыя. У Варапаева незгасальная лампада з Благадатным агнём прыбудзе 31 жніўня. Яе будуць сустракаць на ўездзе ў пасёлак, пасля чаго хрэсным ходам пранясуць да мясцовага храма, дзе адбудзецца ўрачысты малебен.

На прэзентацыю праекта ў Варапаева прыехалі паэт Вадзім Спрынчан, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Акадэміі навук Ігар Шаладонаў, Людміла Мітаковіч, якая на беларускім радыё вя­дзе цыкл духоўных перадач, будучы святар Аляксандр Ярашэнка і настаяцель храма ў Барысаўскім раёне Аляксандр Пачопка. ­Удзельнікі экспедыцыі чыталі вершы, прыводзілі жыццёвыя прыклады таго, як “Дарога да святыняў” часам мяняе лёсы людзей, разважалі пра месца духоўнасці ў сучасным грамадстве. Протаіерэй Аляксандр Пачопка падкрэсліў: 

— Наша экспедыцыя заклікае людзей звярнуць увагу на сваю душу. А таксама напамінае, што царква з’яўляецца духоўнай апорай народа. Менавіта дзякуючы святлу веры, нарадзіліся беларускае пісьменства і беларуская культура.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ. 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.