Дружна папрацавалі, весела пасвяткавалі


Памятныя сувеніры — ветэранам.
Памятныя сувеніры — ветэранам.

Па добрай традыцыі, ужо ў дзявяты раз, кіраўніцтва ААТ “Навасёлкі-Лучай” пасля завяршэння веснавых палявых работ зладзіла для працаўнікоў свята. На ім прысутнічалі першы намеснік старшыні райвыканкама Г. І. Лютынскі, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу С. М. Герасіменка, партнёры. Прысутных віталі дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Ю. Ф. Шымчык, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета К. Э. Мядзведзеў.

Ю. Ф Шымчык (справа) уручае грамату Мар’яну Кісялю.
Ю. Ф Шымчык (справа) уручае грамату Мар’яну Кісялю.

Гаспадарка прырасла

У красавіку бягучага года рашэннем райвыканкама ААТ “Навасёлкі-Лучай” перададзена маёмасць аддзялення “Стары Двор”, якое да гэтага належала СП “Дунілавічы-агра”. Работу новыя гаспадары пачалі з акультурвання палёў: высякалі хмызнякі, збіралі камяні, уносілі ўдабрэнні, засявалі. На жаль, надвор’е выпрабоўвала і выпрабоўвае земляробаў на моц сялянскага характару, уменне аператыўна ўдасканальваць як арганізацыйныя падыходы, так і тэхналагічныя працэсы. Не з усімі запланаванымі работамі ўдавалася справіцца ў вызначаны тэрмін. Тым не менш ворыва глебы правялі на 2000 гектараў, распачалі сяўбу. З-за дажджоў прастаялі 11 дзён. А калі зноў уключыліся ў работу, некаторыя адзінкі тэхнікі працавалі на буксіроўцы, месцамі прыходзілася сеяць у дзве цягі. Людзі прыкладалі ўсе намаганні, каб завяршыць веснавую сяўбу, падкарміць азімыя, зрабіць хімічную праполку пасеваў. Некаторыя працавалі па 14-16 гадзін у дзень, а таксама ў начны час.

Толькі справіліся з веснавымі работамі, як прыйшла пара корманарыхтоўкі. У гаспадарцы нарыхтавана 19265 тон сенажу, 311 тон сена, на адну ўмоўную галаву жывёлы ёсць па 10,4 цэнтнера кармавой адзінкі — на 0,7 цэнтнера больш, чым на адпаведны перыяд мінулага года. Немалыя надзеі ўскладаюцца на другі ўкос траў, кукурузу.

Тэмпы росту валавой прадукцыі ў параў­нанні з адпаведным перыядам мінулага года склалі 107,4 працэнта, у тым ліку ў жывёлагадоўлі — 109, раслінаводстве — 96,7.

Яны занесены на Дошку гонару гаспадаркі.
Яны занесены на Дошку гонару гаспадаркі.

За лічбамі — старанне людзей

— Усё, што маем, здабыта вашай працай, — гаварыў Ю. Ф. Шымчык. — У напружаны перыяд вы не лічыліся з часам, рабілі ўсё, што было ў вашых сілах, каб з вызначаным аб’ёмам работ справіцца ў сціслыя тэрміны. Нехта з вас вырошчвае хлеб, убірае яго, хтосьці атрымлівае і перапрацоў­вае прадукцыю жывёлагадоўлі.  У канчатковым выніку намаганні кожнага накіраваны на дасягненне агульнай мэты — не толькі зрабіць лепшым сваё жыццё, але і ўмацаваць эканоміку гаспадаркі.

Людзі, якія сумленна працуюць на зямлі, у гаспадарцы заўсёды ў пашане. Фота­здымкі найлепшых занесены на Дошку гонару. Яны адзначаны таксама грашовымі прэміямі ў памеры пяці базавых велічынь. Кіраўнік гаспадаркі ўручыў на свяце граматы і грашовыя прэміі больш чым 60 чалавекам. Па некалькі разоў падыходзілі за ўзнагародамі механізатары Мар’ян Кісель, Руслан Шымко, Яніс Вішнеўскі, Аляксандр Смолка, Аляксандр Федаронак, Юрый Татарчук, Мікалай Шынкевіч, Валерый Мацур, Віктар Лешчык, Анатолій Счасны, Анатолій Якубёнак, Аляксандр Муляронак і іншыя, хто вызначыўся ў розных відах работ. Аляксандр Федаронак, Мар’ян Кісель і Юрый Татарчук удастоены Ганаровых грамат абкама прафсаюза работнікаў АПК, а Юрый Гваздоў і Сяргей Салонінка атрымалі такія граматы ад райкама прафсаюза. Іх уручыў С. М. Герасіменка.

Юрый Францішкавіч таксама адзначыў агранамічную службу на чале з Верай Мукель, начальнікаў аддзяленняў Уладзіслава Шаршнёва, Славаміра Ландышку, Сяргея Савіцкага, Ірыну Елізаранка, Віктара Ластоўскага. Дзякуючы інжынернай службе, якую ўзначальвае малады, але адказны і ініцыятыўны Яўгеній Вішнеўскі, тэхніка пастаянна ў рабочым стане. Нямала сіл для гэтага прыкладваюць Валерый Кянько, Уладзіслаў Жалейка, Віталій Літві­нёнак, Сяргей Міхалевіч. Якасны  рамонт і абслугоўванне своечасова забяспечваюць Аляксандр Драгун, Уладзімір Чандырын, Анатолій Мацук, Гілярый Юндзель, Юрый Шорац, Генадзій Мацур.

Стабільна і дынамічна развіваецца жывёлагадоўля. За шэсць месяцаў бягучага года атрымана 4523 тоны малака, што на 535 тон больш, чым за такі перыяд летась. У заліковай вазе рэалізавана 4383 тоны, 98,7 працэнта малака прынята сортам “экстра”. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у раёне. 2295 тон даў рабатызаваны комплекс “Коўзаны”. Сярэдні надой ад каровы тут склаў 3648 кілаграмаў, сярэднядзённая выручка — 6,8 тысячы рублёў, за паўгоддзе — 1178 тысяч. За гэтымі дасягненнямі — штодзённая напружаная праца загадчыка фермы Леаніда Дунца, асемянатара Святланы Салонінка, заатэхніка Таццяны Жахоўскай, аператараў машыннага даення Таццяны Ландышка, Алены Хоміч, Ганны Шалякінай, Таццяны Пронька, Вольгі Арлоўскай, Ядвігі Добыш, Віталія Сайдака, а таксама ўсіх членаў калектыву комплексу.

— За паўгода ў гаспадарцы вырашчана 605 тон мяса буйной рагатай жывёлы. Вытворчасць свініны склала 166 тон і павялічылася на 20,2 тоны, — гаварыў Ю. Ф. Шымчык. — Варта адзначыць, што 25 працэнтаў ад усяго вырашчанага ў раёне мяса прыпадае на ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Хачу падзякаваць ветэрынарнай службе на чале з Аляксандрам Жытковічам, загадчыкам ферм Вікторыі Вартазаран, Вользе Варашкевіч, Марыі Даўгель, Валерыю Лапко, Святлане Палітыка, Галіне Якубовіч, Ірыне Мотуз, Валянціне Мацур, Бажэне Цудня за ўменне арганізаваць работу і дасягнутыя паказчыкі. Асаблівая ўдзячнасць Яўгеніі Уладзіміраўне Гродзь, якая не адзін дзясятак гадоў узначальвала ферму ў Навасёлках і толькі нядаўна пайшла на заслужаны адпачынак.

Не абдзялілі ўвагай ветэранаў. Многія з іх, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, застаюцца ў страі, радуюцца дасягнутым поспехам, перадаюць свой багаты прафесійны вопыт маладым, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. На свяце ім былі ўручаны памятныя сувеніры.

Аляксандр Федаронак.
Аляксандр Федаронак.

Хапае спраў будаўнікам

Каб замацаваць у гаспадарцы кадры, у першую чаргу людзей трэба забяспечыць жыллём. У Коўзанах прадаўжаецца аднаўленне трох чатырохкватэрных дамоў, вядзецца распрацоўка праектнай дакументацыі на завяршэнне будаўніцтва яшчэ трох, рамантуюцца мехмайстэрні. 

У Старым Двары адрамантаваны дзве сянажныя траншэі, вядзецца рамонт майстэрняў і дыспетчарскай, рэканструюецца сталовая ў Навасёлках. Гэтыя работы выконваюцца як падрадным, так і гаспадарчым спосабам. Словы падзякі кіраўнік гаспадаркі адрасаваў прарабу Аляксандру Касцюку, будаўнікам Міхаілу Малатоўніку, Юрыю Мяжво, Леаніду Пінчуку. 

Работнікі свінафермы Юрый Галянтыча і Кацярына Петрусевіч.
Работнікі свінафермы Юрый Галянтыча і Кацярына Петрусевіч.

І феерверк расквеціўся

Не так многа ў вяскоўцаў выхадных і святаў. Таму кіраўніцтва ААТ “Навасёлкі-Лучай” з года ў год імкнецца зрабіць праграму ўрачыстасці цікавай і насычанай. Як заўсёды, нельга было абмінуць духмяную юшку рыбгаса “Навінкі”, смачны навасёлкаўскі шашлык, салодкую вату, марожанае і многае іншае, што прапаноў­валі работнікі дзяржаўнага і прыватнага гандлю. Шмат забаў было дзецям. Музычныя падарункі вяскоўцам дарылі ўдзельнікі сталічнай арт-групы ”Фантазія”, а таксама Аляксандр Апанасевіч, Аляксандр Кандыбін, эстрадная група “25 плюс-мінус”. Пад іх песні жыхары Навасёлак і госці танцавалі да поўначы. А затым любаваліся яркім феерверкам, які  расквеціўся ў Навасёлках упершыню.

 Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара і Антона ЧАЛЕЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.