Галоўны клопат — стварэнне бяспечных умоў працы

Экономика

Начальнік дыстанцыі Аляксандр Кандыбін, сакратар пярвічкі БРСМ Надзея Кімбар і старшыня прафкама Вера Ушкур за падвядзеннем вынікаў работы.
Начальнік дыстанцыі Аляксандр Кандыбін, сакратар пярвічкі БРСМ Надзея Кімбар і старшыня прафкама Вера Ушкур за падвядзеннем вынікаў работы.

Участкі Варапаеўскай дыстанцыі пуці знахо­дзяцца на тэрыторыі  шасці  раёнаў. Гэтымі абставінамі ў першую чаргу і  вызначаюцца спецыфіка і складанасць работы як адміністрацыі, так і прафсаюзнай арганізацыі. Адметна, што ў радах апошняй абсалютна ўсе работнікі  дыстанцыі, а гэта больш за 300 чалавек. Не пакінулі  яе і тыя, хто выйшаў на пенсію. 145  былых работнікаў падтрымліваюць пастаянную сувязь з калектывам, многія  прадаўжаюць актыўна ўдзельнічаць у яго грамадскім жыцці. І першыя, і другія перакананы, што іх прафсаюз — тая арганізацыя, дзе можна знайсці падтрымку і абарону.

16 гадоў гэтым вялікім і ўплывовым грамадскім фарміраваннем кіруе  Вера Ушкур. Добры спецыяліст і арганізатар, да таго ж спагадлівы чалавек, яна  выступае  пасрэднікам паміж наймальнікам і работнікамі,  умела спалучае дыпламатыю з патрабавальнасцю. У выніку заўсёды знаходзіць падтрымку ў кіраўніка. Агучвае рэальныя патрэбы і праблемы, не перакладвае іх на плечы адміністрацыі, а разам з ёй вырашае іх. Гэта тычыцца і  забеспячэння рабочых спецвопраткай і абуткам, маральнага і матэрыяльнага заахвочвання, аздараўлення і многа чаго яшчэ з жыццядзейнасці чалавека. Работа прафсаюзнага лідара звязана з людзьмі, якіх трэба ўмець выслухаць, зразумець, калі патрэбна — дапамагчы абараніць іх  інтарэсы.

— Самы галоўны наш клопат — гэта стварэнне і захаванне бяспечных умоў працы, — гаварыла старшыня прафкама Вера Яўгенаўна. — Здароўе чалавека — найвялікшае багацце, і нельга дапусціць, каб па недаглядзе ці выпадковасці ён страціў яго на рабочым месцы. У гэтым кірунку многа гадоў дзейсна працуе пастаянная камісія прафкама. 42 грамадскія інспектары дапамагаюць адміністрацыі  і людзям не дапусціць няшчасных выпадкаў. І гэта ім удаецца. Нашы інспектары  Алег Разумоўскі і Станіслаў Кішко  прызнаваліся лепшымі ў калектыве.

— Мы пільна сочым таксама за захаваннем заканадаўства аб працы, — працягвала яна. — У прыватнасці, тэрмінаў выплаты заработнай платы, адпускных, разлікаў пры звальненні, за тым, каб выконваліся ўсе палажэнні калектыўнага дагавора.

Наймальнік і прафкам прадугледзелі, бадай, усе нагоды для падтрымкі членаў калектыву — ад нара­джэння дзяцей, стварэння сям’і, юбілеяў і да адыходу ў  нябыт. Не абмінулі ўвагай і клопатам шматдзетныя сем’і і тых, хто многа гадоў і сіл аддаў дзеля  сённяшняга дабрабыту калектыву. У павазе і пашане  ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і воіны-інтэрнацыяналісты. Кожнаму ў залежнасці ад  важкасці па­дзеі, стажу работы прадугледжана матэрыяльная падтрымка. А ў дадатак да гэтага аздараўленне работнікаў і іх дзяцей, пакупка абанементаў у басейн, білетаў на выступленні прафесійных артыстаў. Кожны год работнікі дыстанцыі бываюць на канцэртах “Славянскага базару” ў Віцебску. Не стаў выключэннем і сёлетні.

І самі чыгуначнікі не супраць паказаць свой талент, спартыўную загартоўку на розных  раённых і абласных мерапрыемствах. Начальнік дыстанцыі Аляксандр Кандыбін стаў адкрыццём конкурсу “Таленты нашай магістралі”, паспяхова  выступілі ў ім і дзеці  варапаеўскіх чыгуначнікаў.

Цяпер адміністрацыя і прафкам рыхтуюцца да  Дня чыгуначніка. Па традыцыі, ён пройдзе ў гарпасялковым парку, збярэ ўсіх гараджан. У Варапаеве гэта свята ўсіх жыхароў пасёлка. На ім будуць падведзены вынікі  работы за паўгоддзе, агучаны імёны тых, хто сваёй сумленнай працай заслужыў быць занесеным на Дошку гонару, пройдуць спаборніцтвы па валейболе і футболе на пераходны Кубак дыстанцыі пуці, шашачны турнір. І для ўсіх — канцэрт прафесійных артыстаў.

— Стараемся, каб жыц­цё членаў нашага калектву было заможным, насычаным на цікавыя падзеі, знаёмствы, сустрэчы, — падвяла рысу пад нашай размовай Вера Ушкур. — Усіх, хто мае дачыненне да прафесіі чыгуначніка, віншую з прафесійным святам, якое адбудзецца 6 жніўня.

Тамара ПАШКЕВІЧ.

Фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.