Мэтанакіравана, зладжана

Местная власть

Намеснік старшыні аблвыканкама А. С. Мацкевіч (другі злева) разам з часова выконваючым абавязкі начальніка Смаргонскай пагранічнай групы У. У. Мельнічэнкам, старшынёй Ярэўскага сельскага Савета П. А. Скрыдлеўскім і начальнікам Полацкага пагранічнага атрада У. Л. Бруевым слухаюць тлумачэнні камандзіра Ярэўскай добраахвотнай дружыны А. Ф. Тарасевіча.
Намеснік старшыні аблвыканкама А. С. Мацкевіч (другі злева) разам з часова выконваючым абавязкі начальніка Смаргонскай пагранічнай групы У. У. Мельнічэнкам, старшынёй Ярэўскага сельскага Савета П. А. Скрыдлеўскім і начальнікам Полацкага пагранічнага атрада У. Л. Бруевым слухаюць тлумачэнні камандзіра Ярэўскай добраахвотнай дружыны А. Ф. Тарасевіча.

11 ліпеня ў Пастаўскім райвыканкаме адбылося пашыранае пасяджэнне камісіі пры Віцебскім абласным выканаўчым камітэце па пытаннях правядзення дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі вобласці.

На сістэмнай аснове

У рабоце нарады прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама А. С. Мацкевіч, старшыні Пастаўскага, Міёрскага, Верхнядзвінскага, Браслаўскага райвыканкамаў, іх намеснікі, начальнікі фінансавых ад­дзелаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, праваахоўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі, старшыні прыгранічных сельскіх Саветаў нашага раёна, камандзіры добраахвотных дружын.

Прысутных вітаў старшыня райвыканкама С. В. Чэпік. Ён расказаў пра раён, яго сацыяльна-эканамічнае развіццё і ўзаемадзеянне з органамі пагранічнай службы па забеспячэнні пагранічнай бяспекі. Затым з дакладамі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, часова выконваючы абавязкі начальніка Смаргонскай пагранічнай групы У. У. Мельнічэнка, начальнік Полацкага пагранічнага атрада У. Л. Бруеў, галоўны рэдактар раённага тэлебачання “Паставы-ТБ” Ю. В. Лазікевіч.

Наш раён невыпадкова быў выбраны для пасяджэння камісіі. Дзейнасць па рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на Пастаўшчыне праводзіцца на сістэмнай аснове ў адпаведнасці з планамі сумеснай работы райвыканкама і Смаргонскай пагранічнай групы, носіць комплексны характар. Не радзей за адзін раз у паўгода праходзяць службовыя нарады з удзелам кіраўніцтва раёна, камандавання пагранічнай групы, прадстаўнікоў УП ЖКХ, дарожных службаў, старшынь сельскіх Саветаў, камандзіраў добраахвотных дружын. На іх распрацоўваюцца канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўдасканаленне аб’ектаў прыгранічнай інфраструктуры, інфармацыйнага і ідэалагічнага забеспячэння, назначаюцца адказныя за выкананне і тэрміны. Вялікая ўвага надаецца фарміраванню ў насельніцтва прыгранічча правільнага ўяўлення пра выклікі і пагрозы на пагранічнай прасторы, яго ролі ў забеспячэнні пагранічнай бяспекі.

З улікам напружанай міжнароднай абстаноўкі, выкліканай ваеннымі сутыкненнямі ў краінах блізкага і далёкага замежжа, і, як вынік, абвастрэннем міграцыйных працэсаў, прымаючы пад увагу негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з незаконным перамяшчэннем праз Дзяржаўную граніцу людзей і грузаў, пытанні пагранічнай бяспекі набываюць асаблівую актуальнасць. Ва ўсім свеце, а ў Еўропе ў першую чаргу, пагранічная бяспека выйшла на першае месца.

Сумесна з насельніцтвам

За бягучы перыяд гэтага года на тэрыторыі раёна супрацоўнікамі РАУС сумесна з аператыўнымі супрацоўнікамі пагранічнай групы затрыманы 5 парушальнікаў дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь і 15 — пагранічнага рэжыму, спынена 10 незаконных перамяшчэнняў праз  граніцу матэрыяльных каштоўнасцей на суму 24987 рублёў, затрымана 13 штук боепрыпасаў, 46 тысяч пачак цыгарэт. Сярод тых, хто спрабаваў нелегальна трапіць у Еўрасаюз, грамадзяне В’етнама, Пакістана.

— Згодна са статыстыкай Інтэрпола, больш за 90% мігрантаў і іх пасобнікаў звязаны з крымінальнымі структурамі, — гаварыў У. У. Мельнічэнка. — Сёння яны незаконна пранясуць праз дзяржаўную граніцу цыгарэты, правядуць мігрантаў, а заўтра ў зваротным напрамку па гэтых каналах пераправяць да нас сінтэтычныя наркотыкі, курыльныя сумесі, зброю і г.д. Актуальнай праблемай застаецца выкарыстанне парушальнікамі заканадаўства аб дзяржаўнай граніцы старых, пакінутых пабудоў. Яны прыстасоўваюць іх для складзіравання тавара-матэрыяльных каштоўнасцей, вядуць адтуль назіранне за дзеяннямі пагранічных нарадаў, адпачываюць у іх. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады неабходна неадкладна правесці абследаванне пакінутых пабудоў і прыняць канкрэтныя меры па іх зносе.

У раёне праводзіцца сістэмная работа па прыцягненні суб’ектаў гаспадарання, мясцовага насельніцтва да аховы Дзяржаўнай граніцы. Рашэннем райвыканкама зарэгістраваны Ярэўская, Лынтупская, Палеская і Мулярская добраахвотныя дружыны. Асаблівая ўвага ўдзяляецца падбору дружыннікаў з ліку жыхароў мясцовых сельсаветаў. Тыя, хто праяўляе асаблівую пільнасць і рашучасць, заахвочваюцца райвыканкамам, камандаваннем Смаргонскай пагранічнай групы і Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь.

У. У. Мельнічэнка падзякаваў раённай уладзе за разуменне задач па ахове дзяржаўнай граніцы, канструктыўнае і аператыўнае вырашэнне пытанняў, дапамогу  па забеспячэнні пагранічнай бяспекі, а таксама дырэктару УП ЖКГ І. Г. Глушонку за дапамогу ва ўдасканаленні інфраструктуры спрошчанага пункта пропуску “Мольдзевічы” і былому дырэктару ААТ “Камайскі-агра” А. В. Сарапененку за садзейнічанне ў апрацоўцы кантрольна-следавых палос.

І праз сродкі масавай інфармацыі

Немалаважнае значэнне ў плане забеспячэння пагранічнай бяспекі адводзіцца сродкам масавай інфармацыі. У раённай газеце, перадачах “Паставы-ТБ” і радыё рэгулярна размяшчаецца аператыўная інфармацыя, якая датычыць змен у рабоце пунктаў пропуску, выяўлення кантрабанднай прадукцыі, парушэнняў пагранічнага рэжыму, даюцца тлумачэнні па асноўных палажэннях нарматыўна-прававых актаў, аб мясцовым прыгранічным перамяшчэнні, расказваецца пра жыццё прыгранічча, лепшых ваеннаслужачых. За актыўнае ўзаемадзеянне з органамі пагранічнай службы, правядзенне інфармацыйнай работы з мясцовым насельніцтвам у інтарэсах аховы Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь  У. У. Мельнічэнка ад імя камандавання Смаргонскай пагранічнай групы ўручыў Ганаровыя граматы галоўнаму рэдактару раённай газеты “Пастаўскі край” Ф. А. Касаткінай і аўтару гэтых радкоў.

З удзелам грамадскіх арганізацый

Падчас пасяджэння ў райвыканкаме.
Падчас пасяджэння ў райвыканкаме.

Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з ваеннаслужачымі ад­дзела пагранічнай службы “Паставы”, вайсковай часці 2044, грамадскімі арганізацыямі “БРСМ”, “Белая Русь”, дапрызыўнай моладдзю, навучэнцамі школ і каледжа, супрацоўнікамі ваеннага камісарыята, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама пастаянна праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю пагранічнай службы, фарміраванне патрыятызму. З гэтай мэтай арганізуецца наведванне маладымі людзьмі, прадстаўнікамі грамадскіх і ветэранскіх арганізацый пагранічнай камендатуры “Паставы”, пагранічных застаў “Лынтупы” і “Ярэва”.

А ў СШ №4 створаны ваенна-патрыятычны клас пагранічнай накіраванасці, дзейнічаюць 4 атрады юных сяброў пагранічнікаў, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах больш за 50 дзяцей. Удзельнікі нарады пабывалі ў СШ №4, дзе кіраўнік гуртка “Абаронца Айчыны” С. І. Машкоў расказаў пра арганізацыю ваенна-патрыятычнага выхавання, а навучэнцы — пра тыя мерапрыемствы, у якіх яны ўдзельнічалі, а яшчэ прадэманстравалі некаторыя свае ваенныя навыкі.

Тэарэтычна і практычна

Экскурсію праводзіць начальнік пагранічнай заставы «Ярэва» Д. А. Сімончык.
Экскурсію праводзіць начальнік пагранічнай заставы «Ярэва» Д. А. Сімончык.

Наступным пунктам наведвання стала пагранічная застава “Ярэва”. Экскурсію правёў начальнік заставы Д. А. Сімончык. Разам з камандзірам Ярэўскай дабраахвотнай дружыны А. Ф. Тарасевічам ён расказаў пра арганізацыю ўзаемадзеяння пагранічнай заставы і дружыны. Спецыялісты Смаргонскага кіналагічнага цэнтра прадэманстравалі як службовыя сабакі дапамагаюць затрымліваць парушальнікаў, шукаюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, пераадольваюць паласу перашкод.

Пераадоленне паласы перашкод.
Пераадоленне паласы перашкод.

— Сённяшняе пасяджэнне камісіі было крыху незвычайным, — сказаў у заключэнне намеснік старшыні аблвыканкама Алег Сяргеевіч Мацкевіч. — Мы адышлі ад тэорыі і працавалі ў практычным рэжыме: пазнаёміліся з ваенна-патрыятычным класам, убачылі ўмовы службы на пагранічнай заставе, даведаліся пра сумесную работу дружыннікаў і пагранічнікаў, ацанілі дзеянні кінолагаў і службовых сабак. Вопыт пастаўчан у плане супрацоўніцтва раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, насельніцтва, ваеннаслужачых органаў пагранічнай службы варты пераймання. Работа па забеспячэнні пагра­нічнай бяспекі тут вядзецца сістэмна, мэтанакіравана, зладжана.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.