Нават фандзю і беларускія сушы


6489

На мінулым тыдні адгучалі заключныя фанфары XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Калі адны на ім адпачывалі і весяліліся — іншыя нястомна працавалі, стараючыся для шматлікіх удзельнікаў свята і гасцей. У ліку апошніх, як заўсёды, былі работнікі гандлю.

Сёлета агульная працягласць гандлёвых радоў, якія раскінуліся на 17 пляцоўках горада, склала каля 10 кіламетраў. На іх размясціліся 20 павільёнаў прадпрыемстваў дзяржаўнага і прыватнага гандлю, у тым ліку сістэмы спажыўкааперацыі Віцебшчыны. І гэта не лічачы 600 нестацыянарных гандлёвых аб’ектаў і 31 падворка! Па традыцыі, на працягу ўсяго фестывалю сваю прадукцыю яго ўдзельнікам прапаноўвалі і пастаўскія кааператары.

— На “Славянскім базары” мы знаходзіліся з 10 па 19 ліпеня ўключна, — расказвала вядучы таваразнаўца райспажыўтаварыства Наталля Леанідаўна Артамонава. — За гэты час на ім давялося папрацаваць многім работні­кам філіяла “Каапгандаль №2” — тэхнолагам, поварам, таваразнаўцам, прадаўцам, кухонным і іншым рабочым. Ездзілі ў дзве змены — з 10 па 14 і з 15 па 19 ліпеня. А некаторыя нашы калегі, у прыватнасці Ірына Станіславаўна Горбуль, Святлана Валяр’янаўна Журомская і Ларыса Іванаўна Адамовіч, наогул адпрацавалі на фестывалі “ад званка да званка”. З сабой вазілі прадукцыю грамадскага харчавання, шокавую замарозку, шашлыкі. Фішкай, якая выгадна адрознівала наш падворак ад іншых, было фандзю, прыгатаванне страў на вачах у пакупнікоў.

Гандлявалі пастаўскія кааператары — а месцам іх размяшчэння была вуліца Калініна, побач з паркам Перамогі —  кругласутачна. За 10 дзён выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 25 тысяч рублёў. Гэта менш, чым атрымалі летась, паколькі тады стаялі ў самым цэнтры горада, на плошчы Свабоды. Сваю ролю адыгралі і ўмовы надвор’я: калі ў сонечныя дні ўдавалася выручыць 4,5-5 тысяч рублёў, то ў дажджлівыя — толькі 1,2-1,5 тысячы. Але, нягледзячы на дождж, на нашым падворку са стылі­заванай вясковай хатай, ветраным млынам і калодзежам амаль ніколі не было бязлюдна. Найбольш жа гасцей прынялі ў чацвер, 13 ліпеня, калі публіку завабліваў песнямі Аляксандр Апанасевіч.

Па словах інжынера-тэхнолага філіяла “Каапгандаль №2” Алены Вацлаваўны Штуро, попытам карысталася ўся  пастаўская прадукцыя. Асабліва добра куплялі шашлыкі, курэй-грыль, бульбу-фры, фрэнч-догі, гамбургеры, піцу. Спадабаліся віцяблянам і гасцям горада на Дзвіне таксама наша мясное фандзю і беларускія сушы з грачаных круп і проса з салам, ялавічынай, марынаваным агурком і морквай. Рэцэпт сушы распрацавала і гатавала для гасцей майстар-повар рэстарана «Світанак» Галіна Анатольеўна Зямчонак (на здымку). Да іх падавала яшчэ і аўтарскія соусы з парэчак, вішань і клубніц.

Для наведвальнікаў пастаўскага падворка стараліся таксама повары кафэ “Паазер’е” — Наталля Віктараўна Гутар, “Церамок” — Юлія Танана, “Камелія” — Вольга Лапушынская, бара “Лагуна” — Вікторыя Віхцюк і малады практыкант Ільдар Ражко, які сёлета закончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж і літаральна праз некалькі дзён прыйдзе працаваць у райспажыўтаварыства. Для моладзі гэта была добрая праверка на прафесіяналізм, якую яны, як і іншыя работнікі спажывецкай кааперацыі раёна, з гонарам вытрымалі.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.