Пацэліць за 2 секунды


Алег Карпік уручае падарунак Уладзіміру Станчыку.
Алег Карпік уручае падарунак Уладзіміру Станчыку.

У адну з субот чэрвеня ў кашыцкім кар’еры, які вызначаны для прыстрэлкі паляўнічай зброі, па ініцыятыве раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” (БТПР) праводзіліся спаборніцтвы па стральбе па талерачках.

Кожную паляўнічую дачу (а іх у раёне восем) прадстаўлялі па тры стралкі. Сярод удзель-нікаў былі як маладыя паляўнічыя, так і са стажам. Дырэктар раённай арганізацыйнай структуры БТПР Алег Алегавіч Карпік прывітаў усіх і азнаёміў з правіламі і ўмовамі спаборніцтваў, нагадаў тэхніку бяспекі.

За тры выстралы трэба было збіць тры талеркі (іх са спецыяльнага прыстасавання па камандзе стралкоў запускаў егер Дварчанскай паляўнічай дачы Аляксандр Антонавіч Чатовіч). У паветры мішэнь, якая імітуе палёт птушкі, знаходзіцца прыкладна 2-3 секунды. Першым стралкам трапіць у цэль не пашанцавала — мішэні “прызямліліся” непашкоджанымі. Пачаліся нараканні на тое, што талеркі ляцяць занізка, не па той траекторыі. Калі ж адну з іх збіў паляўнічы са стажам пастаўчанін Уладзімір Іванавіч Стубайла, сумненні крыху адступілі. Пашчасціла і Аляксандру Зарэцкаму з Дварчанскай дачы. Трапным аказаўся таксама і Аляксандр Гінько з Ярэва.

Аляксандр Гінько і Аляксандр Зарэцкі.
Аляксандр Гінько і Аляксандр Зарэцкі.

— У лесе звычайна адчуваеш сябе спакойна і ўпэўнена, на спаборніцтвах прысутнічае хваляванне, — дзяліліся эмоцыямі. — На паляванні ты адзін, а тут — журы, сапернікі, іншыя назіральнікі. Патрэбны цвёрдая рука, пільнае вока і надзвычайная рэакцыя.

Сочачы за ходам спаборніцтваў, пераканалася, што трапнаму стралку нішто не перашка­джае. Гэта і даказаў 67-гадовы Уладзімір Альфонсавіч Станчык з Пастаў: тры талеркі адна за адной разляцеліся, як кажуць, у дробны мак.

— Стральба — гэта спорт для сапраўдных мужчын, — гаварыў ён. — Прыехаў паназіраць. Паляванне — маё хобі. Не адзін дзясятак гадоў узначальваў Ярэўскую дачу. Колькі кіламетраў наматаў па лесе! Нярэдка вяртаўся з трафеямі. Па талерках ніколі не страляў. Вырашыў паспрабаваць. Цяпер найчасцей палюю на качак — адсюль і прыцэл.

— Я таксама вялікі аматар палявання, — гаварыў Аляксандр Гінько. — І ў спаборніцтвах пастаянна ўдзельнічаю — гэта дадатковая магчымасць праверыць сябе, азарт саперніцтва. Быў у лідарах летась, калі стралялі па мішэні “Бягучы кабан”, і сёлета ўдача не абмінула.

Падчас стральбы паляўнічыя падтрымлівалі адзін аднаго добрымі парадамі. Пераможца вызначаўся па колькасці паспяховых выстралаў. Калі тры ўдзель­нікі траплялі ў аднолькавую колькасць мішэняў, ім даваўся дадатковы шанс.

У выніку ў індывідульным заліку бясспрэчна лідзіраваў У. А. Станчык, на другім месцы А. Г. Гінько, на трэцім — А. Я. Зарэцкі. Алег Алегавіч Карпік павіншаваў самых трапных стралкоў і ўручыў ім прызы.

Затым усе накіраваліся да кастрышча на водар свежай юшкі, якую традыцыйна варылі Аляксандр Антонавіч Чатовіч і егер Ярэўскай дачы Часлаў Фляр’янавіч Шырэй.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.