Прыгажосць на адзін дзень (+ фота)


1

Кожны чалавек сваім вольным часам распараджаецца па-рознаму. Маёй калезе Людміле Клімюк пасля працоўнага дня напружанне і стомленасць дапамагае здымаць вышыванне, па вечарах яна практыкуе скандынаўскую хадзьбу. Ёсць у яе і яшчэ адна аддушына — кактусы. Пагадзіцеся, далёка не кожны ў гэтых калючых кветках бачыць прыгажосць, і толькі ў адзінак яны рэгулярна квітнеюць.

У Людмілы Клімюк на падаконніку сёння жывуць больш за паўсотні кактусаў розных відаў і ўзросту. Да прыкладу, ёсць “доўгажыхар”, якому ўжо 30 гадоў.

— Мне яго падарылі на заканчэнне інстытута, — успамінае Людміла. — З раслінамі я прывыкла абыходзіцца, як з людзьмі: беражліва. Мне давялося шмат разоў пераязджаць з адной кватэры на другую ў розных гарадах, але заўсёды брала яго з сабой. Сёння мне прасцей папаўняць сваю “калючую калекцыю”: літаральна любы від можна знайсці праз інтэрнэт у такіх жа аматараў-кветкаводаў. Акрамя таго, я навучылася ўласнаручна іх вырошчваць з насення, хаця гэта і надзвычай працаёмкі працэс, які займае не адзін год.

Нашы кліматычныя ўмовы для кактусаў не родныя, а таму вырошчваць іх складана. Хаця і бытуе думка пра тое, што гэта самыя непатрабавальныя расліны. Насамрэч, дачакацца ад іх кветак могуць толькі самыя вопытныя і цярплівыя. Кожнаму віду кактусаў трэба падабраць свой пэўны састаў зямлі, своечасова пераса­дж­­ваць і строга сачыць за правільным палівам. Самы складаны перыяд як для кактусаў, так і для іх уладальнікаў — зіма. Каб расліны не загінулі і не страцілі форму, трэба пастарацца. Людміла сваім калючым жыхарам падаконніка арганізуе на гэты час поў­ны спакой: не палівае, не перастаўляе з месца на месца і падтрымлівае пастаянную тэмпературу 12-15 градусаў. Звычайна, у знак удзячнасці сваёй гаспадыні за такі камфортны адпачынак кактусы з вясны па чарзе пачынаюць квітнець.

 

IMG_20170423_163750

— Іншы раз не адзін год рупішся над тым, каб убачыць кветку на кактусе, з нецярпеннем кожную раніцу заглядваеш на пад­аконнік, ці распусціўся запаветны бутон, а потым парадуешся незвычайнай прыгажосці літаральна адзін дзень — і ўсё, — гаворыць Людміла. — Напэўна, таму не так многа людзей разво­дзяць кактусы. Доўгачаканая іх прыгажосць такая мімалётная, але мне ніколькі не шкада сваіх намаганняў. Яны таго вартыя.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.  

no images were found

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.