Справіць наваселле дапаможа банк

Общество

2

Нягледзячы на тое, што ў апошні час у Беларусі актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, мець уласны дом або кватэру па-ранейшаму мараць многія нашы суайчыннікі. Самастойна вырашыць жыллёвае пытанне большасць з іх не ў стане. Кошт жылля і памер даходаў не дазваляюць купіць або пабудаваць яго за кароткі тэрмін. Даводзіцца гадамі збіраць грошы, адмаўляючы сабе ва ўсім, тады як інфляцыя абясцэньвае сабраныя сумы. А льготнае крэдытаванне грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з гэтага года адменена.

Дык як стаць шчаслівымі навасёламі? Адказ на гэта пытанне ведае галоўны спецыяліст па крэдытаванні фізічных асоб аддзела рознічных паслуг РКЦ №17 у г. Паставы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” — Віцебскае абласное ўпраўленне Ганна Аляксандраўна СМІРНОВА, якую карэспандэнт “ПК” запрасіла да размовы.

— Выйсце — у атрыманні крэдыту на агульных умовах, — зазначыла яна. — Пры гэтым не мае ніякага значэння, маеце вы патрэбу ў жыллі або збіраецеся купляць другі дом, ёсць у вас уласныя зберажэнні ці няма. На сённяшні дзень “Белаграпрамбанк” прапануе сваім кліентам крэдыты як на набыццё жылля на другасным рынку, так і на будаўніцтва новага — прыватнага дома або кватэры. Тэрмін крэдытавання ў абодвух выпадках аднолькавы — да 20 гадоў. Асноўная працэнтная стаўка — стаўка рэфінансавання плюс 3%. У першыя два гады яна з’яўляецца льготнай і раўняецца стаўцы рэфінансавання, якая зараз складае 13% гадавых.

— А на якую суму выдаецца крэдыт?

— Пры пакупцы жылля мы крэдытуем да 90% яго кошту, які вызначаецца па заключэнні аб незалежнай ацэнцы, зробленай рыначным метадам, і згодна з дагаворам аб куплі-продажы, заключаным з прадаўцом кватэры або дома. Немалаважна, што пры выдачы банкам крэдыту крэдытаатрымальнік мае права ўключыць у свой сукупны даход даходы ўсіх родных, якія знаходзяцца з ім у блізкай роднасці і сваяцтве, — мамы, таты, братоў, сясцёр, бацькоў мужа або жонкі. Так, пры кошце жылля да 40 тысяч беларускіх рублёў чысты сукупны даход усіх членаў сям’і павінен скласці да 1200 рублёў. Заўважу: менавіта чысты даход. Ён разлічваецца як заработная плата да выплаты мінус расходы на ўтрыманне дзяцей да 18 гадоў, камунальныя і мабільныя плацяжы, расходы на транспарт, а таксама плацяжы па іншых крэдытах. Штомесячны плацеж у такім выпадку немалы — каля 900 рублёў у месяц. Але тут ёсць ільгота па яго адтэрміноўцы на паўгода незалежна ад складу сям’і крэдытаатрымальніка. Можна напісаць заяву ў банк і плаціць на працягу 6 месяцаў толькі працэнты.

— Ці патрэбны для атрымання крэдыту паручыцелі?

— Так, іх павінна быць не менш чым два чалавекі. У ролі паручыцеляў могуць выступіць не толькі блізкія родныя крэдытаатрымальніка, але і любыя іншыя асобы, якія згодныя несці аднолькавую з ім адказнасць перад банкам. Тут магчымы два варыянты. Пры фінансаванні максімальнай сумы — да 90% ад кошту жылля — паручыцельства дзвюх фізічных асоб абавязкова, а кватэра або дом у далейшым адыходзяць у іпатэку “Белаграпрамбанку”. У выпадку фінансавання да 70% пасля перадачы жылля ў іпатэку (прыблізна праз паўгода) дагаворы паручыцельства можна скасаваць. І нават калі вы ўзялі крэдыт на суму да 90%, дагавор паручыцельства заключаецца не на ўсе 20 гадоў. Пры дасягненні запазычанасці па крэдыце, эквівалентнай кошту жылля на рынку, таксама магчыма яго скасаванне пры ўмове, што крэдытаатрымальнік своечасова ўносіў усе плацяжы. І яшчэ важная інфармацыя. Калі вы выступаеце паручыцелем у сваіх родных або знаёмых, гэта не значыць, што самі ў абазначаны перыяд не зможаце скарыстацца любым банкаўскім крэдытам.

— Цяпер, калі ласка, раскажыце пра крэдыт на будаўніцтва індывідуальнага жылога дома.

— Як ужо гаварыла вышэй, умовы крэдытавання тыя ж, што і для крэдыту на пакупку жылля. А вось кошт апошняга вызначаецца дагаворам будаўнічага падраду. Гэта значыць, узводзіць дом гаспадарчым спосабам (самастойна) не атрымаецца. Для будаўніцтва індывідуальнага жылога дома неабходны каштарыс, які робіць індывідуальны прадпрымальнік або прыватнае прадпрыемства, якое мае ліцэнзію на дадзены від дзейнасці. З ім заключаецца дагавор падраду на ўсе віды работ. Банк фінансуе да 90% ад кошту жылля, а тэрмін крэдытавання вагаецца ад 12 месяцаў да 3 гадоў у залежнасці ад тэрмінаў будаўніцтва. Крэдыт прадастаўляецца пад іпатэку і паручыцельства фізічных асоб. Магчыма таксама прадастаўленне ў іпатэку іншага жылля, якое маецца ва ўласнасці.

— Якім чынам пералічваецца крэдыт?

— Грошы пераводзяцца ў безнаяўным парадку. У першым выпадку яны паступаюць на рахунак прадаўца, адкрыты ў “Бел­аграпрамбанку”, у другім — на рахунак падрадчыка, адкрыты ў любым банку краіны. Плацяжы прадастаўляюцца, адпаведна, праз 10 дзён з моманту заключэння дагавора (адразу ўся сума) і па меры паступлення дакументаў аб выкананні работ.

Заўважу, што індывідуальны жылы дом можа будавацца як з нуля, так і мець нейкі працэнт гатоўнасці. Таму грамадзяне, якія пачалі будаўніцтва, магчыма, на льготных умовах, і ў іх закончылася фінансаванне, могуць звярнуцца ў наш банк па крэдыт на яго прадаўжэнне. Па жаданні кліента мы можам прафінансаваць будаўнічыя работы на 70 або 90% пасля таго, як ад­дзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама зробіць даведку аб працэнце гатоўнасці дома, якая з’яўляецца адным з абавязковых дакументаў пры прадстаўленні ў банк. Тут таксама вызначаецца сукупны даход усіх членаў сям’і, і ў залежнасці ад яго разлічваецца сума плацяжоў. Яны размяркоўваюцца роўнымі долямі (асноўны доўг), а працэнты плацяцца ад астатку. Такім чынам, чым хутчэй вы гасіце крэдыт — тым менш плаціце працэнтаў. Магчыма і прадастаўленне адтэрміноўкі плацяжу.

— Чула, што Белаграпрамбанк рэфінансуе крэдыты, узятыя грамадзянамі ў іншых банках на будаўніцтва жылля.

 — Гэта праўда. Калі вы маеце крэдыт на жыллё ў нейкім банку і ўжо пачалі яго гасіць, але плацяжы для вас дастаткова вялікія, можаце звярнуцца ў наш банк па атрыманне новага крэдыту для пагашэння старога. Тэрмін такога крэдытавання дасягае 15 гадоў, а працэнтная стаўка роўная стаўцы рэфінансавання плюс 3% і ў першыя два гады складае 13% гадавых. Для атрымання крэдыту на пагашэнне неабходны два паручыцелі або паручыцельства і іпатэка жылля ў залежнасці ад таго, які зараз у вас астатак.

— Набыўшы дом або кватэру, хочацца купіць і новую мэблю, зрабіць добры рамонт. Што ў дадзеным выпадку прапануе “Белаграпрамбанк”?

— Аформіць крэдыт на спажывецкія патрэбы. Такіх крэдытаў у нас некалькі, і ў залежнасці ад віду і тэрміну крэдытавання працэнтныя стаўкі складаюць ад 12 да 18% гадавых. Калі ў вас ужо ёсць станоўчая крэдытная гісторыя ў якім-небудзь банку, вы можаце ўзяць крэдыт на суму да 7,5 тысячы беларускіх рублёў (у залежнасці ад даходу) без паручыцельства. Калі ж ні разу не крэдытаваліся ў банку — на суму да 5 тысяч рублёў на тэрмін да 5 гадоў пад 17% гадавых. У гэтым крэдыце ёсць ільготны перыяд 180 дзён, на працягу якога стаўка складае 13%. Таксама ён аднаўляльны, выдаецца на крэдытную картку “Моцная картка”, якая будзе сапраўдная два гады. Такім чынам, вы можаце аформіць крэдыт зараз, а скарыстацца ім пазней.

Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з многімі магазінамі раёна і прадастаўляем растэрміноўку на тавары да 10 месяцаў без працэнтаў і даведак аб даходах. Магчыма, у адным з такіх магазінаў вам штосьці спадабаецца, і тады не трэба бу­дзе ўносіць плацяжы з працэнтамі.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.