Сустрэча ўдалася (+фота)


8,6

Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы ў нязвыклым фармаце нядаўна правяло дзень адчыненых дзвярэй. Звычайна, у рамках гэтай акцыі яго супрацоўнікі запрашаюць гасцей (навучэнцаў школ горада) да сябе. На гэты раз самі адправіліся на сустрэчу з дзецьмі, якія адпачывалі ў летнім лагеры пры Старадворскай базавай школе.

8,3

— Нас запрасіла кіраўніцтва лагера, — расказваў, пакуль ехалі ў машыне, старшы інспектар  групы міліцэйскай ваенізаванай вартавой аховы Вадзім Крыштафовіч. — Такія выезды на раён мы робім нячаста, але калі запрашаюць, то з задавальненнем згаджаемся. Гэта цудоўная магчымасць у нязмушанай абстаноўцы расказаць дзецям пра дзейнасць нашага аддзялення. Магчыма, хтосьці заціка­віцца і ў будучым зробіць міліцэйскую службу справай свайго жыцця.

8,2

 Пры Старадворскай школе сёлета адпачывалі 28 дзяцей. Са слоў начальніка лагера Вольгі Ярашэвіч, яны з нецярпеннем чакалі прыезду гасцей. Іна Багданава, адказная за харчаванне ў лагеры, дадае:

— У нас нядаўна збег хлопчык з прыёмнай сям’і, на яго пошукі прыязджаў кінолаг са службовым сабакам. Уразіла іх сумесная работа, і гэты выпадак падштурхнуў запрасіць да сябе супрацоўнікаў аховы з паказальнымі выступленнямі.

8,5

Міліцыянер-вадзіцель групы затрымання страявога падраздзялення міліцыі Юрый Смірноў пазнаёміў дзяцей са спецыяльнымі сродкамі, з якімі штодзённа нясуць службу міліцыянеры: стралковай зброяй (аўтаматам Калашнікава і пісталетамі), гумовай палкай, наручнікамі, шлемамі, бронекамізэлькамі. Адзін з хлопчыкаў прымерыў на сябе камплект ахоўных шчыткоў, так званую “чарапаху”. Звычайна, такую экіпіроўку міліцыянеры выкарыстоўваюць на мерапрыемствах з вялікім скапленнем людзей, дзе могуць узнікнуць масавыя беспарадкі.

Затым дзецям далі час, каб кожны, хто пажадае, патрымаў у руках зброю, прымерыў шлем ці бронекамізэльку, задаў міліцыянерам пытанні і, канешне, каб адпавядаць сучасным павевам, абавязкова зняў момант на камеру мабільнага тэлефона. Фотасесія працягнулася ў машыне аддзялення аховы. Здаецца, дзіцячаму захапленню не было межаў. Кожны імкнуўся пасядзець за рулём спецыяльнага транспартнага сродка, прымерыць міліцэйскую фуражку.

8,4

Бадай, самыя яркія ўражанні ў гэты дзень дзецям падарыла выступленне міліцыянера-кінолага групы затрымання страявога падраздзялення міліцыі Анатолія Белкіна са сваім верным чатырохногім сябрам Стэнам. Гэта службова-пошукавы сабака — адзін з найлепшых у вобласці, на яго рахунку ёсць раскрытая крымінальная справа (ён даў кірунак, дзе шукаць злачынцаў, якія здзейснілі кра­дзеж). У гадаванца Анатолія Белкіна сапраўды цудоўная вывучка. Спачатку Стэн выконваў каманды агульнага курса, якія  кінолаг падаваў яму як голасам, так і жэстамі, а пасля — спецыяльнага. У прыватнасці, сабака прадэманстраваў тактыку затрымання ўмоўнага злачынца.

8,1

У завяршэнне мерапрыемства работнікі лагера і дзеці, якія тут адпачывалі, падзякавалі супрацоўнікам Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы за візіт. Шчырыя словы на развітанне сталі найлепшай ацэнкай гэтай сустрэчы.

Тэкст і фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

no images were found

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.