У сваёй справе прафесіянал


DSCN0978

Па выніках работы за мінулы год адкрытае акцыянернае таварыства “Навасёлкі-Лучай” стала пераможцам раённага спаборніцтва па вытворчасці малака і мяса. Гаспадарка больш чым на 27% павялічыла валавы надой, на 100 гектараў сельгасугоддзяў рэалізавала 164 цэнтнеры мяса, мела 673 грамы сярэднясутачнай прывагі буйной рагатай жывёлы.

— А сёлета будзем мець яшчэ больш высокія паказчыкі, — гаварыў пры сустрэчы галоўны вет­урач сельгаспрадпрыемства Аляксандр Жытковіч (на здымку). І падмацоўваў свае словы ўласным бачаннем рэзерваў у жывёлагадоўчай галіне, якія звязвае непасрэдна са сваёй прафесійнай дзейнасцю. У прыватнасці, спасылаўся на факты павелічэння колькасці лактацый кароў на комплексах, прафілактыку захворванняў жывёлы, асаблівасці тэхналогіі лячэння… І ў гэтых сваіх разліках больш паходзіў на фінансіста, чым на ветэрынаранага ўрача.

Першае ўражанне ад размовы — вось спецыяліст, якога патрабуе сучасная вытворчасць. Прафесіянал у сваёй непасрэднай справе і, разам з тым, чалавек шырокай эрудыцыі. Умее бачыць перспектыву, лічыць грошы, разумее, як са сваёй пасады можа паўплываць на агульны вынік. Такі не застанецца ў цені кіраўні­ка ці галоўнага заатэхніка, заявіць пра сябе і будзе заўважаны. Як, дарэчы, і здарылася з Аляксандрам Юльянавічам.

Пазней сваімі назіраннямі падзялілася з галоўным ветурачом раёна Генадзем Лютынскім (зараз — першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання), які са свайго боку не шкадаваў добрых слоў для Жытковіча: “Спецыяліст ад Бога. Здараецца, не ён да нас, а мы да яго звяртаемся па кансультацыі. І не заганарыўся. Па характары мяккі, сціплы і, разам з тым, надзвычай адказны, чаго, як ні прыкра, нестае многім. Вы звярнулі ўвагу на яго рукі, папаленыя ёдам, афарбаваныя зялёнкай? Водпуску не хопіць, как адмыць іх. Вось гэтымі залатымі рукамі і галавой падтрымліваецца здароўе больш чым 6 тысяч галоў жывёлы грамадскага статка”.

Вядома, Аляксандр Юльянавіч не адзін у полі воін, мае памочні­каў. Але з часу, калі стаў галоўным ветурачом гаспадаркі, адказнасць усё ж нясе першы. Не спіша паморак ці хваробу жывёлы на цялятніц, даярак, загадчыкаў ферм і комплексаў…

— Бог ратаваў ад такой бяды, — жартоўна папляваў праз плячо Аляксандр. — Статак аздаравілі, выпрацавалі сваю методыку папярэджвання і лячэння захворванняў жывёлы на нашых фабрыках па вытворчасці малака.

Сапраўды, інакш як малочная фабрыка нельга назваць робатызаваны комплекс у “Навасёлках-Лучаі”. Вытворчасць малака тут пастаўлена на прамысловую аснову — узяць ад каровы максі­мальны надой. У такіх умовах арганізм жывёлы доўга не вытрымлівае. Яна пачынае хварэць і праз гады два-тры трапляе пад выбракоўку. Дзякуючы ў тым ліку Аляксандру Юльянавічу, на комплексе ў Навасёлках каровы ўжо 4-ай лактацыі — перыяд, калі маюць самую высокую прадукцыйнасць. Гэта, лічыць ветурач, адзін з найважнейшых фактараў павелічэння надояў.

— І кароў можна лячыць па-рознаму. У адным выпадку малако можна выкарыстаць толькі на ўнутраныя патрэбы, у другім, праўда, больш працяглым, — ад яго не адмаўляюцца перапрацоўшчыкі. Вось вам яшчэ адзін фактар, які ўплывае на таварнасць малака, а значыць, і на выручку ад яго рэалізацыі.

Свой вопыт Аляксандр Жытковіч напрацоўваў гадамі. Набіраўся яго ў Героя Cацы­яліс­тычнай Працы  Алега Адольфа­віча Валодзькі, па накіраванні якога паехаў вучыцца ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію і пад кіраўніцтвам якога пасля працаваў не адзін год, у ранейшага галоўнага ветурача гаспадаркі Аляксандра Міхалевіча, цяперашняга дырэктара Юрыя Шымчыка. Ад кожнага, кажа, пераняў штосьці карыснае, а цяпер і сам стараецца чамусьці навучыць маладых спецыялістаў.

— А павучыцца ў яго ёсць чаму і сталым урачам, і тым, хто толькі пачынае працоўную біяграфію, — гаварыў Генадзій Лютынскі. — Аляксандр Юльянавіч — віртуоз у сваёй справе. Па знешнім выглядзе жывёлы, калі хвароба толькі пачынаецца, дыягнастуе захворванне. Пры лячэнні ўлічыць фактары, якія яго выклікалі, падбярэ больш эфектыўную методыку аздараўлення.

Усё сказанае пра ветурача ААТ “Навасёлкі-Лучай” — ні кроплі не перабольшанне яго прафесіяналізму і вопыту, што пацвярджаюць і вынікі работы жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі і прысваенне Аляксандру Юльянавічу ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Тамара Пашкевіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.