Ударная канцоўка

Спорт

Футбол

ФК “Паставы-ПМЦ” — ФК “Шаркаўшчына” — 3:0

Выніковы пераканаўчы лік аднак не адлюстроў­вае характар вельмі напружанай барацьбы, бо яшчэ за 15 хвілін да заканчэння сустрэчы на табло былі нулі. У гэтым сезоне госці сур’ёзна абнавілі і ўмацавалі свой склад за кошт іншагародніх футбалістаў, паставілі перад сабой задачу змагацца за медалі. Пастаўчане выставілі двух нападаючых, упершыню змог згуляць леташні лідар атак Раман Мядзведзеў, які цяпер служыць у арміі. У першым тайме актыўней на полі выглядалі госці, але да галявых момантаў справу так і не давялі.

Пасля перапынку наша каманда загуляла хутчэй і пайшла наперад, але галкіпер і абаронцы саперніка адводзілі пагрозы ад сваіх варот. У канцоўцы госці маглі адкрыць лік, але варатар ПМЦ Яўген Лубко згуляў надзейна. Адразу пасля гэтага атакуючы паўабаронца пастаўчан Раман Пасевіч атрымаў пас ад Руслана Зелянкевіча і на хуткасці выйшаў на ўдарную пазіцыю. Да гэтага ён двойчы прыстрэльваўся, а трэцяя спроба прывяла да ўзяцця варот — 1:0. Госці паспрабавалі адыграцца, зарабілі права на небяспечны штрафны, але мяч праляцеў вышэй варот.

Акрыленых пастаўчан было ўжо не спыніць. За 7 мінут да фінальнага свістка Р. Пасевіч завалодаў мячом, удала прайшоў па левым фланзе, а Я. Ясюковіч завяршыў гэту камбінацыю. На перадапошняй хвіліне Аляксей Хмельнік патрапіў у штангу, а ў наступнай, заключнай, атацы цэнтральны абаронца пастаўчан Павел Пучынскі давёў лік да разгромнага. Няпростай перамогі дабіліся Лубко, Філановіч, Пучынскі, Жарскі (к), Мін­гі­новіч (Рапалаў), Зелянкевіч, В. Жылевіч (Чалей), Павініч (Валодзька), Пасевіч, Мядзведзеў (Хмель­нік), Ясюковіч.

Наша каманда замацавалася на 3-м месцы ў турнірнай табліцы, ад двух лідараў адстае на адно ачко. У гэтым туры глыбачане разграмілі на сваім полі з лікам 12:1 “Дзвіну-Барс” (Верхнядзвінск), а наш наступны сапернік — ФК “Міёры” — дома атрымаў валявую перамогу з лікам 4:3 над дзеючым чэмпіёнам вобласці з Лепеля. У групе “Б” зафіксаваны наступныя вынікі: “Днепр” (Дуброўна) — “Ніва” (Талачын) — 2:2, “Камунальнік” (Сянно) — ФК “Шуміліна” — 2:0. Заўтра ў 12 гадзін на гарадскім стадыёне пастаўчане правядуць заключны матч першага круга з камандай Міёр.

Уладзімір ШЫК.

На здымку: адзін з момантаў гульні.

Фота Валерыя Аляксандрава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.