Ушанавалі памяць, праславілі песняй

Местная власть

1

У панядзелак, 3 ліпеня, наш горад, як і ўся краіна, адзначыў галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

4,2

 Па традыцыі кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны і працы, воіны Пастаўскага гарнізона, кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў райцэнтра, грамадскіх арганізацый, моладзь, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Рычардавіч Зямчонак спачатку прыйшлі на плошчу імя Леніна. У гарадскім скверы ля помніка адбыўся мітынг. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Чэпік.

— Сённяшняе свята цесна звязана з яшчэ адной важнай падзеяй у гісторыі нашай краіны — вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — сказаў ён. — 73 гады назад 3 ліпеня ў ходзе буйнейшай стратэгічнай наступальнай аперацыі Савецкай Арміі пад кодавай назвай “Баграціён” была вызвалена сталіца рэспублікі — Мінск. Паставы вызвалілі воіны 145-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра П. А. Дзібровы.

В. Чэпік адзначыў, што Дзень Незалежнасці аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю сваёй Айчыны і верыць у яе годную будучыню. Гэта свята сімвалізуе гераізм, стойкасць, бяспрыкладную мужнасць і веліч духу нашага народа, які выстаяў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пабудаваў моцную суверэнную дзяржаву.

4,4

Эстафету старэйшых пакаленняў з гонарам нясуць воіны Пастаўскага гарнізона, якія свае сілы, талент і ўменне аддаюць служэнню Радзіме. Значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае раз­віццё раёна ўносіць моладзь. Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “БРСМ” праводзіць значную работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

— Свой дабрабыт мы ствараем самі, — працягваў Сяргей Васільевіч. — На Пастаўшчыне жыве руплівы народ, у нас выдатная моладзь. Разам мы зможам пераадолець цяжкасці, якія час ад часу ўзнікаюць. Усё, што маем у раёне, — вынік старання кожнага на сваім працоўным месцы. Наша будучыня — у нашых руках. Мы абавязаны зрабіць усё для таго, каб захаваць мір і прымножыць набытае.

Старшыня райвыканкама павіншаваў прысутных са святам, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця.

— Мы заўжды будзем памятаць і ўшаноўваць памяць воінаў, якія аддалі свае жыцці на франтах Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто ахвяраваў сабой дзеля таго, каб іх нашчадкі маглі мірна жыць і працаваць, — заверыла ў сваім выступленні старшыня Маладзёжнай палаты Пастаўскага раёна, член БРСМ навучэнка СШ № 4 Вікторыя Смятанка.

Ветэраны — святы прыклад стойкасці і патрыятызму. Мена­віта яны, не шкадуючы сябе, змагаліся з ненавісным ворагам, дзякуючы іх гераізму, сёння мы жывём у незалежнай краіне, пад мірным небам. На вялікі жаль, з кожным годам усё менш застаецца сведкаў тых жудасных па­дзей. Вось і на мітынгу прысутнічалі толькі Віктар Іванавіч Ашчэпкаў, Іларыён Савельевіч Русалоўскі, Барыс Дзмітрыевіч Сямашка. Ад удзячнай моладзі ветэраны атрымалі кветкі.

Беларускі народ даказаў, што ваенны подзвіг і працоўны гераізм з’яўляюцца асноўнай рысай нацыянальнага характару. Уменне плённа працаваць, любоў да роднага краю, імкненне жыць у міры і сяброўстве з іншымі народамі — гэта каштоўнасць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.

А памяць пра тых, хто загінуў на франтах і ў партызанскіх атрадах,  будзе жыць вечна. У знак вялікай пашаны кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў горада ўсклалі да помніка вянкі і кветкі. Усе застылі ў хвіліне маўчання, прагучаў салют.

Затым пад гукі марша ансамбля барабаншчыц святочная калона па вуліцы Савецкай рушыла ў гарадскі парк. На чале яе неслі сцягі Віцебскай вобласці і Пастаўскага раёна. Удзельнікаў шэсця апладысментамі сустракалі гледачы.

4,1

У парку ганаровае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Іларыёну Савельевічу Русалоўскаму, дэпутату раённага Савета дэпутатаў, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, лаўрэату  звання “Чалавек года Пастаўшчыны-2016” старшыні раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерыю Антонавічу Лушчыку і старшыні  Маладзёжнай палаты Пастаўскага раёна Вікторыі Смятанка.

4,5

 Канцэртную праграму на сцэне летняга амфітэатра песняй “Квітней, Беларусь!” адкрыў народны хор вайны і працы. Гарачымі апладысментамі сустракалі гледачы выступленні заслужанага аматарскага калектыву фальклорнага ансамбля “Паазер’е”, эстраднай групы “25 плюс-мінус”, салістаў Аляксандра Апанасевіча, Яўгеніі Бяляўцавай, Аляксандра Кандыбіна, Ірыны Іршонак. Толькі станоўчыя эмоцыі выклікалі нумары ў выкананні ўдзельнікаў вакальнай студыі “Славія” Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, узорнай вакальнай студыі “Юніта”, танцавальнага калектыву “Карамелькі” раённага Дома культуры. Упрыгожылі свята сваёй творчасцю салісткі эстраднай студыі “Аніма” Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў і вакальнай студыі “Славія” Крысціна Багушэвіч і Крысціна Клянтак, іншыя самадзейныя артысты. Цікавым атрымалася выступленне са службовым сабакам кінолагаў аддзялення Дэпартамента аховы.

4,3

Шматлюдна было ля гандлёвых палатак. Попытам карысталася наварыстая юшка ад рыбгаса “Навінкі”, вабіў апетытны пах  шашлыкоў. Панавала весялосць на дзіцячай пляцоўцы — юныя пастаўчане ўдзельнічалі ў шмат­лікіх забаўляльных гульнях.

Вечарам эстафету свята зноў пераняла плошча імя Леніна. Сапраўдным падарункам жыхарам і гасцям горада стала канцэртна-забаўляльная праграма з удзелам саліста прадзюсерскага цэнтра Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, фіналіста тэлепраекта “Акадэмія талентаў” ЛЕО-НАРДО, артысткі тэатра сатыры і гумару Раісы Падрэз і артысткі беларускай эстрады Марыі Абасавай.

У 23 гадзіны пастаўчане далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам!”, пасля якой у гарадскім парку пачалася танцавальная праграма для моладзі.

Свята атрымалася насычаным, вясёлым і надоўга запом­ніцца тым, хто прымаў у ім удзел.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 Фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ і Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.