З песняй заўсёды на «ты»

Личности

Аляксандр Кандыбін з мамай і дачушкай Вікторыяй.
Аляксандр Кандыбін з мамай і дачушкай Вікторыяй.

Сольны канцэрт Аляксандра Кандыбіна пад назвай “Для вас!” адбыўся ў раённым Доме культуры ў рамках праекта “Вечар разам”, які рэалізуецца на працягу амаль двух гадоў.

Аляксандр Юр’евіч  — начальнік Варапаеўскай дыстанцыі пуці. На гэтай пасадзе працуе з 2013 года. Чатыры гады таму яго прозвішча як салі­ста ўпершыню прагучала з раённай сцэны на агля­дзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый. Начальнік асабіста абараняў гонар дыстанцыі. Гледачоў зачаравалі яго голас, абаяльнасць, пазітыў, а журы высока ацаніла вакальныя здольнасці. З таго часу спевака сталі запрашаць да ўдзелу ў розных мерапрыемствах. Праўда, з-за вялікай занятасці на рабоце знайсці для гэтага час не заўсёды выпадае. Дата сольнага канцэрта таксама пераносілася не раз.

Першыя песні ў выкананні Аляксандра настроілі слухачоў на лірычны лад. Большасць з іх прысвячаліся каханню, таму абуджалі высокія і светлыя пачуцці. Спявак заваяваў сімпатыі і сэрцы гледачоў, а канцэртная праграма, у якой прымалі ўдзел і некаторыя творчыя калектывы Дома культуры, падарыла масу станоўчых эмоцый. Падтрымаць артыста, раздзяліць радасць поспеху прыйшлі дарагія і блізкія яму людзі: родныя, сябры, прадстаўнікі працоўнага калектыву на чале са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Верай Яўгеньеўнай Ушкур. Вера Яўгеньеўна павіншавала Аляксандра Юр’евіча з бліскучым выступленнем, пажадала далейшых поспехаў, творчасці. Галоўным гледачом і суддзёй была мама Людміла Фінадэнтаўна, якая прыехала з Наваполацка.

— Бязмежна ўдзячна ўсім, хто прыйшоў на канцэрт сына, не шкадаваў для яго апладысментаў, — гаварыла яна. — Сама працавала ў музычнай школе, таму вельмі строга ацэньвала кожную песню. Маладзец, сынок!

У свой час Людміла Фінадэнтаўна была супраць таго, каб яе сыны Саша і Дзіма ішлі вучыцца ў музычную школу, бо лічыла, што яны маюць недастаткова здольнасцей да музыкі. Хлопцы самастойна вучыліся граць на гітары, развівалі свой талент.

— Гітару асвоіў у двары сваёй шматпавярхоўкі, — дзяліўся Аляксандр. — Затым мяне запрасілі ў вакальную групу “Фортэ”, якая існавала пры Наваполацкім гарадскім Доме культуры. Музыкай, спевамі захапляўся пастаянна. Рэпертуар падбіраў і падбіраю ў адпаведнасці з настроем. З задавальненнем спяваю ў кампаніі сяброў. Песня здымае напружанне, супакойвае, я з ёй заўсёды на «ты». Выходзіць на сцэну і спяваць перад вялікай аўдыторыяй спачатку было непрывычна. З часам упэўненасці дабавілася.

У Варапаева А. Ю. Кандыбін прыехаў у 2011 годзе. Працаваў брыгадзірам пуці, намеснікам начальніка дыстанцыі. З 2013 года з’яўляецца начальнікам. У той час яму было 30. Прызнаецца, што на чыгунку трапіў выпадкова, але ўрэшце прафесія прывабіла. Завочна закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, атрымаў спецыяльнасць “Будаўніцтва чыгунак, пуць і пуцявая гаспадарка”. Зведаў работу і манцёра пуці, і брыга­дзіра. Тым не менш на пачатку кіраўніцтва калектывам няпроста было ўнікнуць ва ўсе тонкасці. У той час было не да творчасці.

— Упраўленне Беларускай чыгункі пастаянна праводзіць розныя фестывалі, творчыя вечары, конкурсы, — расказвала старшыня прафарганізацыі Варапаеўскай дыстанцыі пуці В. Я. Ушкур. — І калі спатрэбілася абараняць гонар калектыву, Аляксандр Юр’евіч мікрафон узяў у рукі без ваганняў. Поспех спадарожнічае варапаеўскім чыгуначнікам — яны пастаянна ў ліку прызёраў конкурсаў. І ў гэтым несумненная заслуга кіраўніка. Аляксандр Юр’евіч надзвычай таленавіты і сціплы чалавек. Яго голас заварожвае.

На завяршэнне сольнага канцэрта Аляксандра Кандыбіна дырэктар Дома культуры А. Б. Чарнюк па­дзякавала яму за цудоўны вечар і ўручыла адпаведны сертыфікат, выказала на­дзею на новую сустрэчу на сцэне.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.