Заяўка на медалі

Спорт

Адзін з момантаў  гульні.
Адзін з момантаў гульні.

ФК “Паставы-ПМЦ” — ФК “Міёры” — 6:1

Напярэдадні гаспадары сур’ёзна ўзмацнілі свой склад, дазаявілі траіх землякоў з дубля наваполацкага “Нафтана” і вопытнага Яўгена Грантоўскага. Аднак на пачатку сустрэчы госці сур’ёзна патрывожылі абарону ПМЦ. Гаспадары поля са стартавым націскам міярчан справіліся, а на 6-й хвіліне самі правялі імклівую контратаку, і з перадачы Арцёма Цітовіча лепшы бамбардзір пастаўчан Раман Пасевіч адкрыў лік. Праўда, неўзабаве госці зарабілі права на пенальці, які рэалізаваў іх снайпер Віталь Смалякоў — 1:1. Пасля гэтага наша каманда мела яшчэ моманты вызначыцца, сапернік таксама мог выйсці наперад. Перад свістком на перапынак пашчасціла пастаўчанам, калі Руслан Зелянкевіч моцна прабіў штрафны ўдар, а мяч падправіў ва ўласныя вароты абаронца з Міёр Вадзім Шокель.

У другім тайме наша каманда стала дамінаваць. На 48-й мінуце капітан Аляксандр Жарскі са сваёй паловы поля дакладна адпасаваў на Яўгена Ясюковіча і той ударам галавы павялічыў розніцу ў ліку. Затым А. Цітовіч метраў з сарака забіў прыгожы гол у верхні вугал варот. На сапраўдным куражы пастаўчане ўзмацнілі свой націск, а хуткі і тэхнічны Р. Пасевіч абыграў некалькі сваіх апекуноў і зноў вызначыўся. Да гонару гасцей, яны не змірыліся з сумным развіццём падзей, арганізавалі некалькі небяспечных атак, а нападаючы Арцём Драздовіч прабіў у перакладзіну.

Але пастаўчане кантралявалі ход гульні, выпусцілі на поле рэзервістаў, і за 10 хвілін да канца матча адзін з іх, Аляксей Хмельнік, устанавіў канчатковы лік на табло. У гэтай сустрэчы вельмі парадавалі сваіх прыхільнікаў Лубко, Голубеў, Жарскі (к), Пучынскі, Філановіч (Хмельнік), Пасевіч (М. Якаўлеў), Зелянкевіч (Рапалаў), Павініч (Чалей), Цітовіч (Жылевіч), І. Якаўлеў (Камісарчук), Ясюковіч (Мядзведзеў). Чацвёртая запар перамога вывела нашу каманду на другое месца ў турнірнай табліцы, адно ачко яна саступае лідару, “Полацкгазу”.

У гэтым туры пачалане абыгралі 3:0 “Дзвіну-Барс” (Верхнядзвінск), а ўпарты паядынак у Глыбокім з чэмпіёнам, ФК “Лепель”, завяршыўся ўнічыю з лікам 0:0. Ва ўсходняй групе “Б” адбыўся адзін матч. Талачынская “Ніва” дома з лікам 2:0 перамагла каманду з Бешанковіч. Пасля невялікага перапынку адновяцца гульні другога круга чэмпіянату паралельна з розыгрышам Кубка вобласці, у якім “Паставы-ПМЦ” не бяруць удзел. Неўзабаве стане вядомы каляндар далейшых гульняў пастаўчан, якія цяпер рэальна прэтэндуюць на медалі.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.