Зязюльчыны слёзы


12-iyulya-zakony

Бацькоўства. Мацярынства.  Высокія словы, якія да многага абавязваюць. На жаль, для некаторых  яны толькі пусты гук, а іх дзеці застаюцца без належнай увагі і догляду, трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча і, заканамерна, пад апеку дзяржавы.

У адносінах да грама­дзян, якія дапускаюць такое, прымяняюцца розныя меры ўздзеяння. Самая жорсткая — пазбаўленне бацькоўскіх правоў. І ў той жа час шанс вярнуцца да нармальнага сямейнага жыцця даецца кожнаму. Але не ўсе жадаюць ім скарыстацца, з-за чаго трапляюць у катэгорыю абавязаных асоб, якім трэба выконваць пастановы суда. Аднак яны ўпарта працягваюць ад іх ухіляцца.

Жыхарка адной з вёсак раёна М. мела пяцёра дзяцей. Па ч. 1 арт. 205 Крымі­нальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь раней асуджана за крадзяжы з адтэрміноўкай пакарання. У адносінах да чатырох дзяцей (самага меншага, трохгадовага хлопчыка, гадуе біялагічны бацька) пазбаўлена бацькоўскіх правоў. На падставе вызначэння аб судовых загадах была абавязана пакрываць расходы, панесеныя дзяржавай на ўтрыманне яе дзяцей. Гэтага яна не рабіла, за што і была зноў асуджана па ч. 2 арт. 174 да пазбаўлення волі. Пакаранне адбыла. На працу ўладкавалі, далі магчымасць наладзіць жыццё, каб паклапаціцца пра дзяцей самой. Не захацела. Больш за тое, будучы абавязанай асобай, прагуляла больш за 10 рабочых дзён (у цэлым — 24) на працягу трох месяцаў. У цэлым з-за сваіх паводзін не поўнасцю выканала абавязкі па штомесячных пералічэннях на агульную суму 88 рублёў 78 капеек. У адносінах да грамадзянкі зноў была ўзбу­джана крымінальная справа, якая нядаўна разглядалася ў судзе.

На судовым пасяджэнні грамадзянка М. прызнала сваю віну, пацвердзіла, што дапускала прагулы без уважлівых прычын. Памер нявыкананых штомесячных абавязацельстваў па пакрыцці расходаў не аспрэчвала. Патлумачыла, што з ёй праводзілася прафілактычная работа, была афіцыйна папярэджана аб крымінальнай адказнасці па арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, аднак зноў дапускала прагулы з-за ўжывання спіртных напіткаў. Добраахвотна расходы на ўтрыманне дзяцей не пакрывала.

Дзеянні абвінавачанай былі кваліфікаваны як ухіленне ад пакрыцця расходаў, панесеных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, з маючай месца няяўкай на працу на працягу дзесяці і больш рабочых дзён за тры месяцы. Віну абцяжарыла тое, што злачынства здзейсніла асоба, якая раней парушала закон і судзімасць з якой не знята і не пагашана.

Суд назначыў М. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год і адзін месяц з адбыццём яго ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і з прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Грамадзянка была ўзята пад варту ў зале суда.

Н. МАКСІМОВІЧ, суддзя.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.