Ацанілі самым высокім балам

Общество

IMG_6165

У мінулую пятніцу на базе нашага раёна прайшло пасяджэнне секцыі Рэспубліканскага метадычнага савета па пытаннях удасканалення  сацыяльнага абслугоўвання і ўкаранення інавацыйных тэхналогій сацыяльнай работы ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь А. А. Румак, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама М. Р. Кашапаў, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў.

Начальнікаў упраўленняў сацыяльнай абароны, дырэктараў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на Пастаўшчыну запрасілі невыпадкова. У чэрвені ва ўстановах сацыяльнай сферы нашага раёна пабывала міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь І. А. Касцевіч. Яна дала высокую ацэнку рабоце сацыяльнай службы раёна і менавіта па яе ініцыятыве праходзіла гэта выязное пасяджэнне.

IMG_6181

Утульнасць плюс міласэрнасць

Гасцей вітаў старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Чэпік. Затым яны накіраваліся ў Лынтупскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. На пляцоўцы перад будынкам сваю работу прэзентавалі Лепельскі, Шумілінскі, Ліёзненскі, Бешанковіцкі, Дубровенскі, Міёрскі тэрытарыяльныя цэнтры. Тлумачэнні давала начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама В. М. Астапенка. Высокіх гасцей пастаяльцы віталі песняй, а Ніна Сцяпанаўна Каравацкая, якая доўгі час тут пражывае, паднесла намесніку міністра прыгожы каравай. Экскурсію па аддзяленні правяла яго загадчыца Надзея Тадэвушаўна Гатоўская. Яна расказала пра ўмовы пражывання, тыя заняткі, якія тут праводзяцца, прафілактыку розных захворванняў. Асаблівая ўвага была звернута на прафілактыку дэменцыі. Госці былі ўражаны ўтульнасцю пакояў для пражывання, прыгажосцю прылеглай тэрыторыі.

IMG_6186

Кожнаму — занятак па душы

Наступным прыпынкам стаў Лынтупскі філіял Пастаўскага ТЦСАН. Яго загадчыца Алена Аляксандраўна Валасевіч расказала пра  тэхналогіі і паслугі, якія аказваюць аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.  Тут  сваю работу прэзентавалі  і іншыя тэрытарыяльныя цэнтры Віцебскай вобласці. Намеснік міністра ўнікаў у работу, задаваў пытанні, у сацыяльных работнікаў пацікавіўся ўмовамі іх работы, аб’ёмам аказваемых паслуг, адлегласцю паміж вёскамі, у якіх пражываюць падапечныя, засяродзіў увагу на занятках, якія праводзяцца ў аддзяленні.

Затым маршрут пралёг у Пастаўскае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Тут удзель­нікаў пасяджэння чакалі прадстаўнікі Аршанскага, Чашніцкага, Полацкага, Наваполацкага, Шаркаўшчынскага і іншых ТЦСАН вобласці.  Яны паказалі майстар-класы па прафілактыцы многіх захворванняў, расказалі пра ўзаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі.

IMG_6275

З удзелам вучоных

Пленарнае пасяджэнне прайшло з ­удзелам навуковых работнікаў.  Начальнік вучэбна-метадычнага аддзела інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава В. І. Канопліч расказала пра падрыхтоўку кадраў для сацыяльнай службы. “Мінуў той час, калі сацыяльнымі работнікамі маглі працаваць выпадковыя людзі, — гаварыла яна. — Цяпер мы маем магчымасць даць патрэбныя веды, навучыць рабоце з пажылымі людзьмі. Недастаткова прынесці падапечнаму вады, купіць  прадукты і  лякарствы, аплаціць паслугі. Пажылога трэба выслухаць, даць неабходную параду. Сацыяльны работнік у нейкай ступені з’яўляецца псіхолагам. Спецыя­лістамі не нараджаюцца, іх трэба рыхтаваць. Гэта і ёсць задача нашай навучальнай установы”.

З цікавасцю прысутныя  слухалі выступленне доктара медыцынскіх навук, прафесара, старшыні Беларускага рэспубліканкага геранталагічнага грамадскага аб’яднання А. М. Ільніцкага, які гаварыў пра эмоцыі, памяць і харчаванне ў пажылым узросце. Доктар хімічных навук, прафесар, загадчыца аддзела лекавых рэчываў Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук  З. І. Куваева пазнаёміла з новымі распрацоўкамі ў сферы аздараўлення пры паталогіях мозгу, сэрца, суставаў у пажылым узросце. Пра ўзаемадзеянне ўстаноў аховы здароўя і ТЦСАН па прадастаўленні паслуг дзённага догляду грамадзян пажылога ўзросту расказаў намеснік галоўнага ўрача Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы А. В. Дарафееў.

А на завяршэнне прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў Віцебшчыны паказалі яркі флэшмоб.

IMG_6347

Падводзячы вынікі

— Форум вельмі змястоўны, — дзяліліся ўражаннямі яго ўдзельнікі. — Станоўчых эмоцый ад убачана безліч. Паставы — параўнальна невялікі гарадок, а сацыяльная служба тут вельмі развітая. Адчуваецца, што на чале кожнага падраздзялення — прафесіяналы, людзі, якія не проста з адказнасцю выконваюць сваю работу, але і любяць яе, з вялікай міласэрнасцю адносяцца да падапечных. Ідэальныя ўмовы створаны для пражываючых у аддзяленні кругласутачнага знаходжання, мноства цікавых мерапрыемстваў праводзяцца для тых, хто наведвае аддзяленні дзённага знаходжання. Пажылыя людзі тут знаходзяць занятак для душы, адчуваюць сябе запатрабаванымі, актыўна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, іншых мерапрыемствах. Работу сацыяльнай службы ацэньваем самым высокім балам.

— У  рабоце кожнага тэрытарыяльнага цэнтра ёсць свае методыка і асаблівасці, — гаварыў, падводзячы вынікі пасяджэння А. А. Румак. — Пастаўскі ТЦСАН  — наватар ва ўсім. Тут шырокая інфраструктура, наладжаная работа кожнай. На высокім узроўні знаходзіцца сацыяльнае партнёрства, развіта валанцёрская работа. Упэўнены, што работнікі сацыяльнай службы з іншых ТЦСАН рэспублікі пачэрпнулі для сябе ў Паставах шмат новага і карыснага і з часам змогуць укараніць гэтыя навінкі ў сябе.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.