Без права на асечку

Спорт

Капітан пастаўчан Аляксандр Жарскі вядзе барацьбу за мяч.
Капітан пастаўчан Аляксандр Жарскі вядзе барацьбу за мяч.

ФК “Шаркаўшчына” — ФК “Паставы-ПМЦ” — 2:3

На выездзе пастаўчане правялі сустрэчу з двума нападаючымі і да перапынку дыктавалі сваю волю апаненту. Склад нашай каманды быў даволі збалансаваны, яна змагла наладзіць камбінацыйную гульню, і ў адной з атак з перадачы Віталя Жылевіча адкрыў лік Арцём Цітовіч. А неўзабаве ён аддаў вывераны пас на Яўгена Ясюковіча, які падвоіў перавагу пастаўчан. У пачатку другога тайма яны крыху стаміліся, страцілі канцэнтрацыю і дазволілі гаспадарам скараціць розніцу ў ліку. Толькі пасля прапушчанага гола госці зноў загулялі энергічна і завалодалі гульнявой ініцыятывай. У іх сталі ўзнікаць галявыя моманты, але А. Ці­товіч прамахнуўся з убойнай пазіцыі, а паўабаронца Раман Пасевіч не рэалі­заваў два свае выхады на вароты шаркаўчан. Праўда, неўзабаве пастаўчане дабіліся свайго, правялі наладжаную камбінацыю і з перадачы Руслана Зелянкевіча Я. Ясюковіч накіраваў мяч у верхні вугал варот — 1:3. Здавалася, што вынік сустрэчы вырашаны, але гаспадары ў канцоўцы скарысталіся памылкай абаронцаў пастаўчан. І ўсё ж госці давялі няпросты паядынак да перамогі і з 17 набранымі ачкамі стомленыя, але задаволеныя вынікам вярнуліся дамоў Лубко, Голубеў (Казлоў), Жарскі (к), Дубін, Міснік, Пасевіч, Зелянкевіч, Карага (к) (Хмельнік), Жылевіч (Валодзька), Цітовіч, Ясюковіч. Наш наступны сапернік, ФК “Лепель”, на сваім полі разграміў з лікам 7:1 каманду Глыбокага, а гульню палачан з міёрцамі перанеслі на 3 верасня. Барацьба за выхад у фінальны раўнд бу­дзе весціся да заключнай сустрэчы першага этапа першынства, а пакуль ва ўсходняй групе “Б” матчы завяршыліся так: “Газавік” (Віцебск) — “Камунальнік” (Сянно) — 1:1, “Ніва” (Талачын) — “Днепр” (Дуброўна) — 4:1, ФК “Бешанковічы” — “Прамень” (Гарадок) — 1:1.

Уладзімір ШЫК.

Фота Антона ЧАЛЕЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.