Чуласць людзей дае сілы жыць


52934

Мікалай Ільіч Лысоў з Варапаева патэлефанаваў галоўнаму рэдактару райгазеты з просьбай прыслаць  да яго карэспандэнта. І вось я па ўказаным адрасе.

Стукаю ў дзверы, а суседзі тлумачаць: “Чалавек ва ўзросце, да таго ж інвалід першай групы, таму чакайце цярпліва, пакуль адчыніць”. Гаспадар цікавіцца тым, хто да яго прыйшоў, радуецца, што з “Пастаўскага краю”, і запрашае ў дом.

— Літаральна некалькі гадзін таму прыязджала Дзіяна Іванаўна Пякарская, прывезла мне новенькую каляску, — дзеліцца з парога навіной. — Цяпер будзе лягчэй дабірацца туды, куды захачу. А ўвогуле, хацеў падзякаваць усім за ўвагу і клопат.

М. І. Лысоў родам з Тамбоўшчыны. Яму споўнілася толькі 18, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Юнак папрасіўся на фронт. Ваяваў у разведцы. Больш за 70 гадоў жывём пад мірным небам, а ветэран у дэталях памятае франтавыя дарогі, разгром фашысцкай групіроўкі пад Кёніг­сбергам, фарсіраванне Віслы, вызваленне Варшавы і Берліна.

Пасля Перамогі трапіў у Вільнюс. Меў вялікую цягу да ведаў, таму паступіў у вячэрнюю школу, затым у тэхнікум. А ўрэшце закончыў эканамічны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта. 52 гады адпрацаваў на адным з заводаў.

— У Беларусь трапіў выпадкова, — расказваў. — У Чорнае выйшла замуж дачка. Прыязджаў да яе. Спадабалася Варапаева. Прадаў пад Вільнюсам дачу, купіў тут жыллё. Атрымаў від на жыхарства. Старасць у мяне забяспечаная. Прыемна адчуваць клопат з боку мясцовай улады, сацыяльнай службы.

Паколькі М. І. Лысоў інвалід першай групы, яму  назначаны работнік, які ажыццяўляе пастаянны догляд. Вольга Шыцько наведвае свайго падапечнага па некалькі разоў на дзень. У доме і каля яго парадак. У планах гаспадара зрабіць яшчэ невялікі рамонт.

— З Дзіянай Іванаўнай абгаварылі дэталі, — апавядаў ветэран. — Абяцала аказаць садзейнічанне. Прыемна, калі кіраўнікі розных ведамстваў з цеплынёй і ўвагай адносяцца да простага чалавека. Заўсёды выслухаюць мяне і ў Варапаеўскім сельвыканкаме. Медыцынскія паслугі атрымліваю ў Варапаеўскай раённай бальніцы. Вось так склаўся лёс, што мае расій­скія карані прараслі на беларускай зямлі. Хоць мне ўжо больш за 90 гадоў, цікаўлюся падзеямі і навінамі. З задавальненнем слухаю радыё. Рад сустрэчы з пасялкоўцамі. Практычна нічога не бачу, але сэрцам адчуваю людскую дабрыню. У Варапаеве мне добра і камфортна. Чуласць чужых людзей дае сілы жыць.

На здымку: М. І. Лысоў на мітынгу, прысвечаным Дню Перамогі.

 

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.