Да ста тон зерня ў дзень


Караліна Хацяновіч і Ігар Павініч.
Караліна Хацяновіч і Ігар Павініч.

“У панядзелак едзем у “Хацілы-агра”, каб паглядзець, як працуецца байцам нашага студэнцкага атрада. Далучайся”, — прапанавалі першы і другі сакратары райкама ГА “БРСМ” Іна Каралёва і Вераніка Казлоўская.

І вось імчым на аўтамабілі ў гаспадарку. Пытаюся, ці многа сёлета ўдалося працаўладкаваць моладзі і чым займаецца.

— Шчыра кажучы, як ніколі мала, — адказвае Іна. — У мінулыя гады падчас жніва ў раёне дзейнічалі мінімум тры атрады, зараз толькі адзін. У яго ўвайшлі 19 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 гадоў. Гэта і школьнікі, і навучэнцы каледжа, і студэнты. Усе яны шчыруюць у адной гаспадарцы, пераважна на сушцы зерня. Мы вельмі ўдзячныя яе кіраўніку Вячаславу Іосіфавічу Крыштафовічу за тое, што заўсёды ідзе нам насустрач: ахвотна праца­ўладкоўвае моладзь, стварае неабходныя ўмовы.

Падыходзім да зернясклада ў Хацілах. Там Валерыя Таяновіч, Караліна Хацяновіч і Ігар Павініч падмятаюць сушылку, спрытна арудуючы венікамі. Маладзёжныя лідары прапануюць ім зрабіць невялічкі перапынак, каб пагуляць у дартс ды папазіраваць перад фотакамерай. Пагаджаюцца  неахвотна, маўляў, трэба працаваць. Але азартная гульня міжволі захоплівае: з кожным разам трапіць у мішэнь становіцца лягчэй, узрастае пачуццё задаволенасці.

— Культурна-забаўляльная частка абавязковая? — пытаюся ў дзяўчат.

— Разумеем, што ўсе тут для таго, каб зарабіць, цэняць кожную хвіліну, таму імкнёмся не аднімаць многа часу, — тлумачыць Вераніка. — Такія сустрэчы праводзяцца ў адпаведнасці з планам ідэалагічнай работы, мерапрыемствы якога складзены па рэкамендацыях рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў. Напрыклад, у мінулы раз мы расказвалі моладзі гісторыю студатрадаўскага руху, пра яго карысць і неабходнасць дзяржаве.

Пра тое, што падчас жніва можна добра падзарабіць, гаворыць і студэнт Полацкага ўніверсітэта пастаўчанін Ігар Павініч. У складзе студэнцкага атрада ён працуе трэці год запар. З першай заработнай платы набыў мабільны тэлефон, другую патраціў на навучанне ў аўташколе, на што скарыстае трэцюю, пакуль не вырашыў.

Вядома, грошы плацяць не за так — трэба прыкласці намаганні. З гэтым, а таксама з дысцыплінай у студатрадаўцаў, са слоў загадчыцы склада Марыны Яўгеньеўны Скрыдлеўскай, праблем няма. Іх асноўныя абавязкі — разраўноўваць і пералапачваць зерне, загружаць яго ў машыну, прыбіраць падлогавыя сушылкі. Усе спраўляюцца выдатна.

Юрый Хацяновіч, Антон і Валерый Курто.
Юрый Хацяновіч, Антон і Валерый Курто.

Працоўны тыдзень моладзі ад 14 да 16 гадоў не павінен перавышаць дваццаці трох гадзін, 16-18-гадовай — трыццаці пяці. Падаходны падатак з іх заробку не ўтрымліваецца. 4% юнакі і дзяўчаты пералічваюць на развіццё студатрадаўскага руху раёна.

На развітанне — невялічкія сувеніры моладзі ад райкама БРСМ. Такі ж падарунак уручаем і сястры Валерыі Таяновіч — Анастасіі, якая занятая на вагавой. Дарэчы, гэта не адзінкавы прыклад, калі дзеці з адной сям’і працуюць у студэнцкім атрадзе. Не марнуюць дарэмна час Пётр і Маргарыта Лаўрыновіч, Караліна і Юрый Хацяновіч, Антон і Валерый Курто. Трох апошніх сустракаем на зерняскладзе ў Целяках. Хлопцы ведалі, што мы павінны прыехаць, і з нецярпеннем чакалі. Таму і ахвотна пагаджаліся шукаць удалыя ракурсы для фотаздымкаў, расказвалі пра жыццё-быццё. У сярэднім за дзень разам з дарослымі яны даводзяць да парадку каля ста тон зерня. Сцвярджаюць, што працаваць не цяжка і нават весела. Чаму тут дзівіцца, калі яны прывучаны да фізічнай працы з дзяцінства, дапамагаюць бацькам па гаспадарцы.

— Калі быў меншы, часта бегаў назіраць, як працуе моладзь на зерняскла­дзе. Не мог дачакацца, калі споўніцца 14 гадоў, каб і самому да іх далучыцца, — дзяліўся Юра. — Гэта мой першы працоўны сезон. Мару за ўласныя грошы купіць ­камп’ютар.

А кажуць, зараз моладзь не тая, што была раней…

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.