Для зручнасці і захавання біялагічнай разнастайнасці


SAM_2089

Пастаўчанку, якая нядаўна паехала ў кашыцкі лес у пошуках грыбоў, зацікавіла, чаму некаторыя дрэвы ў ім пазначаны чырвонай або белай фарбай. А тое, што вялікія ўчасткі лесу высечаны, яе абурыла. “Чаму так?” — звярнулася з пытаннем у рэдакцыю.

Па нашай просьбе тлумачэнні дае ляснічы Груздаўскага лясніцтва, на тэрыторыі якога знаходзіцца і кашыцкі лес, Аляксей Аляксандравіч Драгун:

— На тэрыторыі нашага лясніцтва амаль 11 тысяч гектараў лесу. Штогод праводзяцца высечкі. Іх аб’ём вызначае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Гомельлеспраект”. Лесаўпарадкавальныя экспедыцыі раз у 10 гадоў выязджаюць у канкрэтны лясгас і намячаюць інвентарызацыю ляснога фонду, праектаванне лесагаспадарчых мерапрыемстваў і выраб планава-картаграфічных матэрыялаў.

Сёлета падышла чарга нашага лясгаса. Людзі з “Гомельлеспраекта” працавалі ў нас чатыры месяцы. Вызначылі контуры дзялянак для вырубкі, якія займаюць па 2-5 гектараў. У лясной гаспадарцы ёсць сучасная тэхніка, такая як харвестары. Яны працуюць нават у начны час, таму для арыентавання паметкі зроблены чырвонай святлоадбівальнай фарбай.

А белая фарба — для кальцавання дрэў. Пры правя­дзенні рубак спелых і перастойных насаджэнняў мы абавязаны не забываць пра захаванне біялагічнай разнастайнасці. Гэта адна з глабальных экалагічных праблем сучаснасці. Для натуральнага аднаўлення лясоў пакідаем дрэвы-веліканы (іх і кальцуем). Іх дыяметр павінен перавышаць іншыя на 60-70 працэнтаў, а вышыня — на 15. Яшчэ такія дрэвы называюць плюсавымі. Іх вызначае гаспадарчая каштоўнасць. У тым ліку ўстойлівасць да шкоднікаў, хвароб і неспрыяльных фактараў асяроддзя, характар плоданашэння. Гэта могуць быць дрэвы рэдкай для дадзенай тэрыторыі пароды. Пакідаем іх для натуральнага аднаўлення лясоў (дзесяць дрэў на гектар).

Часта пасля высечкі ў лесе пакідаецца і так званая “мёртвая” драўніна: паваленыя вятрамі або трухлявыя дрэвы, пні натуральнага паходжання. Сухастой і буралом з’яўляюцца домам для многіх відаў насякомых, грыбоў, імхоў, лішайнікаў. Убяром ламачча — загіне ўсё, што там жыве. Пакідаем і дрэвы з дупламі. Яны — месца гнездавання дзятлаў, соў, рэдкіх птушак і нават некаторых звяркоў.

Што да высечак, то яны планавыя і будуць прадаўжацца. З часам на іх месцы высадзім маладыя дрэўцы.

Запісала Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.