Другая мама з садка

Личности

IMG_3025

Ёй у прамым сэнсе гэтага слова становіцца для малышоў Таццяна Любаміраўна Жогла. Педагог амаль з 30-гадовым стажам. Выхавальнік дзіцячага сада №1 “Крынічка”, што ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай у Паставах.

У “Крынічку” Таццяна Любаміраўна прыйшла практычна з яе адкрыццём — у студзені 1990-га — пасля заканчэння Полацкага педагагічнага вучылішча. Ды так і засталася тут, маючы на сённяшні дзень усяго адзін запіс у працоўнай кніжцы.

—  Як і большасць дзяўчынак, у дзяцінстве я марыла быць настаўнікам, — расказвала яна. — Пазней зразумела, што хачу працаваць менавіта з дашкольнікамі. І, як аказалася, гэта маё. З гадамі толькі больш пераканалася ў правільнасці прафесійнага выбару. Канешне, работа выхавальніка няпростая. Але калі дзеткі цягнуцца да цябе, абдымаюць, калі бачыш, як свецяцца іх вочы, усе цяжкасці адразу забываюцца.

Самае важнае ў рабоце з дзецьмі, на думку педагога, любіць іх і бачыць у кожным асобу. Не падаўляць маленькага чалавека сваім аўтарытэтам, а дапамагчы яму развіць станоўчыя якасці. Выхавальніка Т. Л. Жогла параўноўвае з чараўніком, які павінен умець усё: і зацікавіць малых, і спяваць, і танцаваць, і маляваць. Гэтаму і многаму іншаму навучылася ў садку.

— За 27 гадоў мне давялося працаваць з дзецьмі рознага ўзросту, — працягвала мая суразмоўца. — Але асабліва падабаецца са старэйшымі дашкольнікамі. Яны больш усвядомлена адносяцца да выхавальніка, адчуваюць цябе, разумеюць, не даюць засумаваць, прымушаюць вучыцца разам з імі. Ад іх атрымліваеш большую аддачу і лепш бачыш вынік сваёй работы. З малышамі ж галоўнае — пашкадаваць, абняць, прыгалубіць, каб ім было камфортна. Цікава назіраць за тым, як яны растуць і з тваёй дапамогай становяцца самастойнымі: вучацца апранацца, трымаць лыжку. Кожны, нават маленькі поспех выхаванцаў вельмі натхняе.

Колькім хлопчыкам і дзяўчынкам Таццяна Любаміраўна аддала часцінку сваёй душы, немагчыма злічыць. Многія з іх, стаўшы дарослымі, памятаюць выхавальніцу, вітаюцца пры сустрэчы. А яна ў адказ цікавіцца іх справамі. Цёплыя адносіны складваюцца і з бацькамі дзетак, якія нярэдка просяць адміністрацыю сада запісаць малых менавіта ў групу Т. Л. Жогла. Некаторыя самі раней былі яе гадаванцамі.

Шмат добрых слоў пачула пра педагога ад намесніка загадчыка ўстановы па асноўнай дзейнасці Н. П. Кісялёвай. Наталля Паўлаўна характарызавала сваю падначаленую як адказнага, працавітага і творчага чалавека, выдатнага спецыяліста, якога любяць дзеці, цэняць і паважаюць у калектыве. Адзначыла таксама, што з мінулага года Таццяна Любаміраўна з’яўляецца кіраўніком школы маладога выхавальніка. У ёй дзеліцца з калегамі з усіх садоў горада, якія робяць першыя крокі ў прафесіі, вопытам правядзення заняткаў, зносін з бацькамі і іншымі сакрэтамі. Пры гэтым сама працягвае ўдасканальвацца ў прафесійным плане. Пастаянна шукае ў інтэрнэце нешта новае, што можна прымяніць у рабоце, перыядычна пераглядвае мультфільмы, каб размаўляць з дзецьмі на адной мове і лепш іх разумець.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.