Надвор’е спрыяе, людзі стараюцца

Местная власть

Камбайнеры Валянцін Браніслававіч Жамойдзь і Віктар Фёдаравіч Атрахімовіч.
Камбайнеры Валянцін Браніслававіч Жамойдзь і Віктар Фёдаравіч Атрахімовіч.

Сонечныя, цёплыя дні дабавілі настрою хлебаробам. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Сцяг Перамогі-агра” жніво пакуль вядзецца выбарачна — у залежнасці ад паспявання зерня. Тым не менш па стане на 11 жніўня тут убрана 33,3 працэнта плошчы (па раёне — 24,8).

— Сёлетняя ўборачная не падобная на папярэднія, — расказваў галоўны аграном гаспадаркі Ігар Турон, для якога гэта адзінаццатае жніво. —  Надвор’е не песціла пасевы, нераўнамернае паспяванне збожжа не дазваляе разгарнуць работы ў поўную сілу. Вільгацямер пастаянна пад рукой — пробы бяру з кожнага поля. У нас слабая сушыльная гаспадарка, і давесці збожжа да нормы няпроста. Але і на карані сушыць не выпадае: сёння сонца, заўтра можа пайсці дождж. Выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвіліну. Вырашчаны ў няпростых умовах хлеб трэба ўбраць у сціслыя тэрміны і зберагчы. Не хапае механізатарскіх кадраў. Дзякуючы распараджэнню райвыканкама, да нас камандзіраваны некалькі чалавек з гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый. Старанне людзей — немалаважны фактар у любой справе, а на жніве тым больш.

І. Т. Турон (справа) з вадзіцелем Віталіем Смаляковым.
І. Т. Турон (справа) з вадзіцелем Віталіем Смаляковым.

Работай камбайнераў галоўны аграном задаволены. Прыкладам служаць мясцовыя Віктар Граблеўскі, Віктар Чыпко, Аляксандр Дзюшко. Яны маюць не па адным дзясятку гадоў стажу, дасканала ведаюць сваю справу. Эфектыўна ўбіраюць збожжавыя Валянцін Жамойдзь і Віктар Атрахімовіч. Першы працуе ва­дзіцелем хуткай дапамогі ў цэнтральнай раённай бальніцы, другі — у ДЭУ-33. Вяскоўцам ва ўборцы ўра­джаю дапамагаюць не першы год. Валянцін Браніслававіч родам з Са­лаўёў (цяпер гэта землі ААТ “Сцяг Перамогі-агра”), і ў гаспадарцы яго штогод чакаюць на падмогу. Віктар Фёдаравіч у мінулыя гады  шчыраваў у Андронах. Сёлета накіравалі ў Юнькі. Землі новыя, а старанне нязменнае.

— Настрой баявы, — гаварылі камбайнеры-гараджане. — Пастаяла б надвор’е і не падвяла б тэхніка, а астатняе ў нашых руках. Раўняцца ёсць на каго.

Адвозкай збожжа на зерняток з года ў год займаюцца Віталій Смалякоў і Юрый Квач. МАЗы з прычэпамі могуць умясціць тры бункеры збожжа. Дарога да зернясклада блізкая, і яны спраўляюцца адвозіць збожжа.

— Сяўба азімага рапсу сёлета па тэрмінах супа­дзе з уборачнай, — гаварыў галоўны аграном. — Таму палеткі адразу за камбайнамі вызваляюцца ад саломы. На прэс-падборшчыку рупіцца Сяргей Кавальскі. Ён жа займаецца і нарыхтоўкай сена. На ўздыме зябліва заняты тры трактары, на якіх працуюць Ягор Борыс, Аляксандр Кундра і Аляксандр Грузд.

Механізатары Аляксандр Кундра і Аляксандр Грузд.
Механізатары Аляксандр Кундра і Аляксандр Грузд.

Радзіма апошняга — Шаркаўшчынскі раён. Хлопец нарадзіўся і вырас у сялянскай сям’і, закончыў пастаўскі каледж, атрымаў прафесію механізатара, а затым паступіў на другую ступень навучання — на тэхніка-механіка. Прыняў прапанову дырэкцыі каледжа на канікулах папрацаваць на трактары.

— Тэхніку люблю з дзяцінства, — расказваў. — З 13 гадоў пры бацьку яе асвойваў. Самастойна працаваў падчас праходжання вытворчай практыкі. Выпрацоўка, канешне, не такая, як, напрыклад, у больш вопытнага калегі, механізатарскі стаж якога дзесяць гадоў, але стараюся.

За плугамі з дыскатарамі ідзе Віктар Жукаў. Ён рыхтуе глебу да сяўбы азімага рапсу. У мінулую пятніцу Іван Маісееў засеяў гэтай культурай першыя гектары.

ААТ “Сцяг Перамогі-агра” сёлета трэба ўбраць 1086 гектараў зерневых і зернебабовых, з іх 471 — пшаніцы, 168 — трыцікале, 197 — ячменю, 80 — аўса, 170 — зернебабовых.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.