Па справядлівасці


IMG_1063

3 жніўня ў памяшканні Варапаеўскага сельвыканкама правёў асабісты прыём грамадзян памочнік Прэзідэнта  — інспектар па Віцебскай вобласці Аляксанр Рыгоравіч Пазняк. На прыёме прысутнічалі начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Віцебскага аблвыканкама Ілона Уладзіміраўна Шульга, старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Чэпік і старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч.

На прыём запісалася ажно 19 чалавек, таму замест дзвюх запланаваных гадзін ён доўжыўся амаль тры з паловай. Заяўнікі былі розныя: тактоўныя, разгубленыя, звышэмацыянальныя. Але кожнага прадстаўнік Прэзідэнта выслухоўваў уважліва, задаваў удакладняльныя пытанні, дэталёва ўнікаў у сітуацыю.

Большасць пытанняў мелі прыватны характар, але былі і грамадскай значнасці. Да прыкладу, пра нездавальняючую якасць вады ў гарпасёлку, што паступае з водаправода і ў шмат разоў перавышае ўтрыманне жалеза. Заяўнікі  прынеслі калектыўнае пісьмо за 40 подпісамі і, як пацвярджэнне сваіх слоў, паўлітровы слоічак іржавай вады.

— Вырашэннем гэтай праблемы мы займаемся даўно, — патлумачыў С. В. Чэпік. — Прычыны затрымкі будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў тым, што, па-першае, на гэта не было сродкаў, а па-другое, ніяк не маглі атрымаць дазвол кіраўніцтва Беларускай чыгункі на ажыццяўленне праколу пад чыгуначнымі пуцямі для пракладкі пад імі водаправода. Зараз тэхнічны дазвол атрыманы, і трэба вызначыцца з крыніцай фінансавання. На ўзвядзенне станцыі спатрэбіцца 600 тысяч рублёў. Такіх сродкаў у раённым бюджэце няма. Пакуль з яго выдзелена 20 тысяч на выраб каштарыснай дакументацыі. Без дапамогі вобласці не абысціся.

Памочнік Прэзідэнта ў прысутнасці заяўнікаў правёў перамовы з патрэбнымі абласнымі і рэспубліканскімі службамі і запэўніў, што сродкі на будаўніцтва ў Варапаеве станцыі абезжалезвання будуць выдзелены вобласцю ўжо ў наступным годзе. Значыць, у 2018-ым адна з найгалоўнейшых праблем гарпасёлка вырашыцца.

Хвалюе пасялкоўцаў і тое, ці будзе адноўлена работа мясцовага завода жалезабетонных вырабаў, што дало б магчымасць працаўладкавання дзясяткам чалавек, з чым у Варапаеве вялікія праблемы. Павінен запрацаваць. Зараз прадпрыемства выстаўлена на аўкцыён, есць патэнцыяльныя пакупнікі, якія абяцаюць запусціць  завод у дзеянне яшчэ да канца бягучага года.

Узнімалася пытанне перадачы Варапаеўскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу з балансу УП ЖКГ на баланс аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яно павінна вырашыцца станоўча. Па крайняй меры, упраўленне спорту і турызму аблвыканкама падтрымала такую ініцыятыву.

Яшчэ адзін зварот — абсталяванне аўтобуснага прыпынку ў гарпасёлку. Аказалася, гэта ёсць у планах філіяла “ДРБУ-132” і будзе зроблена да 1 лістапада.

Некалькі чалавек прыходзілі па дапамогу ў працаўладкаванні, вырашэнні жыллёвых пытанняў, па пытаннях утрымання аліментаў, назначэння пенсіі, медыцынскага абслугоў­вання і іншых.

Падводзячы рысу пад прыёмам, А. Р. Пазняк пракаменціраваў яго так: “Пытанні вельмі розныя па значнасці, але прэзідэнцкая вертыкаль павінна ўнікаць ва ўсё, ставячы на першы план чалавека, разабрацца ў сітуацыі, зразумець заяўніка і дапамагчы яму. А калі такой магчымасці няма — растлумачыць гэта. У аснове ўсяго павінна ляжаць праўда”.

Кіруючыся праўдай і дзеючым заканадаўствам, прадстаўнік Прэзідэнта прызнаў прэтэнзіі асобных заяўнікаў неабгрунтаванымі і адмовіў у іх задавальненні. Аднак абсалютную большасць зваротаў трэба будзе выканаць. І як бы складана ні прыходзілася, ажыццяўляць гэта даводзіцца мясцовай ула­дзе.

Фаіна КАСАТКІНА.

Рost scriptum. 7 жніўня Прэзідэнт даў згоду на назначэнне Аляксандра Рыгоравіча Пазняка старшынёй Аршанскага раённага выканаўчага камітэта.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.