Праявім дабро і міласэрнасць

Общество

vschkool11

Штогод напярэдадні навучальнага года раённы камі­тэт ГА “БРСМ” і ГА “Беларускі саюз жанчын” праводзяць дабрачынныя акцыі “У школу з добрым сэрцам” і “Збяром партфель разам”. Іх галоўная задача заключаецца ў аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі шмат­дзетным і няпоўным сем’ям, а таксама тым, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах і маюць цяжкасці пры падрыхтоўцы дзяцей да школы.

— Улічваючы, што з райкамам БРСМ мы працуем у адной звязцы, сёлета вырашылі аб’яднаць гэтыя дзве акцыі ў адну, — расказвала старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Марына Нагановіч. — Гэта дазволіць ахапіць дапамогай максімальную колькасць сем’яў і выключыць такія выпадкі, што кагосьці мы наведаем двойчы, а каго — ні разу.

— Кожнае дзіця хоча прыйсці ў школу з новенькімі прыгожымі сшыткамі, ручкамі, вокладкамі для падручнікаў, — падключаецца да размовы другі сакратар РК ГА “БРСМ” Вераніка Казлоўская. — Але, на жаль, далёка не ўсе бацькі могуць гэта купіць. Не сакрэт, што падрыхтаваць школьніка — справа затратная. Таму мы запрашаем усіх жыхароў Пастаўшчыны прыняць актыўны ўдзел у нашай дабрачыннай акцыі па зборы канцылярскіх і спартыўных прылад, тавараў для дзіцячай творчасці, навучальных дапаможнікаў і мастацкай літаратуры, школьнага ­адзення і абутку.

Паўдзельнічаць у акцыі могуць усе жадаючыя. Яе арганізатары падкрэсліваюць, што не абавязкова рэчы павінны быць новымі. Акрамя падарункаў для школьнікаў, з тымі, хто мае патрэбу, можна падзяліцца і цацкамі, сталовымі прыборамі ці нават мэбляй і бытавой тэхнікай. 

Р.S. Рэчы прымаюцца штодзённа (акрамя суботы і нядзелі) у Пастаўскім раённым выканаўчым камітэце, у 55-м і 70-м кабінетах (трэці паверх). Тэл. для даведак: 2-39-71, 5-59-62.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.