Спорт і турызм крочаць поплеч

Общество

IMG_3048

Станіславу Уладзіміравічу Чымбургу — 29. Паспяхова складваецца кар’ера — ён з’яўляецца намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Радуе сям’я — стаў шчаслівым мужам і татам. Захапляе работа — заўсёды ў пошуку і творчасці. З ім наша гутарка. 

— У вас не характэрнае для Пастаўшчыны прозвішча. Адкуль родам будзеце?

— Мая радзіма — гарадскі пасёлак Лагішын Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Тата працуе інжынерам па тэхніцы бяспекі ў сельгаскааператыве, мама — швачка. Маю старэйшых брата і сястру. Наша сям’я трымала вялікую гаспадарку, мела шмат зямлі, таму працы хапала ўсім. Многа часу праводзіў у дзядулі з бабуляй. Яны мяне многаму навучылі. На жаль, абаіх ужо няма ў жывых, але заўсёды ўспамінаю іх з вялікай удзячнасцю.

— Як выбіралі прафесію?

— У мяне была цвёрдая мэта — паступіць ва ўніверсітэт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Рыхтаваўся настойліва, але здарылася непрадбачанае. У даведніку для абітурыентаў значылася, што для паступлення ў гэты ўніверсітэт трэба здаваць тэсты па матэматыцы і рускай або беларускай мове, а ў самой ВНУ — фізіку і фізкультуру. Я і прыехаў з сертыфікатамі па ўказаных прадметах. Але аказалася ўсё наадварот — гэтыя прадметы належала здаваць ва ўніверсітэце, а тэсты патрабаваліся па фізіцы і рускай або беларускай мове (рэдактары даведніка дапусцілі ў ім памылку). Сертыфіката па фізіцы ў мяне, натуральна, не было, таму дакументы не прынялі. Было крыўдна да слёз: столькі вучыўся, займаўся спортам, прайшоў медкамісіі, адпаведныя службы праверылі на прыгоднасць — і ўсё дарэмна. Прыйшлося тэрмінова пераарыентавацца. У той год на педагагічным факультэце Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівер­сітэта ўпершыню набіралі групу па спецыяльнасці “Фізічная культура. Пачатковая адукацыя”. Туды і паступіў.

— Што далі студэнцкія гады?

— Веды, далейшае фізічнае развіццё, сяброўства. А самае галоўнае — знаёмства з дзяўчынай, якая потым стала жонкай. Аднойчы мы з сябрам прыйшлі ў студэнцкі інтэрнат да яго дзяўчыны пагля­дзець фільм. А ў яе была такая чароўная суседка па пакоі! Убачыў Вераніку — і сэрца зайшлося ад яе прыгажосці. Было гэта на пачатку трэцяга курса. Пачалі сустракацца. Вераніка вучылася ў нашым універсітэце на эканамічным факультэце. Атрымаўшы дыпломы, ажаніліся. Планавалі застацца ў Баранавічах, бо мелі там шмат сяброў, знаёмых, падабаўся сам горад. Але рабочага месца мне па спецыяльнасці не знайшлося. Таму паехалі на ра­дзіму Веранікі — у Паставы.

— Не шкадуеце, што адбыўся такі паварот лёсу?

— На першым часе было не зусім камфортна — у Паставах у мяне ні родных, ні сяброў, ні знаёмых. Да таго ж жылі на здымнай кватэры. Затое была работа. Вераніка пайшла працаваць у райспажыўтаварыства. Мне пашанцавала з тым, што мелася вакансія намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, і начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Васіль Аляксеевіч Захарэвіч узяў мяне. Праз год стаў яе дырэктарам.

— А ці спартыўная сучасная моладзь?

— Спартыўная. Дзеці і падлеткі маюць усе магчымасці для развіцця. У спартшколе дзейнічаюць аддзяленні валейбола і лёгкай атлетыкі, у фізкультурна-спартыўным клубе “Атлант” — секцыі футбола, валейбола, фітнеса, ёгі, плавання, трэнажорная зала. Выбі­рай што пажадаеш. Плата за заняткі невысокая. Мы ро­бім усё, каб прыцягнуць да спорту як мага больш маладых людзей. І многія займаюцца гадамі, дабіваюцца добрых вынікаў, вельмі перспектыўныя ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, некаторыя папаўняюць школу алімпійскага рэзерву. Але ёсць і вялікая перашкода — усё больш узрастае залежнасць падлеткаў ад сацыяльных сетак. Пагрузіўшыся ў віртуальнасць, ім зусім не да спартыўных заняткаў. А спорт — гэта не толькі фізічнае, але і эмацыянальнае развіццё. Ён дае магчымасць адчуць смак перамогі, і ў дзіцяці або падлетка падымаецца самаацэнка. Пра гэта павінны памятаць бацькі і заахвочваць сваіх дзяцей да заняткаў спортам.

— Як падтрымліваеце сябе ў форме?

—  Фізічнай працай і спортам. Паўтара года назад справілі наваселле — самі пабудавалі дом. Мне ніколі не падабалася жыць у кватэры. Па прыездзе ў Паставы ратавала тое, што бацькі жонкі мелі свой дом, а ў ім і ля яго заўсёды шмат працы, у якой я ахвотна дапамагаў. На шчасце, у мяне поўнае ўзаемаразуменне з Грыгорыем Арсенцьевічам і Ірынай Антонаўнай. Яны мне замянілі бацькоў. Мае маці і тата далёка. І хоць я іх вельмі люблю і даражу імі, бачыцца выпадае рэдка. А тут зносіны пастаянныя.

Што да спорту, то вечарам кожную сераду мы, кіраўнікі спартыўных падраз­дзяленняў і арганізацый, збіраемся на ФАКу і з поўнай аддачай гуляем пяць партый у валейбол, а потым да 22 гадзін — у футбол.

— Назавіце самыя яркія падзеі ў жыцці.

— Заканчэнне ўніверсітэта, уступленне ў шлюб, уваходзіны ва ўласны дом, нара­джэнне сыночка. Ён у нас з’явіўся на свет у студзені бягучага года і напоўніў наша жыццё яшчэ большай любоўю. Найвялікшае шчасце — трымаць Антошку на руках, бачыць яго ўсмешку, знаходзіць у ім свае і Веранічыны рысы. Кожную вольную хвілінку (а яны знаходзяцца толькі вечарам) спяшаюся пазабаўляцца з сыночкам.

— Вяртаемся да работы. Раскажыце, калі ласка, як узнікла задума ператварыць урочышча Азёркі ў спартыўна-турыстычны аб’ект?

— Не толькі жыхарам раёна, але і вобласці, краіны Азёркі былі вядомыя як ся­дзіба Зюзі Паазерскага. Мне таксама, але, як ні парадаксальна, ні Зюзю, ні калядныя і навагоднія прадстаўленні з яго ўдзелам я ніколі не бачыў. Ну, а само месца вельмі падабалася. Калі прыязджаў у Азёркі, заўсёды думаў, што ў такім маляўнічым месцы можна абуладкаваць нешта прыцягальнае. Заходзіў у інтэрнэт і праглядваў, дзе ёсць што новае ў развіцці спорту. Заці­кавіў “вяровачны гарадок”. Пра яго было шмат артыкулаў, відэаролікаў, станоўчых водгукаў. Такі гарадок цудоўна ўпішацца ў Азёрках — загарэўся ідэяй і пайшоў да намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Мікалаевіча Кісялёва, а потым разам з ім — да тагачаснага старшыні райвыканкама. Віктар Сяргеевіч Гутараў падтрымаў на ўсе сто працэнтаў і параіў не абмяжоўвацца толькі “вяровачным гарадком”, а прапанаваць людзям у Азёрках большы спектр паслуг. У далейшым ён асабіста курыраваў гэты аб’ект, дапамагаў і парадамі, і фінансаваннем. Зараз адчуваем не меншую зацікаўленасць і падтрымку Сяргея Васільевіча Чэпіка.

— Абуладкаванне Азёрак фінансавалася з раённых сродкаў?

— Напачатку толькі з раённых. Але восенню 2015 года Пастаўшчыну наведаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў і не абмінуў сваёй увагай Азёркі. Кіраўніку вобласці спадабалася як само месца, так і тое, што тут ужо было зроблена. Паабяцаў падтрымку. І неўзабаве з абласнога бюджэту на развіццё нашага спартыўна-турыстычнага комплексу быў выдзелены мільярд рублёў (недэнамінаваных), які мы вельмі хутка асвоілі. 13 жніўня мінулага года адбылося ўрачыстае адкрыццё аб’екта. І хоць гэта было напрыканцы лета, людзей у Азёрках пабывала нямала. Тады мы мелі толькі «вяровачны гарадок» і спуск троляў над возерам.

— Ведаю, што ў абуладкаванні спартыўна-турыстычнага комплексу ўдзельнічалі работнікі не толькі вашай установы, але і многіх іншых арганізацый, прадпрыемстваў.

— Гэта сапраўды так. Не атрымалі адмовы ні ад аднаго кіраўніка. Нам дапамагалі работнікі філіялаў «ДРБУ-132», «ДЭУ-33», лясгаса, УП ЖКГ, ПМС і іншых арганізацый. Работы было шмат — ачысціць лес ад непатрэбных зараснікаў, прывесці ў праезны стан дарогу, абуладкаваць пляж, узвесці альтанкі, упрыгожыць тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі, зрабіць многае іншае.

— Можа, і самому даводзілася браць у рукі пілу або сякеру?

— А без гэтага ніяк. Трэба па праўдзе сказаць: некаторыя камандзіраваныя ў Азёркі работнікі дазвалялі сабе безадказнае выкананне даручанай справы. А калі побач з імі станавіўся я з пілой або сякерай у руках, як было адлыньваць ад работы? Мне фізічная праца ніколі не была ў цяжар. І я заўсёды кіруюся такой прымаўкай: вочы баяцца, а рукі робяць. У любой сітуацыі можна знайсці выйсце, толькі трэба прыкласці крыху больш сіл і часу.

— Нагадайце чытачам, што зараз прапануе ваш комплекс.

— «Вяровачны гарадок», спуск троляў,  гідрацыкл, дзіцячую паляну, комплекс спартыўных пляцовак, пракат спартыўна-турыстычнага інвентару. У тым ліку сёлета ўстанавілі скаладром, абуладкавалі спартыўныя пляцоўкі для гульні ў бадмінтон, міні-футбол, пляжны валейбол, пляж, пабудавалі пірс, альтанкі, кемперную стаянку, абсталёўваем “палатачны гарадок”. Але ёсць адна праблема: дно возера аказалася заглееным, і купацца там не рэкамендуецца, асабліва дзецям. Будзем зарабляць грошы, шукаць іншыя крыніцы фінансавання, каб да наступнага купальнага сезона дно ачысціць.

— Ці шмат наведвальнікаў у Азёрках?

— Нягледзячы на тое, што сёлетняе лета крайне неспрыяльнае для адпачынку па ўмовах надвор’я, у нас пабывала і бывае шмат людзей. Гэта не толькі жыхары раёна, але і госці з Мядзела, Мінска, Вілейкі. Былі індывідуальныя наведвальнікі з Польшчы, ЗША, Эстоніі, Фінляндыі. Прыезджым вельмі падабаецца натуральнасць, напрыклад звычайныя, не пакрытыя бетонам або асфальтам, лясныя сцежкі. Многія здымаюць абутак і з задавальненнем ступаюць босымі нагамі па іголках ды шышках. Немалаважна і тое, што цэны ў нас намнога ніжэйшыя, чым, скажам, у Мінску. Пастаўчане ўпадабалі браць у арэнду альтанкі, каб зладзіць там бяседу з любой нагоды: вяселля, юбілею, сустрэчы сяброў і т. п. Умяшчальнасць альтанак — ад 10 да 30 чалавек. Арэндная плата — усяго 10 рублёў.

Робім стаўку і на масавыя мерапрыемствы. Атракцыёны — гэта добра, але кіраўніцтвам краіны перад спартыўнымі арганізацыямі пастаўлена задача прыцягваць і турыстаў. Што мы і робім, развіваючы праект “Сядзіба Дзеда Бая”. Летась на касцюміраваных анімацыйных калядных і навагодніх прадстаўленнях пабывалі больш за дзве тысячы чалавек. Вясной у Азёрках святкавалі Масленіцу. І зноў каля тысячы наведвальнікаў, хоць было ўсяго тры прадстаўленні. А вось велікоднае прадстаўленне сябе не апраўдала. Нечаканую “падножку” зрабіла надвор’е — на Вялікдзень, 15 красавіка, наваліла снегу больш, чым у найвялікшую зімовую завею. Хто такім “нялётным” надвор’ем мог спакусіцца Азёркамі? Велікоднае прадстаўленне ў нас гатова, але, скажам так, не абкатана. Калі ў наступным годзе турысты пажадаюць пабачыць — пакажам.

— Як рэкламуеце паслугі спартыўна-турыстычнага комплексу?

— У снежні мінулага года і маі бягучага з дапамогай старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Іны Аляксееўны Далецкай былі арганізаваны рэкламныя туры на наш комплекс беларускіх тураператараў. Азёркі іх зацікавілі, мы атрымалі неблагую ацэнку. Ёсць дамоўленасць на далейшае супрацоўніцтва. Выступаем па радыё, на тэлебачанні, у “Пастаўскім краі”. Сёлета стварылі свой сайт. Будзем удзельнічаць у выставе “Турбізнес-2017”, якая напрыканцы верасня пройдзе ў павільёнах “Белэкспа”. Рыхтуем да яе прэзентацыю Дзеда Бая, друкаваную прадукцыю, слайды. А ў чэрвені мне пашанцавала пабываць на беларуска-літоўскім эканамічным форуме, які праходзіў у Каўнасе. У ім удзельнічалі вядучыя беларускія і літоўскія тураператары. Многіх зацікавіла прэзентацыя нашых Азёрак і прадстаўленне “Дзед Бай”. Мэр турыстычнага літоўскага гарадка Бірштэнас прапанаваў супрацоўніцтва. Абнадзейвае, што паабяцала падтрымку генеральны дырэктар “Беларустурыста” Людміла Уладзіміраўна Сінькоўская і падказала некалькі ідэй для прыцягнення  турыстаў. Пастаянна адчуваем яе і з боку нашага земляка Васіля Аляксеевіча Захарэвіча, які зараз узначальвае ўпраўленне спорту і турызму абл­выканкама.

На днях Нацыянальнае агенцтва па турызме ладзіць па Глыбоцкім і Пастаўскім раёнах азнаямленчы тур кіраўнікоў турыстычных груп з мэтай пашырэння турысцкага руху. У нашым раёне яны наведаюць Дунілавічы, Лучай, Лынтупы, Паставы і Азёркі. Мы падрыхтавалі невялікае прадстаўленне, у якім пакажам гасцям увесь турыстычны патэнцыял раёна.

— Ваша запаветная мара?

— Усе запаветныя ўжо збыліся — у мяне цудоўная жонка, чароўны сыночак, уласны дом. Пра што мару цяпер? Пра тое, каб у нашай сям’і з’явілася яшчэ і дачушка, такая ж прыгажуня, як мама. Ну, а на рабоце — ажыццявіць усё задуманае.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА.      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.