Стомленыя сонцам

Спорт

IMG_0019

ФК “Паставы-ПМЦ” – “Полацкгаз” (Полацк) – 0:2

У чарговым важным матчы каманды змагаліся не толькі адна супраць другой, але і з моцнай спёкай, бо тэмпература паветра дасягнула 31 градуса цяпла. Госці прыехалі не ў аптымальным складзе, але ў прыўзнятым настроі пасля выйгрышу Кубка вобласці. Гульня палачан пакінула моцныя ўражанні, гэты калектыў выдзяляецца на фоне іншых і мае ўсе шансы зноў заваяваць званне чэмпіёнаў Віцебскай вобласці. У пастаўчан не было двух ключавых ігракоў: апорнага паў­абаронцы Ігара Павініча і капітана Аляксандра Жарскага, які прапусціў гульню з-за перабору жоўтых картак.

Нягледзячы на гэта, у першай палове сустрэчы ў стартавым тайме на полі лепей выглядалі пастаўчане. Аднак выйсці на ўдарныя пазіцыі сапернік ім не даваў, не баяўся парушаць правілы паблізу сваёй штрафной пляцоўкі. На жаль, гаспадары не скарысталіся выгаднымі момантамі, бо пасля ўдараў Арцёма Цітовіча і Рамана Пасевіча мяч некалькі разоў прасвісцеў над перакладзінай. Пад канец першага тайма ініцыятывай завалодалі палачане. Госці правялі шэраг небяспечных атак, трапілі ў штангу, а на 43-й хвіліне намаганнямі Дзмітрыя Ягадкі адкрылі лік. Непрыемнасці нашай каманды на гэтым не скончыліся, бо моцнае пашкоджанне нагі атрымаў цэнтральны абаронца Павел Пучынскі. Ён не змог прадоўжыць гульню і нават трапіў у бальніцу.

Пасля перапынку нашай камандзе стала яшчэ больш няпроста, бо ёй выпала гуляць супраць моцнага ветру. Пастаўчане стараліся, пайшлі наперад, але А. Цітовіч з небяспечнага штрафнога ўдарыў у сценку. У сярэдзіне другога тайма Арцём, адзін з вядучых ігракоў дубля наваполацкага “Нафтана”, вымушаны быў пакінуць поле пасля моцнага ўдару па назе, і госці адразу гэтым скарысталіся. Яны правялі імклівую камбінацыю, якую завяршыў Максім Ішчанка пасля выхаду на замену. У канцоўцы пастаўчане маглі правесці мяч прэстыжу, але ўдар галавой Яўгена Ясюковіча пад перакладзіну прыняў варатар гасцей Віталь Мядзелец.

Шмат сіл аддалі на полі, але саступілі моцнаму саперніку Лубко, Мінгіновіч (Казлоў), Пучынскі (Чалей), Дубін, Міснік, Хмельнік (Жылевіч), Зелянкевіч, Карага (к) (М. Якаўлеў), Пасевіч, Цітовіч (Валодзька), Ясюковіч. Асечка пастаўчан апусціла іх на чацвёртае месца ў тур­нірнай табліцы, а глыбачане падняліся на радок вышэй за нас пасля дамашняй перамогі з лікам 3:0 над суседзямі з Шаркаўшчыны. ФК “Лепель” абыграў міёрцаў з лікам 3:1. У наступным туры пастаўчане згуляюць на выездзе ў Шаркаўшчыне, і там ім патрэбна толькі перамога, каб трапіць у фінальны раўнд чэмпіянату вобласці.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.