Свята пад шатамі соснаў


IMG_3161

Менавіта тут, у сасонніку, які з’яўляецца ўлюбёным месцам адпачынку і малых, і старых, сабраліся ў мінулую нядзелю амаль усе жыхары шостага гарадка на традыцыйны  дзень мікрараёна.

Як заўсёды, свята пачалося раніцай са спартыўных спаборніцтваў па пляжным валейболе, настольным тэнісе, шахматах і більярдзе. Для дзяцей на пляцоўцы каля маладзёжнага цэнтра “Юнацтва” ладзілася тэатралізаваная забаўляльная праграма. Сваю тэматычную пляцоўку пад назвай “Тэрыторыя бяспекі” арганізавалі ў рамках прафілактычнай акцыі “Канікулы без дыму” работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Завітаўшы сюды, можна было прайсці камп’ютарнае тэсціраванне на веданне асноў бяспекі жыццядзейнасці, паўдзельнічаць у латарэі і атрымаць невялікі прыз. Ну, а самае цікавае чакала вечарам падчас святочнай праграмы-ўшанавання, падрыхтаванай творчай камандай раённага Дома культуры.

Пра яе пачатак разам з вядучай Таццянай Кухальскай абвясціў гул верталёта АС-355 “Экюрэль” пад пілатаваннем начальніка Авіяцыйнага атрада дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы “Авіяцыя” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь палкоўніка ўнутранай службы, лётчыка першага класа Алега Васільевіча Яромы. Ён двойчы праляцеў над сасоннікам, вітаючы землякоў з нагоды Дня ваенна-паветраных сіл краіны, які адзначаўся якраз 20 жніўня. Затым борт прызямліўся на пляжы возера Задзеўскае, і на працягу гадзіны жадаючыя маглі падысці і разгледзець яго. Са сцэны ж з прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік начальніка 1-га радыётэхнічнага цэнтра па ідэалагічнай рабоце маёр Д. В. Дзевятоўскі. Дзмітрый Валянцінавіч адзначыў, што свята шостага гарадка непарыўна звязана з прафесійным святам воінаў-авіятараў, якія нямала зрабілі пры будаў­ніцтве мікрараёна. Многія памятаюць, як з аэрадрома асобнага штурмавога авіяцыйнага палка ўзнімаліся ў неба грозныя штурмавікі Су-25 і франтавыя бамбардзіроўшчыкі Су-24.

— Беларуская зямля выхавала нямала паветраных асаў, слаўных военачальнікаў, — гаварыў ён. — Больш за 2000 авіятараў прайшлі праз гарніла афганскай вайны, каля 1600 з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, звыш 400 прынялі актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Сёння справу сваіх папярэднікаў годна працягваюць воіны 1-га радыётэхнічнага цэнтра. У іх асобе дазвольце павіншаваць усіх жыхароў гарадка і пажадаць ім моцнага здароўя, дабрабыту, аптымізму, поспехаў і здзяйсненняў на карысць Радзімы, а яшчэ — чыстага неба над галавой.

40 з лішнім гадоў людзі з бла­кітнымі пагонамі на плячах неслі ў Паставах службу па ахове паветраных рубяжоў Айчыны. У памяць пра іх нядаўна на ўездзе ў наш горад быў устаноўлены новы баявы самалёт. Самае непасрэднае дачыненне да гэтага мае былы камандзір 305-га бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка, ваенны лётчык палкоўнік запасу У. У. Бараўко, якому таксама далі слова. Для Уладзіміра Уладзіміравіча і многіх іншых ваеннаслужачых, іх дзяцей Пастаўшчына стала па-сапраўднаму роднай.

Сваёй другой Радзімай лічыць яе ўрач-хірург цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Леанідавіч Лагвіненка. Нарадзіўшыся ў Данецкай вобласці ва Украіне ў сям’і вайскоўца, дзяцінства ён правёў на Чукотцы, а потым лёс прывёў у Паставы. Тут сустрэў жонку Наталлю Іванаўну, якая працуе рэнтгенолагам у ЦРБ. Прафесію медыка выбралі і дзеці Лагвіненкаў. Яшчэ адна медыцынская ­сям’я, якая пражывае ў гарадку, — Арцём і Наталля Табуновы. Ура­джэнцы Віцебска, у Паставы тра­пілі год назад па размеркаванні пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта. Арцём працуе хірургам у райбальніцы, Наталля — анестэзіёлаг, але пакуль знахо­дзіцца ў водпуску па доглядзе сына Косці, якому 1 год і 4 месяцы.

Безумоўна, людзі — галоўнае ўпрыгажэнне мікрараёна, які ў апошні час актыўна мяняецца — добраўпарадкоўваецца, прырастае новымі шматпавярховымі дамамі і жыхарамі. З іх лёсаў складваецца яго гісторыя. Радуе, што многія лёсы шчаслівыя. Як, напрыклад, у Тамары Віктараўны і Леаніда Дзмітрыевіча Іванюшавых, якія нядаўна адсвяткавалі залатое вяселле. 45 гадоў пражылі разам Павел Пятровіч і Людміла Грыгор’еўна Рагіня, 40 — Анатолій Лаўрэнцьевіч і Людміла Станіславаўна Чараваценка. 25-гадовы юбілей сумеснага жыцця адзначылі Валерый Антонавіч і Алена Валянцінаўна Слядзеўскія, Сяргей Віктаравіч і Ірына Юзэфаўна Лібікавы. Усе яны, як і згаданыя вышэй сем’і, былі запрошаны на сцэну, па­дзяліліся з прысутнымі сакрэтамі свайго сямейнага шчасця, атрымалі віншаванні ад вядучай і салістаў народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”, невялікія падарункі.

Ушанавалі таксама шматдзетныя сем’і Васілія Пятровіча і Ірыны Валер’еўны Жукавых, Андрэя Валянцінавіча і Наталлі Аляксандраўны Пабядзінскіх, якія выхоўваюць па чацвёра дзяцей, самага юнага жыхара мікрараёна Кірыла Чаркеса. Разам з імі віншаванні і найлепшыя пажаданні прымалі шчаслівыя маладажоны Яўгеній і Аляксандра Ласкутовы (яны заключылі шлюб напярэдадні, 19 жніўня), салістка групы “25 плюс-мінус” Вольга Балотнікава і яе муж Аляксей, у якіх некалькі месяцаў назад нарадзіўся сынок Марк, 120 сямей навасёлаў, што засяліліся нядаўна ў новы шматкватэрны дом. Па традыцыі адбыліся парад дзіцячых калясак і ўзнагароджанне пераможцаў спартыўных спаборніцтваў. А падарункам для ўсіх ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама стала паказальнае выступленне трэнера Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Генадзія Савосіна, які займаецца бодыбілдынгам.

Добрыя словы прагучалі ў адрас работнікаў мясцовага аддзялення паштовай сувязі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сярэдняй школы №3, магазінаў, размешчаных у гарадку. Ім і ўсім прысутным адрасавалі творчыя нумары ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК: салісты Кацярына Мацюшонак, Ангеліна Міронава, Дар’я Хвядзевіч, кларнетыст Дзмітрый Дзявятнікаў, тэатр моды “Наш стыль” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра разгарнулі побач з канцэртнай пляцоўкай сапраўдную палявую кухню, дзе бясплатна частавалі ўсіх жадаючых — а іх аказалася нямала — салдацкай кашай і чаем. Духмяныя шашлыкі, салодкую вату і папкорн, іншыя прысмакі прапаноўвалі работнікі дзяржаўнага і прыватнага гандлю.

Завяршылася свята позна ўвечары канцэртам групы “25 плюс-мінус” і дыскатэкай.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

no images were found

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.