«Сям’я — найвялікшае шчасце»

Общество

1245

Жыццярадасная, адказная, уважлівая, ініцыятыўная. Дасканала валодае арганізацыйнымі навыкамі, умее наладжваць стасункі з калегамі і кліентамі, заўсёды ў гушчыні падзей прафесійнага і грамадскага жыцця — вось далёка не поўная характарыстыка спецыяліста па арганізацыйных закупках Пастаўскага малочнага завода Таццяны Падрэз, якую пачула ад кіраўніцтва прадпрыемства.

 А падчас нашай сустрэчы ўпэўнілася ў гэтым і асабіста: дзяўчына лёгка ішла на кантакт, выпраменьвала добразычлівасць. З такім чалавекам сапраўды прыемна размаўляць. На малаказавод Таццяна ўладкавалася пасля заканчэння Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Паралельна паступіла на скарочаны тэрмін навучання ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Спецыялізацыю выбрала “Пракурорска-следчая дзейнасць”. Летась атрымала дыплом, але сферу дзейнасці вырашыла не мяняць.

— Адразу ўцягнулася ў работу, спадабаўся калектыў, — дзялілася Таццяна. — У абавязкі ўваходзіць закупка ўпаковак, абсталявання, камплектуючых, аўтамабіляў, мыйных сродкаў. Вяду перамовы з пастаўшчыкамі, заключаю дагаворы, фармі­рую дакументацыю. У нашым кабінеце шэсць чалавек, у кожнага тэлефон не змаўкае амаль ні на хвіліну. Перагаворыш столькі, што пасля працоўнага дня нават не хочацца размаўляць.

Заканадаўства мяняецца  вельмі інтэнсіўна, таму павышаць кваліфікацыю даводзіцца на разнастайных курсах. На іх Таццяна едзе з загадзя падрыхтаванымі пытаннямі. Кажа, у раёне амаль няма вузкаспецыялізаваных работнікаў па закупках, таму і пракансультавацца няма ў каго.

Паспявае займацца і грамадскімі справамі: з’яўляецца сакратаром пярвічкі БРСМ на малаказаводзе, абараняе гонар прадпрыемства на разнастайных спартыўных спаборніцтвах, што ладзяцца ў раёне.

Дома таксама аддае перавагу актыўнаму адпачынку — у цёплую пару года разам з мужам і сябрамі амаль кожныя выхадныя выязджае на прыроду, любіць плаваць. Нягледзячы на тое, што з усёй агароднінай дапамагаюць бацькі, ёсць у Таццяны з мужам і свой агарод, дзе са­дзяць неабходнае, займаюцца праполкай, збіраюць ураджай.

Пытаюся ў дзяўчыны: “У чым шчасце?”— і чую ўпэўненае: “У сям’і. Гэта найвялікшае шчасце адчыніць дзверы кватэры і адразу трапіць у цёплую хатнюю атмасферу, адчуць любоў і клопат блізкіх людзей. Я вырасла ў шматдзетнай сям’і, маю малодшых брата і сястру. З імі, татам і матуляй заўсёды дзялілася і радасцямі, і непрыемнасцямі, ніколі не было сумна альбо адзінока. Таму і ў сваёй сям’і ў перспектыве бачу не менш за трое дзетак”.   

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.