У стылі рэтра


IMG_0977

Ля дома №85 па вуліцы Ленінскай у райцэнтры немагчыма не спыніцца. Тут нібыта філіял краязнаўчага музея…

Я не толькі спынілася, але і зайшла за вароты. За што адразу ж і паплацілася — насустрач з аглушальным брэхам выскачыў сабачка і ўчапіўся зубамі ў маю доўгую спадніцу. Невядома, чым бы закончылася наша сустрэча з Васем (такая мянушка ў дварняка), калі б не падаспеў яго гаспадар. Шматразова прасіў прабачэння, дзівіўся, як я змагла адчыніць вароты, дакараў, чаму не папярэдзіла аб прыходзе, і тады не было б непрыемнасці.

Ну што ж, Вася заўзята выканаў сваю работу, а я прыступіла да сваёй — стала фатаграфаваць ды распытваць у гаспадара, што яго падштурхнула да такога рэтраафармлення дома і двара.

IMG_0983

— Сам дом і падштурхнуў, — расказваў Віктар Віктаравіч Ташчанка. — Ён пабудаваны ў 1932 го­дзе, а паглядзіце, якое моцнае бярвенне. Апрацаваў прапіткай, каб абараніць ад караедаў, і вырашыў: няхай такім і застаецца, якім быў пры бацьках і дзядах. У памяць пра іх. Не буду ні цэглай абкладваць, ні сайдынгам абшываць. А колькі старых рэчаў знайшлося! Ну, і выставіў іх на вуліцу.

Перад уваходам у двор узвышаецца брама, увянчаная пеўнем і традыцыйнымі бусламі. Пад адкрытай паветкай перад домам ад­ны рарытэты: нямецкая пішучая машынка “Оптыма”, шахцёрскі ліхтар, радыё­прыёмнік “ВЭФ”, сіфон, масіўная драўляная ступа, каромысел і шмат чаго іншага. На сцяне перад уваходнымі дзвярыма — вялізная мядзведжая шкура. “Мядз­ведзя сам застрэліў па ліцэнзіі ў мурманскіх лясах”, — не без гонару зазначае гаспадар.

IMG_1001

Ён у гэтым доме і нарадзіўся, але як пайшоў служыць у войска, так і развітаўся з Паставамі на некалькі дзесяцігоддзяў. Служыў у Польшчы, Чэхаславакіі, Расіі. Выйшаўшы на пенсію, асталяваўся ў Мінску. Але з вясны да восені жыве ў Паставах.

— У мяне яшчэ шмат задум, што зрабіць ля дома, — дзеліцца. — Буду паціху ажыццяўляць. Ды і суседні выкупіў, так што ёсць дзе разгарнуцца.

IMG_1002

Над суседнім развяваецца чырвонае палотнішча. “Што гэта азначае?”— пытаюся. І чую ў адказ: “А гэта знак павагі да нашага савецкага мінулага. Што б ні гаварылі, а ў той час шмат было добрага”.

Што да вулічнай “экспазіцыі”, то Віктар Віктаравіч Ташчанка зазначае: “Нічога з гэтага не прадаецца. Каму цікава, няхай падыходзяць і разглядаюць. Маладыя, напэўна, і не ведаюць прызначэння той ці іншай рэчы. А ведаць мінулае сваіх дзядоў і пра­дзедаў патрэбна”. Цалкам згодная з гэтымі словамі.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.