Усе дарогі прывялі ў “Рассвет”

Общество

Уладзімір Аляксеевіч і Андрэй Брыштэны.
Уладзімір Аляксеевіч і Андрэй Брыштэны.

ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі” можна смела назваць прадпрыемствам з багатымі сямейнымі традыцыямі. У яго калектыве знойдзецца нямала прыкладаў таго, калі побач з мужамі працуюць жонкі, а ўслед за бацькамі будаўнічую прафесію выбіраюць дзеці. Такая сямейнасць характэрная для Данілавых, Паўлавых, Кірплюкоў, Лешчыкаў, Рагуцёнкаў, Кухальскіх, Лазовікаў, Брыштэнаў… Што датычыць дзвюх апошніх сем’яў, то гэта ўжо сапраўдныя дынастыі, якія складаюцца з трох прадстаўнікоў двух пакаленняў.

Заснавальнік дынастыі Брыштэнаў — Уладзімір Аляксеевіч — сваю працоўную біяграфію ў МПМК-33, як тады называлася аграрна-будаўнічае прадпрыемства, пачаў у 1978 годзе бульдазерыстам. Кажа, сярод іншых арганізацый горада выбраў гэту таму, што прывабіла магчымасць хутка атрымаць добраўпарадкаваную кватэру ў новым мікрараёне МСО, дзе самі ж узводзілі шматпавярхоўкі. Але праз некаторы час перайшоў у Маладзечанскі ўчастак будаўніча-мантажнага ўпраўлення №5, якому аддаў амаль чвэрць стагоддзя. Потым працаваў у адной з вайсковых часцей, на гарадскім водаканале. А выйшаўшы на пенсію, вярнуўся ў “Рассвет”.

— Спачатку, месяцаў шэсць, быў вартаўніком, — расказваў ён. — Затым далі пагрузчык “Амкадор”, на якім ужо 5 гадоў падвожу пясок, шчэбень, розныя матэрыялы на будоўлі, раблю планіроўку ўчастка. Калі пачынаецца жніво, заняты пераважна ў сельгасфілі­яле ў Груздаве: дастаўляю зерне на склад і сушылку.

Менавіта там я і сустрэлася з Уладзімірам Аляксеевічам. Побач з ім на зернесушылцы працаваў малодшы сын Андрэй. Закончыўшы сельскагаспадарчы каледж у Гарадку па спецыяльнасці “Тэхнік-механік”, ён таксама ўладкаваўся ў “Рассвет Пастаўскі” машыністам тынковачнай станцыі. Праз год услед за бацькам перайшоў у БМУ-5, дзе адпрацаваў каля 10 гадоў. А ў 2016-ым вырашыў вярнуцца на ранейшае месца работы і мяняць яго зноў не збіраецца.

Віталій Брыштэн (у цэнтры) з брыгадай муляраў (справа ад яго брыгадзір А. С. Волкаў).
Віталій Брыштэн (у цэнтры) з брыгадай муляраў (справа ад яго брыгадзір А. С. Волкаў).

Самы вялікі стаж у “Рассвеце Пастаўскім” у старэйшага сына У. А. Брыштэна — Віталія, які тут з кастрычніка 2000 года. Выпускнік факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Полацкага дзяржуніверсітэта, да гэтага ён паспеў папрацаваць у розных падраздзяленнях Віцебскага аблспажыўсаюза. Але ў выніку лёс прывёў у родны горад, на знаёмае са слоў блізкіх прадпрыемства. Віталій Уладзіміравіч — прараб, галоўны чалавек на любой будаўнічай пляцоўцы, чыім абавязкам з’яўляецца сачыць за выкананнем і якасцю работ, захаваннем норм і правілаў будаўніцтва, своечасовай дастаўкай неабходных будматэрыялаў. За 17 гадоў пад яго непасрэдным кіраўніцтвам узведзена шмат аб’ектаў у горадзе і раёне: шэраг шматкватэрных жылых дамоў у мікрараёнах вуліцы Юбілейнай, пятага і шостага гарадкоў, жыллё на сяле, новы дом-інтэрнат у Дунілавічах, сырцэх на Пастаўскім малочным заводзе; рэканструяваны шпіталь органаў пагран­службы, ільнозавод, санаторый “Белая Русь” у Нарачы. Даводзілася працаваць таксама ў Браславе. Зараз В. У. Брыштэн зноў заняты на малаказаводзе, дзе брыгада муляраў пад кіраўніцтвам А. С. Волкава робіць новую сцяжку на пункце прыёмкі малака і мойцы машын.

Усе трое прадстаўнікоў гэтай працоўнай дынастыі вызначаюцца адказнасцю і добрасумленнымі адносінамі да сваёй справы.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.