Узрост — актыўнасці не перашкода

Культура

110

10-11 жніўня спартыўна-турыстычны комплекс “Азёркі” стаў базай для правя­дзення міжнароднага турыстычнага злёту для пажылых людзей. Удзел у ім прынялі чатыры каманды з Пастаў, Верхнядзвінска, Шаркаўшчыны і Швянчоніса.

Двухдзённы спартыўна-забаўляльны марафон пачаўся з пастраення і знаёмства, падчас якога каманды-ўдзельніцы ў творчай форме расказвалі пра сябе, узяўшы на ўзбраенне вершы, песні і дасціпны гумар. Адразу стала відавочна — з такімі энергічнымі і няўрымслівымі людзьмі сумаваць не давядзецца. 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама В. М. Астапенка, намеснік начальніка філіяла Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ “Белаграпрамбанк” Д. В. Яловік, намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто. Яны, а таксама намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С. У. Чымбург, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пастаўскага, Верхнядзвінскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Д. І. Пякарская, У. В. Валнейка, І. В. Прыстаўка ўвайшлі ў склад журы. Затым капітаны каманд узнялі дзяржаўныя сцягі, а ўсе прысутныя адпусцілі ў неба аранжавыя паветраныя шары з фірменным лагатыпам “Бел­аграпрамбанка”. На гэтым афіцыйная частка цырымоніі завяршылася.

Наперадзе — спартыўны этап. Як толькі вядучая агучвае першае заданне — прайсці па канатнай дарозе “вяровачнага гарадка”, — у стане “турыстаў” назіраецца прыкметнае хваляванне, маўляў, ці здолеем? Але перажыванні аказаліся дарэмнымі. Тых, хто адважыўся праверыць свае фізічныя здольнасці, на фінішы чакалі Малпа з бананам і безліч станоўчых эмоцый. А каб здабыць для сваёй каманды як мага болей смачных “трафеяў”, некаторыя смельчакі пераадолелі маршрут нават двойчы. Не менш спрыту і адвагі спатрэбілася камандам, каб “узяць” вяршыню скаладрома і не заблытацца ў вяровачным павуцінні. Сваю трапнасць удзельнікі дэманстравалі ў ціры, ды не так — за “залатыя манеты”, якія ім прапаноўваў выйграць каларытны Пірат са сваім верным сябрам папугаем.

Не менш відовішчным і захапляльным атрымаўся конкурс “Турысцкі быт”. Падчас яго каманды разбіліся на групы. Адны ўзводзілі турысцкую стаянку, іншыя малявалі насценгазету, астатнія сталі ўдзельнікамі “Пякельнай кухні”: гатавалі ежу на вогнішчы, якое трэба было распаліць пры дапамозе адной запалкі. Усім дасталіся розныя наборы прадуктаў, таму і гатовыя стравы былі не падобнымі адна на адну. Праўда, два падабенствы ўсё ж былі — неверагодныя водар і смак. А якіх толькі назваў ні напрыдумвалі каманды, прадстаўляючы свае супы членам журы! Яшчэ адно выпрабаванне на гэтым этапе — карвінг. Тут звычайным нажом трэба было зрабіць з кавуна невялічкі твор мастацтва. Адным фантазія падказала ўбачыць у цукровай яга­дзе твар дзядка, іншым — кошык з прысмакамі, шкатулку…

Не перадаць, колькі смеху выклікала праходжанне па “Міфічнай сцежцы”. А паклапаціліся пра гэта Баба Яга і Лясун, якія не давалі крочыць далей да таго часу, пакуль вандроўнікі не выканаюць усе іх заданні. А яны наступныя: накідаць у вядро шышак, сплесці для казачнай ліха­дзейкі вянок, праспяваць частушкі, пусціцца ў скокі і іншае. Столькі ж запалу і вяселля ўклалі ў забавы Курыца-нясушка, Чарапаха Тарціла з Бурацінам і Русалкі.

Свае творчыя здольнасці ўдзельнікі турзлёту раскрылі ў конкурсе мастацкай самадзейнасці падчас прывалу. А завяршыўся першы дзень распальваннем вогнішча дружбы і дыскатэкай.

Зранку наступнага дня каманды чакала яшчэ адно выпрабаванне — з раздадзеных ім літар неабходна было скласці слова­злучэнне “сацыяльны турызм”. З заданнем справіліся літаральна за хвіліну і далі клятву, што будуць збірацца на турзлёце кожны год.

Падвядзенне вынікаў не засмуціла нікога — усе каманды атрымалі дыпломы і падарункі. Самымі спартыўнымі прызнаны ўдзельнікі з Шаркаўшчыны, творчымі — з Верхнядзвінска, згуртаванымі — са Швянчоніса, актыўнымі — з Пастаў.

— Прыемна, што рух, які ставіць сваёй мэтай папулярызацыю турызму ў любым узросце, арганізацыю актыўнага адпачынку, прапаганду здаровага ладу жыцця, развіваецца, — гаварыла падчас турыстычнага злёту Вера Мікалаеўна Астапенка. — Ведаю, каб правесці такое мерапрыемства, трэба валодаць выключнымі арганізатарскімі здольнасцямі, прыкласці шмат намаганняў. Таму асаблівае дзякуй арганізатарам, якімі выступаюць райвыканкам, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. А ўдзельнікам старту жадаю і надалей не страчваць актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Важкі ўнёсак у развіццё сацыяльнага партнёрства і арганізацыю мерапрыемства зрабілі і спонсары. Імі выступілі дырэктары ААТ “Навасёлкі-Лучай” і рыбгаса “Навінкі” Юрый Францішкавіч Шымчык і Аляксандр Пятровіч Ліхаманаў, а таксама філіял Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ “Белаграпрамбанк” у рамках акцыі “Клопат”. А вось арыгінальны сцэнарый — заслуга загадчыцы Лынтупскага філіяла ТЦСАН Алены Валасевіч.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.