Хоць і не выйшлі ў прызёры


Удзельнікі і арганізатары «Жылінскіх сенакосаў» на «Спораўскіх».
Удзельнікі і арганізатары «Жылінскіх сенакосаў» на «Спораўскіх».

На чэмпіянат па ручным сенакашэнні нізінных балот, які ў адзінаццаты раз прайшоў у рэспубліканскім біялагічным заказ­ніку “Спораўскі”, што на тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, зарэгістрава­ліся 32 каманды. Восем з іх — удзельнікі “Жылінскіх сенакосаў”.  З пяці жаночых каманд дзве былі нашы.

Пастаўчане на “Спораўскіх сенакосах” адчувалі сябе як рыба ў вадзе: мноства знаёмых і сяброў — ад арганізатараў да ўдзельнікаў. Яно і не дзіўна: прыехалі ў чацвёрты раз, прычым тры гады запар заваёўвалі прызавыя месцы. Нашы каманды прыцягвалі ўвагу згуртаванасцю, сяброўскай падтрымкай, выручкай, маладым складам.

Спаборніцтвы пачаліся ў 11 гадзін, зусім не так, як у прымаўцы “Касі, каса, пакуль раса”. Тэрмометр паказваў 35 градусаў. Пасля жараб’ёўкі каманды, у складзе якіх па два ўдзельнікі, разышліся па сваіх участках даўжынёй 10 метраў, шырынёй — 3. Балотная трава высокая, пакручаная моцнымі дажджамі і вятрамі, таму касіць было вельмі складана. Улічвалася ж не толькі хуткасць, але і якасць работы. 

Тамаза Шэтэкауры з сонечнай Грузіі ў Паставы прывяло вялікае каханне. Ён вывучае нашы звычаі і традыцыі, у тым ліку метады ручной касьбы. Кажа, што яны адрозніваюцца ад грузінскіх, але не вельмі складаныя. У спаборніцтвах па касьбе ўдзельнічаў не першы раз. Прайшоў свой адрэзак з нядрэнным вынікам. А потым душой хварэў за напарніка Юрыя Трафімава. Літаральна ў апошні дзень здарылася непрадбачанае — касец з каманды “Паставы-гарадок” не змог паехаць на спаборніцтвы. Арганізатары ўгаварылі Юрыя Барысавіча замяніць яго.

IMG_5744

— Я не змог адмовіць, — расказваў. — Хаця ведаў, што поспеху камандзе не прынясу. Каб добра касіць, трэба гэтым займацца. Я былы вайсковец, цяпер выкладчык фізічнай культуры кале­джа. Вопыту сенакашэння ніякага. У дадатак і каса падвяла, замянілі іншай. Нерваў хапіла. Не сысці з дыстанцыі дапамаглі фізічная загартоўка і вынослівасць. Хаця было вельмі няпроста. Удзячны за маральную падтрымку членам іншых нашых каманд.

 

Валерый Каліцкі — прызёр мінулагодніх спаборніцтваў. Ён самы спрактыкаваны на касьбе балот. Сёлета ў яго камандзе, якая называлася “Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый”, быў Іосіф Галяк — пераможца “Жылінскіх сенакосаў” на стометроўцы. У руках абодвух каса паслухмяная, а вось участак дастаўся вельмі цяжкі. Разлік на ўдачнае выступленне “Наваполацкага ЗТМ” не апраўдаўся. Хаця вынік у параў­нанні з многімі нядрэнны. Крыху перавёўшы дух, вопытныя касцы ўвайшлі ў групу падтрымкі. Аксана Міхалевіч паддавала энергіі музыкай, іншыя падбадзёрвалі воклічамі “Давай! Давай! Мала засталося!”, Іосіф і Валерый па чарзе вастрылі косы ўдзельнікаў, а ўзамен перадавалі свае.  

Ігнат Хмылко.
Ігнат Хмылко.

Спёка стаяла невыносная. Пастаянна хацелася піць. З касцоў сыходзіла, напэўна, не па сем, а па семдзесят патоў. Балельшчыкі, сустрэўшы іх на фінішы, у першую чаргу працягвалі  ваду. А Тамаз Шэтэкауры нават ішоў ззаду за Аляксандрам Рубанам з каманды “Полацкія хлябцы” і, каб хоць крыху асвяжыць касца, паліваў яго галаву вадой.

Удала дэбютавала каманда Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Свой участак Аляксандр Цярэнцьеў з Дзянісам Колтанам прайшлі крыху больш чым за 24 хвіліны, намнога абышоўшы старэйшых касцоў. І вялікая заслуга ў гэтым пераможцы мінулагодніх “Спораўскіх сенакосаў” Мікалая Яльчыка, які трэніраваў хлопцаў і прадаставіў ім свае косы.

— У будучым, магчыма, удасца арганізаваць спабор­ніцтвы па сенакашэнні  паміж навучэнцамі іншых кале­джаў, — дзяліўся планамі Ю. Б. Трафімаў. — У працяг “Жылінскіх сенакосаў”, якія падтрымліваюць традыцыі ручнога сенакашэння дзядоў і прадзедаў, паспрабуем штосьці зрабіць і мы. Касьба развівае фізічна.

Л. І. Качына (злева) з П. П. Каралём (справа) і Г. І. Міхновіч.
Л. І. Качына (злева) з П. П. Каралём (справа) і Г. І. Міхновіч.

 

Прыцягвалі ўвагу журналістаў і гасцей “Спораўскіх сенакосаў” каманды “Жылінскія дзяўчаты” (у складзе Валянціны Грыдзюшка і Ванды Купран) і “Пастаўскія мамы” (Алена Хмылко, Галіна Міхновіч). Жанчыны касой  валодалі па-майстэрску, трава клалася ў роўны пракос, ззаду не заставалася ніякіх агрэхаў. Пазнаёміцца падышоў нават дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Іванавіч Качына. Ён ураджэнец тутэйшых мясцін, доўгі час працаваў галоўным інжынерам на Бярозаўскім сыраробным камбінаце. Адзначыў згуртаванасць пастаўскіх каманд, з цікавасцю слухаў пра “Жылінскія сенакосы”. 

Найцяжэй на спаборніцтвах было камандзе “Алімпійцы”, у склад якой уваходзілі Мікіта Драбкоў і Павел Драгушча са школы алім­пійскага рэзерву з Наваполацка. Хлопцы гарадскія, каса для іх інструмент новы, навыкаў сенакашэння зусім мала. Журы адзначыла іх прызам і дыпломам “За волю да перамогі”.

А вось адзінаццацігадовы Ігнат Хмылко з Казнадзеюшак Лынтупскага сельсавета і дванаццацігадовы Арцём Архіпаў з Жылінскіх Навасёлкаўскага сельсавета да вясковай работы прывычныя. Яны першыя памочнікі ў сваіх мам, якія выхоўваюць сыноў адны. Многія дарослыя па-добраму зайздросцілі ўраўнаважанасці і настойлівасці Ігната, які, як сапраўдны гаспадар, правільна закладваў касу, роўна клаў пракос і пры маральнай падтрымцы мамы, цёткі, іншых членаў каманд упэўнена дайшоў да фінішу.

Узнагароду атрымлівае каманда Пастаўскага кале¬джа ў складзе Аляксандра Цярэнцьева і Дзяніса Колтана.
Узнагароду атрымлівае каманда Пастаўскага кале¬джа ў складзе Аляксандра Цярэнцьева і Дзяніса Колтана.

Усе ўдзельнікі “Спораўскіх сенакосаў” былі заахвочаны памятнымі сувенірамі, дыпломамі, медалямі. А пераможцы атрымалі каштоўныя прызы.

— Мы вельмі ўдзячныя Пятру Паўлавічу Каралю — арганізатару “Жылінскіх сенакосаў”, нашаму ідэйнаму натхняльніку за магчымасць паездкі ў Брэсцкую вобласць, — гаварылі ўдзельнікі спаборніцтваў. — Хоць не заваявалі прызавых месцаў, але пачэрпнулі для сябе шмат карыснага, сустрэліся са знаёмымі па мінулагодніх сенакосах, цікава правялі час.

— Мы ў сваю чаргу хацелі б па­дзякаваць аматарам ручной касьбы за іх ­удзел, імкненне да перамогі, настойлівасць, — гаварыў дырэктар прыватнай полацкай фірмы  — ТАА “Вікінг”—  Аляксандр Сяргеевіч Панчышын. Вялікую падтрымку аказалі спонсары: кіраўніцтва пастаўскіх малочнага завода, дзяржаўнага каледжа, Наваполацкага завода тэхналагічных металаканструкцый. А мы ў знак удзячнасці стараемся рэкламаваць прадукцыю «Паставы-гарадок».

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.